Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 1999 г.


Дзесятак актывістаў беларускай лігі сэксуальных меншасьцяў "Лямбда" правялі сёньня ў Менску пікет супраць парушэньня ў Беларусі правоў геяў і лесьбіянак. Амаль ва ўсіх сваіх бедах беларускія прыхільнікі нетрадыцыйнага сэксу вінавацяць улады і праваслаўную царкву.

Удзельнікі пікету, які адбываўся пад лёзунгам "Правы геяў і лесьбіянак - гэта таксама правы чалавека", патрабавалі ад міністэрства юстыцыі неадкладнай рэгістрацыі лігі "Лямбда". А таксама дэманстравалі сваё абурэньне адкрыта гамафобнымі, на іх думку, выказваньнямі некаторых прадстаўнікоў беларускага Экзархату расейскай праваслаўнай царквы.

Як патлумачыў лідар беларускіх сэкс-меншасьцяў Эдвард Тарлецкі, улады пад рознымі надуманымі прычынамі вось ужо дзевяты месяц адмаўляюць лізе "Лямбда" ў рэгістрацыі. На думку Тарлецкага, беларускія ўлады проста кіруюцца састарэлымі савецкімі стэрэатыпамі і ня хочуць прызнаваць відавочны факт існаваньня ў Беларусі прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.

Тым часам незарэгістраваная ў Беларусі ліга геяў і лесьбіянак ужо прынятая ў Міжнародную Асацыяцыю сэксуальных меншасьцяў "Ілга", якая мае статус назіральніка пры штаб-кватэрах Эўрапейскага Саюзу, Рады Эўропы, АБСЭ, ААН і іншых міжнародных арганізацыяў.

Прадстаўнікі лігі "Лянда" лічаць, што ў беларускім грамадзтве адмыслова нагнятаецца атмасфэра нецярпімасьці да сэкс-меншасьцяў, і адной з першых у барацьбу супраць геяў і лесьбіянак уступіла праваслаўная царква.

У сакавіку ў Менску адбылася канфэрэнцыя пад назовам "Наступствы міжнародных праектаў палавога выхаваньня", арганізаваная беларускім Экзархатам рускай праваслаўнай царквы і факультэтам тэялогіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Некаторыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы, паводле словаў актывістаў лігі "Лянда", называлі гомасэксуалістаў "служкамі д'ябла" і нават заклікалі караць іх сьмерцю на электрычным крэсьле.

Гаворыць прэзыдэнтлігі "Лямбда" Эдвард Тарлецкі.

(Тарлецкі:) "Яны падтрымліваюць гамафобныя настроі ў Беларусі, і вядома, што ў мінулым годзе былі забітыя ня менш як два дзесяткі геяў толькі з той прычыны, што яны - геі. І ў такіх выказваньнях праваслаўных сьвятароў - а яны трансляваліся і па радаё рэспубліканскім - яны падтрымліваюць такія настроі і і могуць справакаваць іншыя злачынствы супраць такіх людзей".

Геі і лесьбіянскі сёняшняй акцыяй жадалі гэтаксама паказаць, што яны - не злачынцы, а такія ж людзі, як і іншыя. Гаворыць актывістка лігі сэкс- меньшасьцяў Анжэліка Міхайлава:

"Мы не гвалтоўцы, мы не фашысты, мы нармальныя людзі, члены нашага грамадзтва. Мы спакойна ставімся да царквы, але мы жадалі б, каб і царква таксама ставілася да нас нармальна".

Менскія мінакі па-рознаму рэагавалі на першую грамадзкую акцыю беларускіх сэкс-меншасьцяў. Людзі старэйшага веку спачатку проста не маглі зразумець, чаго хочуць людзі са сьцягамі сямі колераў вясёлкі - міжнароднага сымбалю геяў і лесьбіянак. Некаторыя грамадзяне нават патрабавалі ад нараду міліцыі, што знаходзіўся побач, "спыніць распуцтва". Іншыя ж, больш маладыя, глядзелі на пікетчыкаў зб цікавасьцю і адпускалі розныя жарты. Ніякіх эксцэсаў заўважана не было.

Геі і лесьбіянскі паабяцалі нагадваць пра сабе і ў будучыні. А ў верасьні яны маюць намер правесьці ў Менску першы фестываль гей-культуры ў Беларусі.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG