Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 красавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

21-шы дзень бамбаваньняў і ракетнага абстрэлу Югаславіі, можна сказаць, быў нават звычайным, калі ўвогуле такое слова можна ўжываць характэрызуючы вайну.

Авіяцыя НАТО заатакавала новыя цэлі на самай мяжы з Вугоршчынай. У горадзе Субоціца, дзе бальшыня насельніцтва вугорцы, бомбы ўпалі на вайсковыя казармы, на нафтасховішча. Былі зьнішчаныя яшчэ два масты праз Дунай. У раёне Бялграду натаўскія ракеты трапілі ў дзьве тэлерадыётрансьляцыйныя станцыі.

Джэймі Шэй, прэсавы сакратар НАТО, на брыфінгу ў Брусэлі ахарактарызаваў чарговы этап апэрацыі НАТО наступным чынам:

(Шэй:) «Наша апэрацыя працягваецца. Учора я выказаў спачуваньне ў сувязі зь інцыдэнтам, які здарыўся ў сераду. НАТО аднак пакідае гэтую прыкрую рэч ззаду, і мы далей зьбіраемся рабіць тое самае, што мы рабілі да гэтага. Мы ня зьвернем з абранага курсу. Наша мэта ясная: прэзыдэнт Мілошавіч павінен быць затрыманы».

У самім Косаве пасьля трагічных памылак натаўскай авіяцыі, якая збамбавала некалькі канвояў альбанцаў-уцекачоў, паток уцекачоў зусім не прыпыніўся. Пагроза загінуць пад натаўскімі бомбамі зусім ня большая, чымся пагроза быць зарэзаным нажом сэрбскага баявіка са шматлікіх ваенізаваных нацыяналістычных фармаваньняў. Прыблізна тры тысячы новых уцекачоў перайшлі мяжу з Македоніяй. Тут яны далучыліся да прыблізна 120 тысячаў, якія перайшлі граніцу раней. Праўда, сусьветная супольнасьць робіць усё магчымае, каб аблегчыць сытуацыю ў Македоніі. Частка альбанцаў-уцекачоў ужо накіравалася ў Турэччыну, Нямеччыну, ЗША, Балгарыю і нават у Ізраіль. Але бальшыня засталася на месцы. Разьмеркавалі іх у некалькіх вялікіх лягерах па ўсёй краіне. Якая іх цяперашняя сытуацыя? Якія настроі пануюць сярод альбанцаў-косаўцаў пасьля выгнаньня з бацькаўшчыны? Каб паспрабаваць знайсьці адказы на гэтыя пытаньні, я пазваніў у сталіцу Македоніі Скоп'е да спэцыяльнага карэспандэнта нашай радыёстанцыі Кіты Макінзі. Вось што яна расказала пра агульную сытуацыю ў лягерах уцекачоў.

(Макінзі:) «Я даволі шмат часу правяла ў лягерах уцекачоў у Блазьненскім і Станкавіцкім лягерах уцекачоў. Пачаткова плянавалася, што гэта будуць транзытныя лягеры, але колькасьць уцекачоў была такая вялікая, што шмат хто павінен быў правесьці там тыдзень — 10 дзён. Каб зразумець, што адчуваюць гэтыя людзі цяпер, трэба ведаць, адкуль яны прыйшлі, што яны перажылі. Многія правялі некалькі дзён на мяжы ў брудзе без вады і харчоў, пад дажджом. Яне ня мелі даху над галавой, не гаворачы ўжо аб туалетах, ці ўмывальнях. У вось у такіх нечалавечых варунках некаторыя зь іх павялі да 5 дзён. У параўнаньні з гэтым у лягерах яны атрымалі добрыя варункі. Гэта, зразумела, ня нешта надзвычайнае, але тут вельмі чыста, дасканала вывозіцца сьмецьце. Ёсць туалеты, ёсць вельмі чыстая вада. Можна ўмыцца, можна мыць бялізну. Адзінае, на што можна было б паскардзіцца, дык гэта на адсутнасьць душаў з гарачай вадой. Аднак у хуткім часе ўсіх перавядуць у сталыя лягеры ўцекачоў, дзе ў іх будуць падобныя выгоды. У лягерах яны маюць дастаткова гарачага харчаваньня, яны могуць мець столькі хлеба, колькі патрэбна. Калі параўнаць з тым, адкуль яны прыехалі, гэта сапраўды дасягненьне. Адзінае, на што яны скардзяцца — гэта нудота. У лягерах няма ніякіх забаваў».

Македонія — адна з самых малых краінаў Эўропы. Яе тэрыторыя — прыблізна адна дзясятая частка Беларусі, насельніцтва не перавышае і двух мільёнаў чалавек. Бальшыня — гэта славяне-праваслаўныя, якія гавораць на мове вельмі блізкай да балгарскай. Паводле афіцыйнай статыстыкі, кожны чацьверты грамадзянін Македоніі — албанец-мусульманін. Праўда, самі македонцы лічаць, што альбанцаў тут да 40%. Справа ў тым, што афіцыйную статыстыку ў альбанскіх вёсках праводзіць цяжка, а апошнім часам тысячы альбанцаў з Альбаніі перайшлі мяжу і пасяліліся ў Македоніі нелегальна. Як сьцьвярджаюць незалежныя экспэрты, дачыненьні паміж альбанскай меншасьцю і македонскай большасьцю вельмі нагадваюць тыя, якія панавалі ў Косаве да пачатку налётаў НАТО на Югаславію. Больш таго, некаторыя лічаць, што дастаткова невялічкай іскры — і пажар міжэтнічнага канфлікту пачнецца і ў Македоніі. Падобнай іскрой можа быць новая хваля ўцекачоў з Косава. Кіты Макінзі на гэтую тэму мае наступны погляд:

(Макінзі:) «Мае македонскія сябры лічаць, што сытуацыя ў Македоніі цяпер дакладна такая самая, як была перад пачаткам вайны ў Косаве. Калі вы памятаеце, яна пачалася як інцыдэнт падчас вясельля. Яны гавораць, што тут патрэбна толькі адна іскра, каб пачалося тое, што і ў Косаве. Альбанцы, якія ўжо ў краіне, і тыя, хто прыбылі як уцекачы — супроць македонцаў. Я асабіста ня ў стане спраўдзіць, ці тое, што мне гавораць людзі праўда. Я, напрыклад, учора размаўляла з аднім мясцовым альбанцам, які сьцьвердзіў, што македонцы падтрымліваюць палітыку сэрбаў у дачыненьні да альбанскага насельніцтва. Ён гаворыць, што македонцы ня маюць ніякага спачуваньня да альбанцаў-уцекачоў. І гэта вельмі сумна, калі гэта праўда».

Пасьля нядаўніх трагічных памылак авіяцыі НАТО ў камэнтарах сусьветнай прэсы зьявіўся і такі, што ваенныя пакуты альбанскага насельніцтва павінны нарадзіць сярод альбанцаў настроі прыгнечанасьці і пэсымызму, якія змусяць іх адмовіцца ад ідэі незалежнасьці Косава. Лепш аўтаномія ў варунках міру, чымся незалежнасьць у варунках сталай вайны. І калі гэта так, у Косаве павінна стала павялічвацца колькасьць прыхільнікаў Ібрагіма Руговы, палітыка, які заўсёды быў праціўнікам сілавых спосабаў вырашэньня канфлікту. А падтрымка Арміі Вызваленьня Косава, якая вядзе ўзброеную барацьбу за цалкавітую незалежнасьць Косава, будзе зьмяншацца. Ці, размаўляючы з альбанцамі-ўцекачамі ў Македоніі, Кіты Маккінзі спаткалася з падобнымі настроямі? Адказ Кіці быў наступны:

(Макінзі:) «Я думаю, што гэта вельмі дзіўнае тлумачэньне. Па-першае, Ругова не супрацоўнічае зь югаслаўскімі ўладамі. У сапраўднасьці ён зьяўляецца вязьнем югаслаўскіх уладаў і ён ня мае іншага выйсьця. Таму югаслаўскія ўлады дазваляюць яму выступаць па Сі-Эн-Эн, Бі-Бі-Сі і іншых заходніх тэлестанцыях. Але з маіх размоваў з альбанскімі ўцекачамі я магу зрабіць выснову, што час Руговы скончыўся, ім абрыдлі 10 гадоў ягонага пасіўнага супроцьстаяньня. Адзін чалавек мне нават сказаў, што яны сытыя па горла ягоным «гандызмам». Многія альбанцы гаварылі, што яны падтрымліваюць Армію Вызваленьня Косава, што гатовыя са зброяй у руках вярнуцца ў Косава і змагацца».

У Косаве цяпер бясспрэчна назіраецца гуманітарная катастрофа. Ад рук пераважна мясцовых сэрбскіх ваенізаваных фармаваньняў штодня гінуць сотні людзей. Кіраўнік штабу брытанскай арміі генэрал сэр Чарлз Гатры на прэсавай канфэрэнцыі ў Лёндане паведаміў, што ў распараджэньні брытанскіх уладаў ёсць паказаньні сьведкаў аб шматлікіх злачынствах.

(Гатры:) «Найбольш трагічныя інфармацыі мы атрымліваем з раёну гораду Сэрбіца. Адзін са сьведкаў расказвае, што паўсюль ляжаць непрыбраныя целы забітых. Куды б вы ні пайшлі, вы бачыце забойствы. Усюды на шляху да гораду Дрэніца вы бачыце целы забітых».

На гэтай самай прэсавай канфэрэнцыі выступіў іншы брытанскі вайсковы брыгадзір Тым Крос. Ён заявіў:

(Крос:) «Ад уцекачоў, якія прыбылі на працягу апошніх двух-трох дзён, мы ведаем, што яны ўцяклі таму, што болей не маглі вытрымаць. Сёньня раніцай шмат уцекачоў сьцьвярджалі, што яны бачылі, як паляць і рабуюць іх вёскі, калі яны ратаваліся ў гарах. Яны ўцяклі таму, што ўсё гэта бачылі і баяліся вярнуцца. Некаторыя прыйшлі зь вялікай колькасьцю дзяцей, і гэтыя маленькія дзеці жылі на працягу некалькіх тыдняў у гарах разам са сваімі бацькамі. і яны па просту сказалі — хопіць».

Cамы вядомы ў сьвеце сучасны сэрбскі пісьменьнік Міларад Павіч некалькі дзён таму ў інтэрвію для заходніх сродкаў масавай інфармацыі заявіў, што «сэрбы сёньня самы пагарджаны народ у сьвеце, але цяпер яны ня маюць выбару, як толькі згуртавацца вакол сваёй улады». І сапраўды яшчэ зусім нядаўна бальшыня насельніцтва амаль усіх вялікіх гарадоў Сэрбіі не падтрымлівала Мілошавіча, а базай ягонай падтрымкі была сэрбская вёска. Цяпер сытуацыя выглядае інакш. Сам жа прэзыдэнт Мілошавіч, маючы гэткую падтрымку, можа выступаць ад імя ўсяго народу. Падчас нядаўняга візыту ў Бялград прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Мілошавіч ясна выклаў пазыцыю свайго ўраду ў справе пэрспектываў мірнага ўрэгуляваньня:

(Мілошавіч:) «Адказваючы на гэтую агрэсію, мы маем толькі адно выйсьце — бараніць сваю зямлю. І ад імя усіх маіх суайчыньнікаў хачу сказаць, што мы здолеем абараніць нашу зямлю. Адзіны выхад з крызыснай сытуацыі ў Косаве — гэта шукаць палітычнага рашэньня. Мы лічым, што толькі шлях палітычнага ўрэгуляваньня можа забясьпечыць стабільны і справядлівы мір. Мы лічым, што раўнапраўе ўсіх народаў Косава можа быць падставай урэгуляваньня. І на гэтай падставе мы пачалі перамовы паміж уладамі Сэрбіі і саюзнай рэспублікі Югаславіі і прадстаўніком косаўскіх альбанцаў. Гэтыя перамовы будуць непасрэднымі. І толькі непасрэдныя перамовы паміж народамі, якія ад веку жывуць у Косаве, могуць быць выніковымі. Толькі такія перамовы паміж бакамі, якія ведаюць сітуацыю на месцы, а не пад націскам чужых дзяржаваў, могуць прывесьці да міру. Такі наш падыход да роўнапраўя народаў, да роўнапраўя адміністрацыйных адзінак нашай краіны. Такая нашая пазыцыя, на падставе гэтай пазыцыі мы будзем бараніць нашую зямлю, і мы да канца будзем на ёй стаяць. І вось таму нас падтрымліваюць і надалей будуць падтрымліваць свабодалюбівыя народы ўсяго сьвету».

Прыгадаю, што поўнасьцю гэтае выступленьне прэзыдэнта Югаславіі прагучала ў перадачы паўднёваславянскай рэдакцыі нашага радыё. Нашы калегі з паўднёваславянскай рэдакцыі пільна сочаць за тым, каб не даваць слухачам дэзінфармацыі, каб не ствараць у іх хлусьлівы вобраз таго, што адбываецца.

У самой жа Югаславіі сродкі масавай інфармацыі асьвятляюць ваенны канфлікт аднабакова, а любы дысыдэнцкі голас падаўляецца ў зародку. Учора ў Бялградзе адбыліся паховіны незалежнага журналіста Славко Чурыя, які спрабаваў у незалежным друку выказвацца супроць палітыкі прэзыдэнта Мілошавіча. Яга забілі невядомыя ў масках. Ідзе сьледзтва, але ці будзе яно выніковае, калі ў краіне пануе перакананьне, што забілі яго слушна.

Бальшыня югаславаў ня ведае, што ў сапраўднасьці адбываецца ў Косаве, ня ведае пра сотні тысячаў уцекачоў, якія знайшлі прытулак у Альбаніі і Македоніі, ня ведаюць, што НАТО адзінае ў сваёй палітыцы ваеннай акцыі супроць Югаславіі, ня ведаюць, што ракетны абстрэл і бамбаваньне будуць працягвацца да таго моманту, пакуль прэзыдэнт Мілошавіч ня пойдзе на кампраміс, ня ведаюць, што Расея запэўніла НАТО аб тым, што ня будзе аказваць Югаславіі ваенную падтрымку.

Магчыма — гэта таксама адна з прычынаў такой усеагульнай падтрымкі прэзыдэнта МІлошавіча.

Магчыма таксама, што ў гэтым прычына таго, што Югаславія з такой лёгкасьцю адкінула нядаўнія прапановы Нямеччыны прыпыніць на адзін дзень бамбаваньне, каб адкрыць шлях для мірнага ўрэгуляваньня. Намесьнік міністра замежных справаў Югаславіі Небойша Вуевіч заявіў, што Югаславія «не зьбіраецца нават разглядаць прапановы, якія зробленыя агрэсарам».

Вайна працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG