Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня завяршыўся двухдзённы візыт на Беларусь міністра абароны Расеі Ігара Сяргеева. Сёньня ж маршал Сяргееў сустрэўся з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Падчас сустрэчы Лукашэнка падцьвердзіў, што дэлегацыя Беларусі не паедзе на юбілейны самміт НАТА.

Напярэдадні сустрэчы з маскоўскім госьцем Лукашэнка заявіў, што беларускія вайскоўцы ніколі ня ставілі на мэце падзяліць узброеныя сілы СССР. "Мы заўсёды абаранялі саюз Беларусі і Расеі" - патлумачыў прэзыдэнт. Ён таксама падкрэсьліў, што ягоны дыялёг з кіраўніком ваеннага ведамства Расеі павінны весьціся з улікам пашырэньня НАТА і агрэсіі Паўночна-Атлянтычнага альянсу на Балканах.

Лукашэнка заявіў, што хоча "у сувязі з узмацненьнем агрэсіі НАТА абмеркаваць паводзіны саюзьнікаў па СНД, калі іх можна так назваць".

Як вядома, якрамя Беларусі і Расеі ўсе краіны СНД маюць намер накіраваць свае дэлегацыі на юбілейны, 50-гадовы самміт НАТА. Пад час сустрэчы з маршалам Сяргеевым Лукашэнка падцьвердзіў, што беларуская дэлегацыя ня будзе браць удзел у гэтым мерапрыемстве. Па словах Лукашэнкі, гэта ёсьць узгодненая пазыцыя Беларусі і Расеі. У абурэньні прэзыдэнт назваў "так званымі" сьвяткаваньне гадавіны НАТА і нават сам юбілей.

Пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Беларусі маршал Сяргееў узяў удзел у традыцыйным паседжаньні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны дзвюх краінаў. Абмяркоўваліся, у прыватнасьці, ваенныя аспэкты рэалізацыі дэклярацыі аб далейшым яднаньні Беларусі і Расеі, якая была падпісаная ў канцы мінулага году Лукашэнкам і Ельцыным.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках свайго візыту ў Беларусь маршал Сяргееў паведаміў, што дасягнутая дамоўленасьць пра стварэньне сумеснай беларуска-расейскай вайсковай групоўкі. па словах міністра, яна будзе створаная ва ўзгодненыя тэрміны.

У выніку перамоваў Сяргеева з Лукашэнкам было таксама прынята рашэньне аб тым, што на беларускізх заводах будзе ажыцьцяўляцца зборка баявых самалётаў СУ-27.

У чацьвер міністр Сяргееў правёў інспекцыю станцыі раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе, якая будуецца ў Ганцавічах. У пятніцу ён паведаміў, што 90-96 адсоткаў працы на будоўлі станцыі ўжо выканана, і да 2000 года яна запрацуе на поўную магутнасьць.

Дыялог аб ваенным супрацоўніцтве Беларусі і Расеі будзе працягнуты на сустрэчы Лукашэнкі і Ельцына , якая адбудзецца 28 красавіка ў Маскве.

XS
SM
MD
LG