Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 красавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Два тыдні таму было абвешчана, што з-пад хатняга арышту зьнікла Тамара Віньнікава. Ніякіх ейных сьлядоў пакуль ня знойдзена і, на думку нашага карэспандэнта, пошук былой банкіркі вядзецца прыкладна гэтак, як і пошук тых, хто ўхіляецца ад выплаты алімэнтаў.

Па-ранейшаму нідзе не вісяць партрэты Віньнікавай, а міліцэйскія пасты ня маюць яе прыкметаў. Праўда, да памежных пунктаў тыдзень таму ўсё ж дайшла службовая інфармацыя наконт бяглянкі. Але на працу памежнікаў гэта не паўплывала. Праверкі дакумэнтаў робяцца ў ранейшым рэжыме. "Памежныя пункты не ўзмоцненыя" - сьцьвярджаюць дасьведчаныя крыніцы.

Таксама паводле неафіцыйнай інфармацыі, справа па факце зьнікненьня Віньнікавай, якая ўзбуджаная ў пракуратуры краіны, ідзе ў звычайным тэмпе. Вядуцца допыты асобаў, якія, на думку сьледчых, маглі мець дачыненьне да факту зьнікненьня Віньнікавай, вядуцца вышукі. Гэтак, ужо апытаны былы муж Віньнікавай, Юлій Віньнікаў, і праведзены ператрус на кватэры сына Віньнікавай Сяргея.

Дарэчы, самога Сяргея Віньнікава, згодна зь неафіцыйнымі дадзенымі, сьледчым знайсьці не ўдалося. Ён быццам бы зьнік прыкладна ў той час, калі зьнікла і Тамара Дзьмітрыеўна.

Сёньня я датэлефанаваўся да жонкі Сяргея, Сьвятланы. Але ейныя адказы на мае пытаньні нічога не ўдакладнілі. І ўвогуле, мне падалося, што яна была не зусім шчыраю. Гэтак, Сьвятлана сьцьвярджала, што ня ведае, дзе Сяргей, бо сама нядаўна з'явілася, была ў ад'езьдзе. Я запытаўся - ці вядуцца пошукі мужа? На гэта Сьвятлана адказала, што нічога паведаміць ня можа. Колькі дзён няма ўжо Сяргея дома? І зноў у адказ - "Нічога сказаць не магу". Прыйшлося яшчэ раз удакладніць, зь кім я размаўляю. Жанчына запэўніла, што яна насамрэч жонка Сяргея Віньнікава, але ніякай інфармацыяй, што цікавіць журналістаў, яна не валодае.

У выніку гэтай размовы ў мяне склалася ўражаньне, што побач са Сьвятланай прысутнічаў нехта трэці.

Учора, у другой палове дня, адбыўся і допыт адвакаткі Віньнікавай, Людзьмілы Ульляшынай. Гэта ўжо другі допыт пасьля таго, як Віньнікава была абвешчаная ў вышук. Пасьля першага Ульляшына напісала скаргу ў пракуратуру і гарадзкую калегію адвакатаў. Абаронца скардзілася на сьледчых за тое, што яны перашкаджаюць ёй выконваць службовыя абавязкі, бо прымушаюць даваць паказаньні па абставінах, якія сталі ёй вядомыя як адвакату. Адказы на скаргі не прыйшлі ня тое што з пракуратуры, але і ад калегаў-адвакатаў. Між тым Ульляшына працягвае заяўляць, што па-ранейшаму лічыцт сябе абаронцай Віньнікавай. Гэтыя адносіны, заяўляе яна, можа спыніць толькі сама Тамара Дзьмітрыеўна. Дарэчы, яна істотна абмежавала свае кантакты з журналістамі, і таму не давялося высьветліць вынікі яе учорашняй сустрэчы са сьледчымі. Пачала яна даваць паказаньні ў якасьць сьведкі - ці па-ранейшаму адмаўляецца, спасылаючыся на Закон аб адвакатуры. У любым выпадку можна канстатаваць, што сьледчыя, на прыкладзе Ульляшынай, дэманструюць хоць нейкую актыўнасьць.

І апошняе. На сёняшні дзень не падцьвердзіліся чуткі пра тое, што ўцёкі Віньнікавай з-пад варты прывялі да нейкіх перастановак у сілавых структурах. Нагадаю, што тыдзень таму з'явілася інфармацыя пра тое, што нібыта зьняты з пасады кіраўнік Упраўленьня па ахове дзяржаўных установаў спадар Цесавец. Менавіта ягоныя супрацоўнікі, быццам бы, "празявалі" Віньнікаву. Аднак інфармацыю пра адстаўку Цесаўца ў МЗС не падцьвердзілі. Там аптымістычна заяўляюць, што "пошукі Віньнікавай вядуцца, і вынік - будзе".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG