Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 красавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Гэта выглядае надзвычайнай сэнсацыяй, але гэта сапраўды так — пачалася фінансавая праверка дзейнасьці Кіраўніцтва справамі адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.

Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі літаральна ад самага першага дня ўтварэньня гэтай структуры стала запаветнай зонай. Усе спробы дэпутатаў Вярхоўнага Савету спачатку ХІІ-га, а затым і ХІІІ скліканьня праверыць фінансавую дзейнасьць гэтага прэзыдэнцкага фармаваньня скончыліся нічым. Бліжэй за ўсё да мэты падыйшла ў свой час адмысловая камісія Васіля Саковіча, які ўзначальваў тады Кантрольную Палату і адначасова быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня. На паседжаньні Вярхоўнага Савету, калі той працаваў яшчэ ў сваім поўным складзе, сп. Саковіч вымушаны быў казаць пра тое, што літаральна празь некалькі дзён пасьля пачатку працы ягоным кантралёрам было катэгарычна забаронена вывучаць дакумэнты Кіраўніцтва справамі. Загад, як усе зразумелі, ішоў ад прэзыдэнта Лукашэнкі.

На гэтым фоне праверка, якая пачалася тры тыдні таму, выглядала б сэнсацыйнай, калі б не адна надзвычай важная акалічнасьць — загад аб апэрацыі аддадзены непасрэдна прэзыдэнтам Беларусі.

Чаму Лукашэнка пайшоў на такі крок? Да гэтага мы яшчэ вернемся напрыканцы матэрыялу, а зараз пра тое, што ўжо вядома пра кантралёраў і ад іх. Непасрэдны выканаўца прэзыдэнцкага загаду — Кантрольна-рэвізійная ўправа Міністэрства Фінансаў Беларусі, так званая КРУ. Кіраўніком групы кантралёраў прызначаны намесьнік міністра фінансаў Іван Заяш. Усім супрацоўнікам групы загадана падрыхтаваныя імі даведкі нікому акрамя Заяша не аддаваць, нават міністру Корбуту. Гэта сьведчыць пра вялікую таямніцу, у якой трымаецца апэрацыя кантралёраў. Але ж і яны — жывыя людзі, і тое-сёе ўжо вядома.

Напрыклад, на рэканструкцыю Драздоў пасьля высяленьня адтуль дыпляматаў Кіраўніцтва справамі патраціла 2 трыльёны беларускіх рублёў. Многа гэта ці мала? Менавіта такая сума — 2 трыльёны — патрэбная каб нарэшце скончыць бадай самы вядомы ў Менску даўгабуд — чыгуначны вакзал. Ягоная рэканструкцыя цягнецца ўжо добрых 10 гадоў, а грошай на завяршэньне да гэтага часу не хапае.

Другі факт з даведкі кантралёраў. Толькі на сантэхніку ў некаторых будынках драздоўскай зоны затрацілі па 25 тысячаў даляраў у кожным. Памятаю, калі гэтую лічбу называла падчас прэсавай канфэрэнцыі Юлія Чыгір, шмат хто з журналістаў сумняваўся: маўляў, жонка кандыдата ў прэзыдэнты перабольшвае. Цяпер высьвятляецца, што Юлія Чыгір казала праўду.

Адкуль жа ў Ціцянкова і ягонага атачэньня такія велізарныя грошы? Пра адну з крыніцаў набыцьця валюты гаворыцца ў даведцы правяральнікаў зь МінФіну: у Белавескай пушчы Кіраўніцтва справамі, як кажуць, паставіла на паток выраб дубовага паркету, за які добра плацяць у Нямеччыне, Францыі, Польшчы ды іншых краінах.

Праверка фінансавай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі павінна скончыцца да 20 красавіка.

А на заканчэньне веренмся да пытаньня: чаму Лукашэнку раптам спатрэбілася такая рэвізія? У кулюарах ёсьць гэткае меркаваньне: прэзыдэнт быццам бы ўжо двойчы прапаноўваў Івану Ціцянкову іншае месца працы, але той адмаўляўся. Магчыма, цяпер, калі ў Лукашэнкі зьявяцца вынікі праверкі, Ціцянкоў ужо ня будзе такім упартым. Тым больш, што адказныя чыноўнікі ўжо гавораць пра тое, што Ціцянкоў атрымае пасаду губэрнатара Берасьцейскай вобласьці, а ягонае месца на чале Кіраўніцтва справамі зойме Ўладзімер Канаплёў.

XS
SM
MD
LG