Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Серада 14 красавіка стала дзявятым днём з таго часу, як з намі няма Генадзя Карпенкі. Раптоўная сьмерць яшчэ зусім не старога чалавека — у верасьні Карпенку было б толькі 50 — выклікала самыя розныя і неверагодныя меркаваньні. А што ж было з Генадзем Карпенкам на самой справе?

Падпалкоўнік КГБ запасу Валеры Костка, які быў памочнікам Карпенкі ў той час, калі Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня працаваў яшчэ ў поўным складзе, правёў сваё ўласнае расьсьледаваньне апошняга дня — таго самага, калі Генадзь Карпенка трапіў у шпіталь.

31 сакавіка з самай раніцы Карпенка рыхтаваў свой чарговы артыкул пра эканамічнае становішча ў Беларусі. У 11 гадзінаў да яго прыехаў Костка. Амаль дзьве гадзіны яны размаўлялі пра пэрспэктывы разьвіцьця палітычных падзеяў у Беларусі, абмяркоўвалі канкрэтныя дзеяньні каманды Карпенкі на бліжэйшы час. Паводле Косткі, тады Генадзь Дзьмітравіч і распавёў яму пра сваю сустрэчу з былой старшынёй Нацыянальнага Банку Тамарай Віньнікавай.

Дарэчы, за тры тыдні да гэтай сустрэчы Костка і яшчэ тры прадстаўнікі Беларускага Гельсынкскага Камітэту таксама мелі размову зь Віньнікавай. І ім, і Карпенку яна сказала пра тое, што пацярпела таму, што валодала інфармацыяй пра гандаль зброяй, у тым ліку і расейскай, які Беларусь вяла праз Раду Бясьпекі зь некаторымі краінамі. Віньнікава сканцэнтравала ўвагу на тым, што значная частка грошай, выручаных ад продажу зброі, не паступала ў бюджэт, і калі яна адмовілася падпісваць неабходныя ў такіх апэрацыях паперы, яна перастала быць «сваёй» у прэзыдэнцкай камандзе.

Каля 13-тай гадзіны Костка і Карпенка разьвіталіся. Вядома, што праз паўгадзіны Карпенка сустрэўся з былым рэдактарам газэты «Знамя Юности» Міхасём Кацюшэнкам. Была ў Генадзя Дзьмітравіча такая звычка — перад тым, як несьці артыкул у рэдакцыю, даць прагледзець яго прафэсійным журналістам. За абедам Карпенка і Кацюшэнка адкаркавалі бутэльку шампанскага, прычым, як сьведчыць журналіст, нават не дапілі яе да дна. (Гэта наконт таго, што некаторыя пасьля казалі, быццам Карпенка ў той дзень быў ушчэнт п'яны.)

А 15-тай гадзіне па Карпенку заехаў ягоны сябар. Ён забраў Генадзя Дзьмітравіча, па дарозе яны захапілі журналістку Людмілу Бялкоўскую, і ўжо ўтраёх паехалі на вуліцу Беларускую, дзе знаходзіцца офіс стрыечнага брата Карпенкі Леаніда Кошаля. Тут на стале былі толькі кава і канапкі. Інтэрвію, пра якое дамовіліся за два дні да 31 сакавіка, цягнулася гадзіну. Раптам Карпенка са словамі: «Прабачце, я зараз вярнуся» устаў і накіраваўся ў бок прыбіральні.

Яго не было пяць хвілінаў, дзесяць, пятнаццаць. Ён стаяў на левай назе, абапёршыся правым плячом на сьцяну. Сказаць хоць бы адно слова Карпенка ўжо ня мог. Выклікалі хуткую дапамогу.

Як лічыць сёньня Людміла Бялкоўская, «шмат чаго тады было зроблена ня так і ня хутка. Напрыклад, у прыёмным аддзяленьні шпіталя хуткай дапамогі лекароў чакалі хвілінаў дваццаць. Несьці хворага ў нэйрахірургічнае аддзяленьне — а гэта некалькі сотняў мэтраў падземным калідорам — давялося дзяўчаткам-санітаркам. Вось такі сэрвіс».

Дарэчы, на другі дзень, калі хворага пераводзілі ў 9-тую клініку, побач была толькі ягоная жонка. Яе пакінулі ў прыёмным пакоі побач з мужам чакаць, калі яго забяруць у палату. І гэта ўжо ня сэрвіс, гэта сыстэма.

А на адрас Людмілы Карпенка і да сёньняшняга дня ідуць спачуваньні. Напрыклад, Мэдлін Олбрайт напісала гэткае: «Я ўпэўненая, што сябры й калегі Генадзя Карпенкі працягнуць справу ўвасабленьня дэмакратычных ідэяў, дзеля якой працаваў Ваш муж. Мы спадзяемся, што аднойчы гэтыя ідэі будуць цалкам рэалізаваныя ў Беларусі».

Амбасадар Літвы Ёнас Паслаўскас адзначае: «З нагоды вялікай страты беларускага народу смуткуюць і людзі Літвы». Свае спачуваньні даслалі амбасадары Злучаных Штатаў, Нямеччыны, Турцыі, Францыі, Польшчы, іншых краінаў. Глыбокія спачуваньні ў тэлефоннай размове зь Людмілай Карпенка выказалі Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.

XS
SM
MD
LG