Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 красавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Галоўная падзея апошняга дня атакаў на Югаславію - бамбаваньне галоўнага будынку югаслаўскага дзяржаўнага тэлебачаньня ў Белградзе. Бомбы трапілі ў яго, калі там працавалі людзі. Сэрбскае тэлебачаньне цяпер працуе без перапынкаў па 24 гадзіны штодня. Паводле папярэдніх дадзеных, атрыманых ад югаслаўскага агенцтва Танюг, загінула 15 асобаў, шмат паранена.

Кіраўніцтва НАТА сцвярджае, што сэрбскае телебачаньне было рупарам прапагандыскай вайны супроць альянсу НАТА, што яно распаўсюжвала хлуслівую інфармацыю, і таму стала аб"ектам атакі. Бомбы трапілі ў будынак тэлецэнтру ў той мамант, калі на экранах сэрбаў паказвалася інтэрв"ю прэзідэнта Мілошавіча для адной амерыканскай тэлекампаніі, у якім ён сцвярджаў, што ў Косаве няма ніякіх этнічных чыстак, што албанскае насельніцтва ўцякае з Югаславіі спалоханнае натаўскімі налётамі. Дзяржаўны сакратар ЗША Мэдэлін Олбрайт пракаментавала гэтыя словы югаслаўскага прэзідэнта наступным чынам.

(Олбрайт:) " Мілошавіч паўтарыў у сваім тэлевізыйным інтэрв"ю сваю вялікую хлусню аб тым, што людзі уцякаюць з Косава ў сувязі з бамбаваньнямі НАТА, а не ў выніку белградскіх этнічных чыстак. Гэта нешта новае для саміх уцекачоў, якія даюць сьведчаньні аб злачынствах, якія здзейсняюцца па загаду Мілошавіча. Міолавіч можа не прызнаваць праўду, але ён не ў стане зьмяніць яе. А праўда ў тым, што ягоныя войскі вінаватыя ў найгоршых злачынствах, здзейсненых у Эўропе на працягу апошніх 50 год".

Мінулай ноччу авіяцыя і ракетныя войскі НАТА нанесьлі адзін з самых моцных удараў па Югаславіі. Акрамя белградскага тэлецэнтру, бомбы ўпалі ў прыгарадах Белграду Панчева і Раковіца, дзе здавалася б усё магчымае і так зруйнаванае. Атакаваная была ваенная база ў Байніцы. Выбухі былі гучныя вакол паўночнага гораду Нові Сад. Тут была зьнішчаная тэлерадыёрылейная станцыя. Быў зьнішчаны таксама чыгуначны мост у гарадку Остружніца, у 25 км. на поўдзень ад Белграду. У цэнтральнай Сэрбіі пад бомбамі ўпаў у раку мост каля гораду Богутавіч. У горадзе Ужыце пашкоджаная цэнтральная пошта.

Як жа жывецца простым сэрбам пад бомбамі? Каб даведацца аб гэтым я зноў пазваніў у Белград, Александре Яксімавіч, якая працуе прафэсарам сальфеджо ў Белградскай кансерваторыі і адначасна займае пасаду члена выканкама галоўнай апазыцыйнай партыі краіны - дэмакратычнай. На маё пытаньне, ці хапае прадуктаў у крамах яна адказала:

(Яксімавіч:) "Цяпер важнейшыя прадукты ў крамы заводзяцца нармальна. Але людзі баяцца і купляюць пра запас, асабліва ў пачатку. Часам не хапае цыгарэтаў, кавы. Усюды чэргі, дзе людзі купляюць цыгарэты і падобныя рэчы. Але пакуль усяго хапае. Але ў хуткім часе галоўная праблема будзе не ў тым, што чагосьці не будзе хапаць, а ў тым, што ў людзей не будзе грошаў".

Тэлевізыйныя станцыі сьвету паказваюць амаль штодня у сваіх рэпартажах з Белграду, як там амаль пад бомбамі адбываюцца рок-канцэрты, як моладзь і не толькі моладзь, сьпявае і весяліцца каля мастоў і на плошчах і вуліцах. Дзіўнае гэта робіць уражаньне. Ці гэта час на вясельле, калі гінуць людзі? Ці гэта найлепшы спосаб паказаць сваю пагарду да натаўскіх бамбаваньняў? Александра Яксімавіч лічыць:

(Яксімавіч:) " Я асабіста лічу, што цяпер не тая сітуацыя, каб сьпяваць. Але магчыма некаторыя людзі такім чынам узбадзёрваюць сябе. Я не магу гаварыць за іншых людзей. Што датычыць мяне, я аддучаваю сябе ў пакуце, прыгнечанай, так лепш можна было б сказаць".

А як простыя белградцы паводзяць сябе пад бомамі? Ці кожную ноч даводзіцца спускацца ў бомбасховішча? Ці адчуваюць страх? Алесандра Яксімавіч працягвае:

(Яксімавіч:) "Я жыву ў той частцы гораду, дзе няма бамбаваньняў, але некаторыя мае сябры жылі ў небяспечных частках Белграду. Іх бамбавалі кожную ноч. Яны вымушаныя былі пакінуць свае дамы. Мы называем іх уцекачамі. Яны перабраліся да сваякоў, некаторыя нанялі сябе новыя кватэры, іншыя вымушаныя былі выехаць з Белграду ў больш спакойныя часткі краіны".

Акрамя непасрэднага бамбаваньня і ракетных абстрэлаў сэрбам пагражае таксама экалягічная катастрофа. Аб гэтай небяспецы Александра Яксімавіч гаворыць наступнае:

(Яксімавіч:) " У дадзены момант Белград пакутуе не толькі аб бамбаваньняў, але ад экалягічнай катастрофы, таму што вакол Белграду сканцэнтраваныя хімічныя заводы, нафтапераапрацоўчыя камбінаты, якія сталі аб"ектамі бамбаваньняў. Белградскае насельніцтва моцна напалоханае перспектывай падобнай катастрофы. У сувязі з гэтым старшыня нашай партыі доктар Зоран Джынджыч накіраваў лісты ўсім экалягічным рухам з папярэджаньнем аб магчымай катастрофе, якая можа адбіцца і на суседніх краінах"

Па телефоне з Белграду гаварыла Аляксандра Яксімавіч, член кіраўніцтва дэмакратычнай партыі Югаславіі.
Зьнішчэньне белградскага телецэнтру адбылося ўсяго некалькі гадзінаў пасля таго, як закончыліся перамовы паміж спецыяльным пасярэднікам прэзідэнта Расеі ў справе вырашэньня югаслаўскага канфлікту Віктарам Чарнамырдзіным і Слабаданам Мілошавічам. У выніку іх югаслаўскі прэзідэнт згадзіўся пайсьці на некаторыя уступнкі. У прыватнасьці Чарнамырдзін заявіў, што Мілошавіч згаджаецца на міжнародную прысутнасць у Косаве ў якасьці гаранта бяспекі уцекачоў-албанцаў, калі яны пачнуць вяртацца дамоў. Былы расейскі прэм"ер, праўда, не ўдакладніў, на які тып міжнароднай прысутнасьці згаджаецца Мілошавіч. Бо НАТА вядзе гаворку толькі пра ўзброеную прысутнасць. Але гэта зразумела, значны крок наперад да палітычнага вырашэньня канфлікту. Прыпомнім, што і НАТА адмовілася ад сваей першаснай прапановы пра тое, каб міжнародны міратворчы кантынгент уступіў у Косава толькі пад эгідай Паўночна-атлантычнага альянсу і згаджаецца на пасярэдніцтва ў рамках акцыі ААН. Гэтую натаўскую прапанову ясна расстлумачыў учора прэзідэнт Клінтан. Ён заявіў:

(Клінтан:) "Я ад самага пачатку гаварыў, што спадзяюся, каб там былі расейскія войскі, украінскія войскі, войскі з іншых славянскіх краінаў, з парваслаўных краінаў. Я ніколі не задаволюся, пакуль мы не атрымаем мандат гарантаваць бяспеку ўсіх народаў Косава, уключаючы сэрбскую меньшасць".

Новыя мірныя прапановы, выпрацаваныя пры пасярэдніцтве Расеі, напэўна будуць аб"ектам абмеркаваньня на саміце НАТА ў Вашьнгтоне. Ёсць падставы меркаваць, што яны могуць стаць асновай далейшага мірнага дыялёгу паміж НАТА і Югаславіяй.

Сёньня ў Вашынгтоне пачаліся З-дзённыя ўрачыстасьці з нагоды 50-годдзя НАТА. Урачыстасьці гэтыя адбываюцца пад акампанемэнт вайны ў Югаславіі. І косаўскі крызіс, зразумела, з"яўляецца галоўнай тэмай перамоваў у Вашынгтоне. НАТА прыйшло да вашынгтонскіх урачыстасьцяў адзіным. Але, ці захаваецца гэтае аддзінства падчас самміту? Генеральны сарктар НАТА Ксавьер Саляна ўпэўнены, што так:

(Саляна:) "Калі Эўропа хоча жыць у варунках стабільга дэмакратычнага міру, важна, каб нашыя прынцыпы перамаглі прынцыпы Мілошавіча. На нашым саміце мы прадэманструем аддзінства нашага саюзу. У нас не будзе расколу. Мы не адмовімся ад нашых мэтаў, ясных мэтаў - вывад сэрбскіх войскаў з Косава".

Паказальна, што нават краіны, якія прыхільна ставяцца да Югаславіі, нават Расея, лічаць, што для бяспечнага вяртаньня ўцекачоў патрэбная міжнародная вайсковая прысутнасць у Косаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG