Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Выклікі сяброў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў на допыты па ўсёй Беларусі носяць масавы характар.

Афіцыйныя ўлады дзейнічаюць па ўсёй Беларусі паводле агульнага сцэнару: сяброў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў выклікаюць на допыты ў якасьці сьведкаў у крымінальнай справе старшыні ЦВК Віктара Ганчара, які абвінавачваецца ў «прысваеньні службовых паўнамоцтваў». Мэтады выкананьня агульнага сцэнару залежаць ад руплівасьці мясцовых уладаў. Гэта можа быць проста выклік на допыт, а можа быць і ператрус.

Як паведамілі нашаму радыё ў праваабарончым цэнтры «Вясна-96», 15 сакавіка апоўдні праведзены ператрус на кватэры сябра раённай выбарчай камісіі ў Глуску Генадзя Янушкевіча.

У штаб-кватэры Беларускага Народнага Фронту нашаму радыё паведамілі, што сёньня выкліканы на допыт у Ленінскі РАЎС Менску сябра Ленінскай выбарчай камісіі Менску Мікола Галаўнёў. Позвы зьявіцца на допыт 19 красавіка атрымалі сябры гэтай самай менскай камісіі Марат Кірэеў і Мікола Кашуба.

Аналягічныя зьвесткі з усёй Беларусі атрымліваюцца штодня, паведаміў прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч:) «Амаль усе сябры камісіяў ва ўсіх рэгіёнах былі выкліканыя ў пракуратуру, дзе іх афіцыйна папярэджвалі аб тым, што яны сваімі дзеяньнямі парушаюць закон. Таксама было вельмі шмат выпадкаў, калі людзей выклікалі нават у КГБ. І ў саміх пракуратурах апрача пракурора заўсёды прысутнічае другі чалавек у цывільным — вельмі шмат такіх выпадкаў — які таксама распытвае пра дзейнасьць камісіі, як яна фармавалася, пра фінансаваньне і г.д. Тут праглядаецца адзіны сцэнар, бо ўсе гэтыя папярэджаньні як быццам бы напісаныя адной рукой пад капірку. Дакладную лічбу я пакуль сказаць не магу, але, я думаю, сотні. Большасьць усё ж такі зь Беларускага Народнага Фронту».

У выбарчым штабе Міхаіла Чыгіра нашаму радыё паведамілі, што на сяброў ініцыятыўнай групы экс-прэм'ера апошнімі днямі ўціску не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG