Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 красавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Штодзённае жыцьцё пад бомбамі і ракетамі — ваенныя рэаліі сёньняшняй Югаславіі. Як жа атакі НАТО дзейнічаюць на стан югаслаўскага грамадзтва? Як доўга простыя сэрбы змогуць вытрымаць цяжар гэтай вайны?

Каб атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытаньні я пазваніў у Бялград у штаб-кватэру галоўнай апазыцыйнай партыі краіны — дэмакратычнай. На чале яе стаіць Зоран Джынджыч, нядаўны мэр Бялграду, чалавек, якога яшчэ зусім нядаўна разглядалі ў якасьці галоўнага палітычнага супраціўніка Слабадана Мілошавіча. Інтэрвію для беларускай праграмы Радыё Свабода згадзілася даць член прэзыдыюму Дэмакратычнай Партыі, старшыня яе інфармацыйнага цэнтру Аляксандра Яксімавіч. На маё першае пытаньне: ці мае будучыню беларуска-расейска-югаслаўскі саюз, яна адказала:

(Яксімавіч:) «Цяжка сказаць нешта канкрэтнае ў гэты момант. Самае галоўнае для нас цяпер — затрымаць агрэсію і знайсьці палітычнае вырашэньне крызысу. Трэба пачаць перамовы, якія б маглі прывесьці да палітычнага ўрэгуляваньня. Гэтую агрэсію трэба затрымаць, таму што ў нас вялікая колькасьць цывільных ахвяраў, у нас мноства ўцекачоў. Эканамічная інфраструктура нашай краіны зруйнаваная. Я думаю, гэта самае галоўнае, аб гэтым думае сёньня кожны югаслаў. Калі ж гаварыць аб расейска-беларуска-югаслаўскім саюзе, дык пэрспэктыва яго яшчэ вельмі, вельмі далёкая. І няясна, што канкрэтна можна зрабіць цяпер у гэтай справе».

Далейшы лёс Косава — галоўная костка нязгоды паміж сэрбамі і альбанцамі. Ад вырашэньня гэтай праблемы будзе залежаць лёс мірнага ўрэгуляваньня. Якая ж пазыцыя галоўнай апазыцыйнай партыі Югаславіі ў гэтай справе?

Аляксандра Якімавіч працягвае:

(Яксімавіч:) «Косава павінна быць аб'ектам перамоваў. Яно, зразумела, павінна застацца ў межах Югаславіі. Там, зразумела, павінны паважацца правы чалавека, так як і ва ўсёй Югаславіі. Такая пазыцыя нашай Дэмакратычнай Партыі. Косава павінна застацца ўнутры нашых межаў, але там павінны паважацца правы кожнага чалавека».

Аляксандра Яксімавіч — прафэсар сальфэджо Бялградскай кансэрваторыі. Яна матка дваіх дзяцей. Штодня яна пешкі ходзіць у штаб-кватэру сваёй партыі. Аўтамабіль выкарыстоўваць яна ня ў стане. Няма бэнзыну. Як жа выглядае гэтае яе і іншых югаславаў жыцьцё пад бомбамі? Аляксандра расказвае:

(Яксімавіч:) «Жыхары Бялграду падчас бамбаваньняў выяўляюць вялікую мужнасьць і сьмеласьць. Зразумела, што шмат хто спалоханы, аднак, што б яны ні адчувалі, яны намагаюцца весьці нармальнае жыцьцё. Цяжка, калі нехта вас бамбуе. Але я сапраўды лічу, што духовы стан бальшыні бялградцаў, бальшыні маіх сяброў і калегаў — добры».

Тое, што адбываецца цяпер у Югаславіі — анамалія чалавечага жыцьця. Як жа доўга можна жыць пад бомбамі? Як доўга можна вытрымаць штодзённае бамбаваньне? Ці ня час пайсьці на кампраміс? Аляксандра Яксімавіч выказвае свой погляд:

(Яксімавіч:) «Я лічу, што нават яшчэ адзін дадатковы дзень бамбаваньняў — гэта замнога. Што ж гаварыць пра год бамбаваньняў... Я паўтараю, што бамбаваньне павінна быць спыненае. Гэтыя людзі вельмі мужныя, і яны вытрымаюць гэтыя выпрабаваньні, яны выжывуць. Але я лічу, што як найхутчэй трэба вярнуцца на шлях палітычнага вырашэньня праблемы».

***

Учора самалёты НАТО разбамбілі калёну альбанскіх уцекачоў. Загінула каля 70 асобаў, а 24 паранена. Кіраўніцтва НАТО расьсьледавала гэты інцыдэнт і выказала шкадаваньне зь яго нагоды. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што сaмалёты НАТО атакуюць выключна ваенныя цэлі, але пэўная колькасьць памылак заўсёды магчымая.

Джэймі Шэй, прэсавы сакратар НАТО, такім чынам пракамэнтаваў гэты трагічны інцыдэнт:

(Шэй:) «НАТО выказвае вялікае шкадаваньне з нагоды гібелі цывільных асобаў у выніку атакі на канвой паміж гарадамі Прызрэн і Дзяковіца. Як вы ведаеце, пілёты НАТО атрымалі загад атакаваць выключна ваенныя цэлі. Мы робім усё магчымае, каб не дазваляць прычыненьня шкоды цывільным асобам».

На гэтай самай прэсавай канфэрэнцыі журналісты спыталіся ў Джэймі Шэя, як жа так здарылася, што пілёт не пабачыў што ён атакуе? Адказ прэсавага сакратара НАТО быў такі:

(Шэй:) «Пілёт быў упэўнены, што перад ім той аб'ект, які трэба. Ён скінуў свае бомбы, будучы ўпэўнены, што зрабіў усё як трэба. Ён выканаў заданьне як пілёт з дэмакартычнай натаўскай краіны. Па радыё ён перадаў, што атакуе вайсковы канвой. Натаўская бомба трапіла ў першы грузавік, які, як цяпер высьвятляецца, быў цывільнай машынай. Я яшчэ раз падкрэсьліваю: НАТО выказвае глыбокае шкадаваньне з нагоды забойства цывільных асобаў у выніку гэтага трагічнага інцыдэнту. Але я адначасна мушу падкрэсьліць, што ніводзін падобны канфлікт у гісторыі чалавецтва не адбываўся без інцыдэнтаў».

На пытаньне, ці гэты трагічны выпадак прывядзе да скарачэньня баявых палётаў авіяцыі НАТО, Джэймі Шэй адказаў:

(Шэй:) «Як можна меркаваць на падставе ваенных апэрацыяў апошняй ночы, якія былі надзвычай інтэнсіўныя, не прадугледжваецца ніякага паслабленьня ў нашай ваеннай кампаніі. Мінулай ноччу, нягледзячы на процідзеяньне супрацьпаветранай артылерыі, мы змаглі паспяхова заатакаваць вялікую колькасць аб'ектаў па ўсёй Югаславіі».

Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Робін Кук заявіў сёньня, што трагічнае бамбаваньне авіяцыяй НАТО канвою з альбанскімі ўцекачамі не павінна схаваць той факт — хто насамрэч нясе адказнасьць за іх гібель. Рэжым Мілошавіча праводзіць этнічныя чысткі, якія спарадзілі сотні тысячаў уцекачоў у Косаве. Тысячы косаўскіх альбанцаў загінулі ад рук югаслаўскіх вайскоўцаў. Робін Кук назваў выкарыстаньне гібелі ўцекачоў у прапагандысцкіх мэтах «кракадзілавымі сьлязьмі» Бялграду.

Мінулай ноччу 10 югаслаўскіх гарадоў сталі аб'ектамі бамбаваньняў і ракетнага абстрэлу НАТО. У Бялградзе моцныя выбухі былі чутныя на працягу ўсёй ночы. Гэта была ноч адных з самых моцных і эфэктыўных удараў НАТО па сэрбскім вайсковым і стратэгічным аб'ектам. Паводле паведамленьня камандаваньня НАТО, упершыню амэрыканская ракета трапіла ў тэлевізійную вежу ў Бялградзе. Акрамя таго былі зьнішчаныя два масты, некалькі ваенных складоў і атакаваныя дзясяткі іншых абаронных аб'ектаў.

Разам з інтэнсыфікацыяй налётаў, НАТО распачало і дыпляматычную атаку на прэзыдэнта Мілошавіча. У Бэрліне падчас візыту ў нямецкую сталіцу генэральнага сакратара ААН Кофі Анана канцлер Нямеччыны Герхард Шрэдэр запрапанаваў прыпыненьне бамбаваньняў і ракетнага абстрэлу Югаславіі на адзін дзень з тым, каб даць магчымасьць прэзыдэнту Югаславіі Мілошавічу пачаць вывад сваіх войскаў з Косава. Калі НАТО пераканаецца, што сэрбскія войскі сапраўды выводзяцца, налёты ня будуць аднаўляцца і пачнецца працэс мірнага ўрэгуляваньня. Гэты працэс прадугледжвае поўны вывад войскаў, вяртаньне ў свае дамы уцекачоў-альбанцаў, раззбраеньне ўсіх ваенізаваных сэрбскіх атрадаў, раззбраеньне Арміі Вызваленьня Косава, увод міжнароднага міратворчага вайсковага кантынгенту і адкладаньне на 5 гадоў усіх спрэчак, датычных дзяржаўнай прыналежнасьці Косава. Прэсавы сакратар дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэймс Рубін пракамэнтаваў гэтыя нямецкія прапановы наступным чынам:

(Рубін:) «Нямецкія прапановы цалкам адпавядаюць тым варункам, якія НАТО запрапанавала раней. Я ня буду іх тут усе прыгадваць, таму, што яны ўсім добра вядомыя. Прыгадаю толькі, што іх сутнасць — вывад сэрбскіх войскаў, вяртаньне ўцекачоў, увод войскаў НАТО. І нямецкія прапановы як раз датычаць таго, як найлягчэй дасягнуць міру ў Косаве. Мірнае пагадненьне можа быць дасягнутае толькі пасьля таго, як прэзыдэнт Мілошавіч прыме варункі НАТО. Таму я разглядаю гэтыя нямецкія прапановы ў якасьці пачатку дыскусіі, якім чынам гарантаваць ажыцьцяўленьне гэтых варункаў. І мы чакаем, што і Эўрапейскі Саюз, так як гэта зрабіла НАТО, ясна растлумачыць свае патрабаваньні ў дачыненьні да прэзыдэнта Мілошавіча».

Важным у нямецкім пляне зьяўляецца запрашэньне да актыўна ўдзелу ў мірным урэгуляваньні ў Косаве Расеі. Расеі прапануецца накіраваць сваіх жаўнераў у склад міратворчага вайсковага кантынгенту. Сам жа кантынгент будзе выступаць пад эгідай ня НАТО, а ААН. Хоць камандаваньне і будзе знаходзіцца ў руках НАТО. ЗША раглядаюць нямецкі плян у якасьці рэальнай важнай падставы для далейшага міру. Джэймс Рубін камэнтуе:

(Рубін:) «Я думаю, што нямецкі плян палягае ў тым, як зрабіць пазыцыю Мілошавіча ў дачыненьні да варункаў НАТО канструктыўнай. Нямецкі плян вельмі дэталёвы, больш дэталёвы, чымся аб гэтым паведамлена ў друку. І мы будзем абмяркоўваць гэтыя дэталі па дыпляматычных каналах. Мы павінны прадумаць, як зрабіць і нашую пазыцыю канструктыўнай на той выпадак, калі б Мілошавіч згадзіўся прыняць гэтыя варункі. Але мяч на полі Мілошавіча, ён павінен прыняць прапановы».

Нібы адказваючы на гэткую прапанову амэрыканскай адміністрацыі, з сваімі контар'ініцыятывамі выступіў прэзыдэнт Югаславіі. Праўда, зрабіў гэта ён ня сам, а праз пасярэдніка — прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Пасьля вяртаньня зь Бялграду беларускі прэзыдэнт паведаміў, што падчас перамоваў у югаслаўскай сталіцы Слабадан Мілошавіч заявіў, што ніколі ніводзін замежны жаўнер не паставіць сваю нагу на зямлі Косава. Югаслаўскі прэзыдэнт згаджаецца на прысутнасьць у Косаве вялікай групы цывільных кантралёраў, але не жаўнераў. Так, што пакуль ніякага кампрамісу не прадбачыцца.

Нягледзячы на прыбыцьцё на натаўскую ваенна-паветраную базу ў Авіяна (Італія) вялікай групы самалётаў бліжняга бою А-10, камандаваньне альянсу так і не дало ім загад пачаць баявыя апэрацыі на нізкіх вышынях, выкарыстоўваючы дакладнае бамбаваньне. Ня ўводзяць у бой і верталёты «Апачы», якія спэцыялізуюцца на зьнішчэньні танкаў і жывой сілы супраціўніка. Прычына? Сэрбская супрацьпаветраная абарона яшчэ зусім ня зьнішчаная. Сэрбы пакуль амаль не ўключаюць свае радары, мала страляюць ракетамі. Чакаюць галоўнага бою, калі НАТО пачне атакаваць з малых вышыняў.

Вайна ў Югаславіі, нягледзячы на міралюбныя заявы яе ўдзельнікаў, працягваецца. Кожны яе дзень прыносіць незьлічоныя пакуты яе ўдзельнікам. З кожным днём расьце перакананьне, што вырашыць праблему Косава можна толькі мірным шляхам. Вось толькі мір гэтыя ўдзельнікі вайны разумеюць па-рознаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG