Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 красавіка 1999 г.


Працэс над верагоднымі забойцамі прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага праходзіць у абстаноўцы надзвычайнай сакрэтнасьці. Спасылаючыся на рашэньне калегіі Вярхоўнага Суда зрабіць працэс закрытым з прычыны наяўнасьці ў справе дзяржаўных сакрэтаў, у канцылярыі суда адмаўляюцца назваць нават прозьвішчы суддзяў, якія разглядаюць гэтую справу.

Як стала вядома, недапушчаныя да ўдзелу ў працэсе і прадстаўнікі назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Хрыстафэр Паніка і Надзея Дударава. Таксама адмоўлена ў выдзяленьні грамадзкага абаронцы ад Беларускага Гэльсінскага камітэту аднаму з падсудных, спадару Радзікоўскаму.

Дастаткова нязвыкла паводзяць сабе і адвакаты. Яшчэ раней супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў узялі падпіскі авб неразгалошваньні таямніцы сьледства ў адвакатаў Юрыя Пацёмкіна і Аляксандра Назарава, і тыя адмаўляліся кантактаваць з прэсай. Зараз адвакаты спасылаюцца яшчэ і на неабходнасьць захоўваць тайну судовага расследваньня і, зноў жа, не адказваюць на пытаньні журналістаў.

Між тым у прэсы і ў грамадзкасьці ўзьнікаюць падозраньні адносна захаваньня законнасьці ў справе забойства Мікалуцкага.

Напрыклад, згодна з афіцыйнай вэрсіяй, усе трое абвінавачаных уваходзілі ў злачынную групоўку, якую быццам бы стварыў былы супрацоўнік КДБ Валеры Ткачоў. Гэтая групоўка ставіла сабе за мэту перасьлед афіцыйных асобаў Магілеўскай вобласьці і нават правядзеньне тэрарыстычных актаў супраць дзяржаўных кіраўнікоў. У тым ліку - і самога прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, сьцьвярджаецца ў афіцыйным друку. Між тым, незразумела, чаму, напрыклад, сябры гэтай так званай групоўкі Янчэўскі і Радзікоўскі да арышту нават ня ведалі адзін аднаго.

Няма адказу і на пытаньне, адкуль у гэтых людзей магла ўзяцца адмысловая тэхніка для праслухоўваньня тэлефонных размоваў дзяржаўных чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню. вядома, што гэтая тэхніка знаходзіцца выключна ў валоданьні спэцслужбаў, і доступ да яе надзейна зачынены. Потым, як упраўляліся з гэтай тэхнікай абвінавачваемыя, калі яны ня мелі адпаведнай падрыхтоўкі? Сьледства сьцьвярджае, што спэцтэхнікай забясьпечыў групу тэрарыстаў былы гэбіст Ткачоў. Аднак варта заўважыць, што Ткачоў пасьля арышту ўвосень 1997 году загінуў у турме пры загадкавых абставінах. Зараз на яго, як кажуць, можна "павесіць" што заўгодна, дастаткова толькі падмацаваць абвінавачваньне больш-менш верагоднымі "фактамі".

Пра тое, як сьледства шукала гэтыя "факты", напісалі ў сваім лісьце ў Вышэйшы Суд жыхары Трэцяга-паўднёвага перавулку Магілеву - суседзі абвінавачваемага Віктара Янчэўскага. Яны сьцьвярджаюць, што сьледчыя ў размовах зь імі фактычна дамагаліся зьвестак, якія адпавядаюць афіцыйнай вэрсіі. Напрыклад, сьледчых вельмі цікавіла, як апранаўся Віктар Янчэўскі. Яны задавалі пытаньне, ці не насіў ён адзежы яркіх колераў. Між тым як на самой справе Янчэўскі апранаўся толькі ў цёмнае. Гэткія адказы сьледчых чамусьці не цікавілі, , заўважаюць аўтары ліста. "Мы пераканаліся, што сьледства шукалі не аб'ектыўную інфармацыю, а зьвесткі, якія б падцьвярджалі патрэбную сьледчым вэрсію" - пішацца ў лісьце. Вынік гэтага звароту невядомы - ліст адасланы некалькі месяцаў таму.

Суд пачаўся, а грамадзкасьць пазбаўленая магчымасьці назіраць за тым, як расьледуюцца самая гучная справа апошніх гадоў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG