Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 красавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Ад самага пачатку баявых дзеяньняў у Югаславіі Беларусь знаходзіцца ў кантакце з кіраўніцтвам краінаў мусульманскага сьвету ды недалучаных краінаў. У прыватнасьці прэзыдэнты Беларусі і Эгіпту спрабавалі распрацаваць супольны плян урэгуляваньня крызысу ў Косаве. Пра гэта між іншага заявіў сёньня на брыфінгу, прысьвечанаму вынікам візыту Лукашэнкі ў Бялград, міністар замежных справаў Беларусі Урал Латыпаў.

Паводле словаў Латыпава, галоўным вынікам візыту ў Югаславію стаўся факт перадачы Лукашэнку як старшыні рады саюзу Беларусі й Расеі афіцыйнай просьбы Мілошавіча аб далучэньні СРЮ да гэтага саюзу. Аналягічная просьба была перададзеная праз Лукашэнку і прэзыдэнту Ельцыну.

Міністар замежных справаў між іншага заклікаў журналістаў не падыходзіць да візыту Лукашэнкі, паводле ягонага выразу, як «да нейкай прапагандысцкай акцыі», але ацэньваць яго перш за ўсё з гуманітарнага гледзішча. Латыпаў падкрэсьліў, што мірныя ініцыятывы, якія прапаноўвалі апошнім часам розныя краіны, напрыклад, Украіна ці Нямеччына, павінны ацэньваць перш за ўсё самі сэрбы і касавары, хоць, паводле ягоных словаў, афіцыйны Менск уважліва сочыць за ўсімі гэткімі мірнымі ініцыятывамі. Ён у прыватнасьці сказаў: «Ад самага пачатку баявых дзеяньняў у Югаславіі мы знаходзімся ў кантакце зь лідэрамі мусульманскіх краінаў і краінаў руху недалучэньня».

Латыпаў пацьвердзіў у часе брыфінгу інфармацыю пра тое, што прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка і прэзыдэнт Эгіпту Мубарак «прапрацоўвалі супольную ініцыятыву пляну мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ў Косаве», але ня ўсе элемэнты гэтага пляну, зазначыў міністар, былі прынятыя.

На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода — ці кантактаваў беларускі бок з урадам Чарнагорыі, якая ўваходзіць у СРЮ і якая выступае супраць далучэньня Югаславіі да саюзу Беларусі й Расеі, міністар замежных справаў адказаў даволі расплывіста. Ён нічога не сказаў пра такія кантакты, але заявіў пры гэтым, што для Менску Югаславія — гэта адзіная дзяржава. Гэтаксама, паводле Латыпава, у саюзе з Расейскай Фэдэрацыяй Менск не цікавіць пазыцыя яе асобных суб'ектаў. Галоўнае, на ягоную думку, тое, што абодва цяперашнія ўдзельнікі саюзу зьяўляюцца, маўляў, юрыдычна раўнапраўнымі.

Што да прызначэньня Віктара Чарнамырдзіна спэцпрадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў пытаньнях урэгуляваньня праблемаў вакол Югаславіі, дык Латыпаў зазначыў, што ў Лукашэнкі добрыя дачыненьні і з прэм'ерам Прымаковым, і зь Віктарам Чарнамырдзіным. Ён нагадаў, што менавіта ўдвох з Чарнамырдзіным Лукашэнка некалі выкопваў памежны слуп на мяжы дзьвюх краінаў.

Урал Латыпаў заявіў, што Беларусь, на ягоную думку, ні ў чым не саступае іншым краінам і нават можа служыць усім прыкладам міжканфэсійнага і міжэтнічнага міру. У прыклад ён прывёў сёньняшняе ўручэньне даверчых лістоў Лукашэнку амбасадарам Ізраілю ў Беларусі, сярод ураджэмцаў якой ёсьць нямала вядомых дзеячоў Ізраільскай дзяржавы. Факт падпалу ды апаганеньня сынагогі ў Менску напярэдадні гадавіны Галакосту на гэтым тыдні міністар замежных справаў Беларусі пры гэтым не згадаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG