Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 красавіка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Былы прэзыдэнт Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў прагназуе новую хвалю напружанасьці ў сьвеце. У якасьці пасярэдніка паміж Расеяй і Амэрыкай у балканскім канфлікце ён разглядае... Аляксандра Лукашэнку. Такія думкі ён агучыў падчас візыту ў Менск.

У часе аднадзённага візыту ў Менск адзіны і апошні прэзыдэнт Савецкага Саюзу пасьпеў многае — узяў удзел у працы канфэрэнцыі па бясьпецы, паразмаўляў з студэнтамі й выкладчыкамі БелДзяржУнівэрсытэту, меў гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам, сустрэўся з журналістамі.

Паколькі размова з супрацоўнікамі мас-мэдыя папярэднічала сустрэчы двух прэзыдэнтаў, тое яе ў пэўным сэнсе можна назваць «разьмінкай». Натуральна, што галоўная частка была адведзеная канфлікту на Балканах. Тут экс-прэзыдэнт быў рэзкі:

(Гарбачоў:) «Трэба дапамагчы нашым амэрыканскім партнэрам пазбавіцца аднаго небясьпечнага комплексу — комплексу пераможцы. Яны маюць «галавакружэньне ад посьпехаў» і цягнуць усіх — Эўропу, Расею — у бруд. І мы цяпер усе ў брудзе».

Гарбачоў лічыць, што балканскі канфлікт можа распаліць этнічныя канфлікты ў некаторых шматнацыянальных кропках плянэты, прыкладам, у Індыі.

(Гарбачоў:) «Заўтра могуць пачаць бамбаваць Індыю. Значыць, трэба мець зброю. Яе будуць удасканальваць. Трыццаць адна парогавая дзяржава ў сьвеце. Я вам гарантую — усе цяпер будуць мець ядзерную зброю. Гэта багатыя краіны. А бедныя — бактэрыялягічную, хімічную зброю, разьвіваць тэрарызм».

Тым ня менш Гарбачоў патрабуе спыніць канфлікт. Ён прытрымваецца думкі, што дамову пра спыненьне павінны падпісаць Расея і Злучаныя Штаты. Сябе ў якасьці пасярэдніка ён не прапануе, паколькі бачыць больш годнага кандыдата.

(Гарбачоў:) «Я думаю, што самым лепшым пасярэднікам можа быць Аляксандар Лукашэнка зь ягонымі ініцыятывамі. Вось ён паехаў, і вельмі цікавыя справы там правёў. Я думаю, гэта трэба выкарыстоўваць».

Ня выключана, што візыт у Менск тлумачыцца менавіта прапановай такога пасярэдніцтва.

Выказаўшы гэткія свае думкі, Міхаіл Гарбачоў прайшоў праз калідор ахоўнікаў БДУ і выйшаў з памяшканьня ўнівэрсытэту, каб накіравацца да свайго калегі — прапаноўваць місію пасярэдніка.

XS
SM
MD
LG