Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Афіцыйныя СМІ ў Менску распаўсюдзілі сёньня заяву намесьніка міністра юстыцыі пра тое, што Зянон Пазьняк ня можа быць кандыдатам у прэзыдэнты, паколькі, маўляў, ён ужо некалькі гадоў жыве па-за межамі Беларусі. Пры гэтым робіцца спасылка на Асноўны Закон, аднак Канстытуцыя 1994 году, на думку знаўцаў канстытуцыйнага права, дае законнае права ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах і Зянону Пазьняку, і ягонаму суперніку Міхаілу Чыгіру.

Намесьніца міністра юстыцыі Беларусі Вольга Сяргеева, спасылаючыся на артыкул 80 Канстытуцыі, заявіла наступнае: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь паводле нараджэньня, не маладзейшы за 35 гадоў, які мае выбарчае права і пастаянна жыве ў Рэспубліцы Беларусь ня менш за 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі». Адсюль робіцца выснова, быццам Зянон Пазьняк ня можа быць кандыдатам у прэзыдэнты.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Беларусі прафэсар Міхаіл Пастухоў у сувязі з гэтым у першую чаргу зьвярнуў увагу на тое, што гаворка ў згаданай заяве йдзе пра новую рэдакцыю Канстытуцыі, прынятую пасьля рэфэрэндуму 1996 году. У параўнаньні з Канстытуцыяй 1994 году ў тэксьце 80-га артыкулу зьявіліся некалькі істотных дадаткаў. Пасьля словаў «грамадзяніна Рэспублікі» зьявіліся словы «паводле нараджэньня». Перад словамі «які жыве ў Рэспубліцы» зьявілася слова «пастаянна», а да словаў «ня менш за 10 гадоў» дададзена «непасрэдна перад выбарамі».

Аднак і такая рэдакцыя не дае адказу на магчымае пытаньне — а як трактаваць словы «жыве пастаянна»? Вось як адказаў на яго Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў:) «На мой погляд, тут магчымы дваякі сэнс, дваякае тлумачэньне слова «пастаянна». Як мне ўяўляецца, дык пастаянна жыве недзе той чалавек, які мае сталае месца жыхарства, напрыклад, у Беларусі. Як у нас яшчэ практыкуецца, ён мае прапіску. Натуральна, ён можа ад'яжджаць за межы свайго месца жыхарства як заўгодна часта, на які заўгодна тэрмін. Важна, што ў яго ёсьць дом і ён можа вяртацца сюды ў кожны момант. Гэта і ёсьць у сьціслым сэнсе слова тлумачэньне слова «пастаянна».

Але могуць быць і іншыя, суб'ектыўныя тлумачэньні. Могуць знайсьціся і такія з дазволу сказаць «правазнаўцы», якія заявяць, што кандыдат павінен пастаянна жыць у тым самым месцы і нікуды не ад'яжджаць. Гэта, на мой погляд, абсурднае меркаваньне».

Міхаіл Пастухоў падкрэсьліў, што дадаткі да Канстытуцыі могуць быць выкарыстаныя ўладамі толькі ў тым выпадку, калі выбары будуць прызначаныя прэзыдэнтам. Тады й могуць спатрэбіцца дадатковыя штучныя абмежаваньні. Але цяпер, заявіў ён, рэч зусім у іншым:

(Пастухоў:) «Нагадаю, што размова йдзе цяпер пра выбары прэзыдэнта на падставе Канстытуцыі 1994 году. Павінны дзейнічаць палажэньні менавіта гэтай Канстытуцыі, і ніякія дадаткі ў яе тэкст не павінны брацца пад увагу. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй 1994 году і Зянон Пазьняк, і Міхаіл Чыгір маюць поўнае права балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Пазьняк — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі. І калі ён вернецца напярэдадні выбараў у Беларусь, дык натуральна — ён павінен быць дапушчаны да ўдзелу ў іх. Гэтаксама да ўдзелу ў выбарах павінен быць дапушчаны і Міхаіл Чыгір. Нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца пад вартай, гэта не пазбаўляе яго права балятавацца на выбарах. Хоць, вядома, сытуацыя абсурдная з гледзішча эўрапейскіх стандартаў, паколькі цяжка ўявіць, каб кандыдат у прэзыдэнты знаходзіўся ў турме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG