Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 1999 г.


Балканская вайна адгукаецца ў Беларусі трывожным рэхам. Неўзабаве па вяртаньні з Югаславіі прэзыдэнт Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць рэзка ўмацоўваць абароназдольнасьць Беларусі. Між тым, ваяўнічая антынатаўская рыторыка не стасуецца з прэзыдэнцкім дыкрэтам № 13, які непасрэдна закрануў сацыяльныя гарантыі беларускіх афіцэраў.

Цягам апошніх дзён афіцыйныя СМІ цытуюць выступ прэзыдэнта Лукашэнкі з нагоды чарговай гадавіны заснаваньня званьня Героя Савецкага Саюзу, якая ўрачыста адзначалася ў Менску напрыканцы мінулага тыдня. Часьцей за ўсё прыводзіцца наступны фрагмэнт прамовы галоўнакамандуючага: "я цьвёрда заяўляю, што Беларусь была і застаецца катэгарычным праціўнікам вырашэньня праблемаў пры дапамозе ваеннай сілы". Праўда, у гэтай жа прамове прэзыдэнт заявіў аб пагрозе, якую нябыта НАТА нясе краінам СНД і, найперш, Беларусі. І ў гэтым кантэксьце - аб тым, што беларускае войска неўзабаве атрымае найсучасную тэхніку для ваенна-паветраных сілаў і сілаў супрацьпаветранай абароны. Прэзыдэнт прызнаў пры гэтым, што гаворка ідзе пра вялікія выдаткі на войска. Якое, да таго ж, увесь час трэба карміць ды апранаць за кошт бюджэту.

Варта нагадаць у гэтай сувязі, што зусім нядаўна Лукашэнка падпісаў вядомы дыкрэт нумар 13 "Аб некаторых мерах удасканальваньня звальненьня са службы ў запас", які вайскоўцы ўспрынялі, мягка кажучы, без інтузіязму. Справа ў тым, што, паводле закона аб забесьпячэньні вайскоўцаў, а таксама МУС і КДБ, яеы маглі выходзіць на пэнсію пасьля дваццаці гадоў выслугі, незалежна ад узросту, і пасьля гэтага яшчэ працаваць. Паводле дыкрэту, супрацоўнікі сілавых ведамстваў могуць цяпер разьлічваць на пэнсію толькі па ўзросьце. У войску гэта - 43 гады для афіцэраў і 60 для генэрал-лейтэнантаў. для супрацоўнікаў МУС - 45 для афіцэраў і 55 для генэралаў. асаблівае абурэньне гэта выклікала ў лётчыкаў, у якіх год службы ішоў за паўтары, і яны маглі выходзіць на пэнсію ў 35 гадоў. Як паведамляла незалежная прэса, на мінулым тыдні былі выпадкі, калі лётчыкі, у знак пратэсту, адмаўляліся ад палётаў.

Дыкрэт накіраваны на тое, каб утрымаць афіцэраў, якія бягуць з войска з прычыны кепскіх матэрыяльных умоваў. Паводле былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, з сістэмы Мінабароны штогод звальняецца дзве з паловай тысячы афіцэраў.прычым, паводле выслугі - толькі каля 350-400 чалавек. Астатнія - датэрмінова. Ні вучылішчы, ні акадэмія, якая ў год выпускае 600 чалавек, ня могуць кампенсаваць штогадовы адток афіцэраў. Таму пазыцыі малодшага каманднага складу - а гэта лейтэнанты старэйшыя лейтэнанты, капітаны, - укамплектаваныя толькі на 50 адсоткаў.

Аляксандр Лукашэнка ў часе свайго пасланьня нацыянальнаму сходу прызнаў, што гэты дыкрэт выклікае пэўную незадаволенасьць. і што ён асабіста адкладаў ягонае падпісаньне тры разы. але факт застаецца фактам: дзяржава распісалася ў сваёй няздольнасьці стварыць нармалёвыя матэрыяльныя ўмовы для афіцэраў, ад якіх і залежыць у першую чаргу абароназдольнасьць краіны. што тычыцца перыядычных размоваў пра сучасную ракетную і зенітную тэхніку, і вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь - яны хутчэй прызначаныя для зьнешняй прапаганды. пасьля словаў Лукашэнкі аб умацаваньні ваенна-паветраных сілаў і проціпаветранай абароныу нядзельнай праграме рэзананс была зробленая выснова: у Беларусі, маўляў, хутка будзе новая ваенная дактрына. Пра тое, у колькі яна абыдзецца грамадзтву, не гаварылася.

Віталь Тарас, Менск

XS
SM
MD
LG