Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 красавіка 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Сёньня намесьнік гарадзкога пракурора Гомеля Валеры Фурс праводзіў допыт экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу супраць адстаўнога генэрала міліцыі паводле артыкулу 188 крымінальнага кодэксу — «умяшаньне ў дзеяньні работнікаў міліцыі». Частка 1 згаданага артыкулу прадугледжвае пакараньне — папраўчыя работы тэрмінам да 1 году альбо штраф.

Былы міністар, хоць і пачынаў сваю міліцэйскую кар'еру ў нашым абласным цэнтры і родам ён зь мястэчка Васілевічы Рэчыцкага раёну, аднак пражывае цяпер у Менску. Натуральна ўзьнікае пытаньне — чаму менавіта гомельская пракуратура распачала перасьлед апальнага генэрала? Сп. Фурс на гэткія пытаньні адказвае больш чым скупа. Першы намесьнік начальніка абласной міліцэйскай управы Анатоль Салаўёў наогул адхрышчваецца ад гэтай справы — маўляў, упершыню чуе.

Аднак удалося высьветліць: палкоўнік Салаўёў казаў мне праўду. Менавіта ён, а таксама яшчэ адзін намесьнік начальніка ўправы палкоўнік Мельнікаў і начальнік аддзелу палкоўнік Гаркоў падалі рапарты на імя кіраўніка абласной міліцыі Аляксандра Рака з прэтэнзіямі да Юрыя Захаранкі. Аляксандар Рак накіраваў гэтыя рапарты паводле падсьледнасьці — у пракуратуру, прычым абласную, а адтуль ужо паперы былі спушчаныя з рэзалюцыяй да намесьніка гарадзкога пракурора Валерыя Фурса, які і быў вымушаны распачаць крымінальную справу. «Я ж працую ў сыстэме», — кажа сам сп. Фурс.

Пасьля допыту ў пракуратуры ўдалося зьвязацца з самім Юрыем Захаранкам. Ён пацьвердзіў, што прыкладна месяц таму сапраўды тэлефанаваў Анатолю Салаўёву. «Мяне асабіста абурыў той факт, — распавядае былы міністар, — што Салаўёў маю асабістую аўтамашыну, старэнькія «Жыгулі», якім дванаццаць гадоў — яны купленыя яшчэ ў Гомелі — і на якіх Салаўёў сам катаўся, аб'явіў у рэспубліканскім вышуку. Праславілася аўтамашына, як «Мэрсэдэс» Лукашэнкі. Таму і патэлефанаваў Салаўёву і сказаў: Ты ж захоўвай закон, Канстытуцыю. Рана ці позна ацэнка будзе давацца ўсяму гэтаму маразму».

Захаранка нагадаў, што тэлефанаваць ён меў маральнае права, бо быў настаўнікам Салаўёва, вучыў яго калі яшчэ працаваў у Гомелі. Да таго ж Салаўёў доўгі час прыкідаўся сябрам сям'і, а машыну ў вышуку, мусіць, аб'явіў таму, што спадзяваўся выслужыцца, знайсьці ў ёй нейкія плякаты пра выбары, ведаючы, што апальны экс-міністар уваходзіць у групу падтрымкі кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра.

А пакуль Юры Захаранка заявіў хадайніцтва намесьніку гарадзкога пракурора Фурсу аб правядзеньні вочнай стаўкі з дэпутатам прэзыдэнтавай «палаты», намесьнікам начальніка абласной міліцыі Анатолем Салаўёвым і пасьля допыту ад'ехаў да маці ў Васілевічы — перад Радаўніцай трэба прывесьці ў парадак магілы бацькі ды іншых блізкіх сваякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG