Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 1999 г.


Казімір Яноўскі, Рэчыца

Больш за 40 санкцыяў на правядзеньне ператрусаў у кватэрах і на месцах працы сяброў мясцовай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта падпісаў рэчыцкі пракурор Віктар Буткоў.

Як кажа сам ахоўнік закону, «нават рука забалела, ставячы подпіс пад пастановамі і прыкладваючы пячатку». Аднак такую працаёмкую нагрузку сп. Буткоў прыдумаў ня сам, і крымінальная сытуацыя не патрабавала такіх высілкаў. Пракурор патлумачыў, што рабіць гэта ямо змусіла вышэйшае начальства. З сталіцы прыйшла афіцыйная папера адносна перасьледу мясцовых удзельнікаў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, паколькі ў Менску заведзеная крымінальная справа супраць старшыні ЦэнтарВыбарКаму Віктара Ганчара паводле артыкулу 190 — «за самавольнае прысваеньне званьня і ўлады службовай асобы». Таму пракурор Буткоў і кажа:

(Буткоў:) «Гэта прыйшло асобнае даручэньне зь Менску. Там распачатая справа супраць Ганчара. Вось у рамках гэтай справы і даваліся санкцыі на вобыск».

Выканаўцам вобыскаў у Рэчыцы стаў малады сьледчы гор/райаддзелу міліцыі Васіль Ермакоў і двое падначаленых. Як стала вядома, учора, у прыватнасьці, міліцыянты правялі вобыск у аднаго з службоўцаў рэчыцкай філіі «Белзьнешэканомбанку». Сьледчы Ермакоў скардзіцца, што вобыскі забіраюць шмат часу і пакуль не прыносяць выніку. У сяброў камісіяў у справе выбараў прэзыдэнта ня знойдзена ніякай літаратуры. Рэальна іншае — замарудзілася расьсьледаваньне сапраўды крымінальных справаў, якіх у сьледчых міліцыі і пракуратуры — хоць адбаўляй.

XS
SM
MD
LG