Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Ваенная апэрацыя НАТО супраць Югаславіі ўступае ў новую фазу.

Бамбаваньні і ракетныя абстрэлы югаслаўскіх ваенных і стратэгічных аб'ектаў цяпер будуць практычна няспыннымі. Аб гэтым сьведчыць сёньняшні ракетны абстрэл Бялграду, які адбыўся праз 15 хвілін пасьля прыбыцьця ў бялградскі аэрапорт прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Дагэтуль Бялград абстрэльваўся толькі ўначы.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан правёў у Белым Доме нараду зь лідэрамі абедзьвюх палатаў Кангрэсу ў справе Косава. Пасьля яе Біл Клінтан зрабіў спэцыяльyю заяву для прэсы:

(Клінтан:) «Нашы мэты ў Косаве ясныя. Я хацеў бы яшчэ раз удакладніць іх. Мы хочам, каб сэрбскія войскі пакінулі Косава, каб уцекачы маглі вярнуцца дамоў пад аховай міжнароднага вайсковага кантынгенту, каб яны атрымалі самакіраваньне. Сёньня — дзень памяці ахвяраў Галакосту. І ў гэты дзень я хачу зрабіць усё магчымае, каб этнічныя чысткі і забойствы, зьдзейсьненыя сп. Мілошавічам, не засталіся без адказу».

У рамках гэтага новага этапу ваеннай апэрацыі супроць Югаславіі адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана вырашыла зьвярнуцца да кангрэсу з просьбай выдзеліць дадатковыя 4 млрд. даляраў дзеля далейшага фінансаваньня ваенных дзеяньняў і аказаньня гуманітарнай дапамогі ўцекачам. Міністар абароны ЗША Ўільям Коўэн зьвярнуўся да прэзыдэнта з просьбай мабілізаваць тысячы рэзэрвістаў, каб забясьпечыць далейшае правядзеньне апэрацыі. Ёсьць пляны давесьці агульную колькасьць самалётаў, якія будуць удзельнічаць у баях, да адной тысячы. Амэрыка ў сувязі з гэтым плянуе накіраваць у раён канфлікту дадатковыя 300 баявых машынаў.

Прэзыдэнт Клінтан абгрунтаваў новыя заданьні амэрыканскіх вайсковых наступным чынам:

(Клінтан:) «Як я заявіў дэпутатам кангрэсу, у хуткім часе я прадстаўлю дадатковы бюджэт для фінансаваньня нашых ваенных апэрацыяў, вытворчасьці боепрыпасаў, экстранай дапамогі для фронтавых дзяржаваў, якія мяжуюць з Косавам і якія намагаюцца захаваць стабільнасьць перад хваляй уцекачоў і хаосам ва ўсім рэгіёне. Гэтыя грошы, зразумела, пойдуць і на фінансаваньне нашай часткі выдаткаў на ўтрыманьне соцень тысячаў уцекачоў.

Гэтыя выдаткі экстраныя і абсалютна неабходныя. Яны патрэбныя, каб мы і нашы саюзьнікі ў НАТО маглі працягваць нашу місію. Я імкнуся супрацоўнічаць з прадстаўнікамі абедзьвюх партыяў, у абедзьвюх палатах Кангрэсу, каб зацьвердзіць гэтыя выдаткі чым найхутчэй і каб дапамагчы вызваліць народы Косава ад прыгнёту, каб дасягнуць тых мэтаў, пра якія я гаварыў раней».

Ваенныя апэрацыі патрабуюць вялікага высілку ад усіх краінаў НАТО, якія ўдзельнічаюць у апэрацыі, асабліва ад ЗША. Паводле інфармацыі з Пэнтагону, за тры тыдні баявых дзеяньняў значна скараціліся запасы гаруча-змазачных матэрыялаў на базах НАТО. На тры чвэрці скараціўся апэратыўны запас крылатых ракетаў «Круз». Цяпер іх засталося на складах усяго каля 100.

У сувязі з новым этапам ваеннай апэрацыі, калі налёты будуць ажыцьцяўляцца ўдзень і ўначы, значна вырасла патрэба ў самалётах-запраўніках. Ужо цяпер у раёне канфлікту знаходзіцца 63% усіх самалётаў амэрыканскай арміі гэтага тыпу. Не хапае пілётаў для гэтых машынаў, і таму плянуецца фармаваць іх экіпажы з рэзэрвістаў.

Прэсавы сакратар лідэра рэспубліканскай бальшыні ў сэнаце, сэнатара Трэнда Лота, паведаміў, што адзін дзень баявых дзеяньняў супроць Югаславіі каштуе НАТО ад 70 да 100 млн. даляраў. Пераход да новага этапу апэрацыі можа павысіць яе штодзённыя кошты на 30%.

Паводле падлікаў адміністрацыі прэзыдэнта Клінтана, кошт гуманітарнай акцыі дапамогі ўцекачам прадугледжваецца на суму ад 515 да 560 млн. даляраў.

Пакуль кіраўніцтва НАТО вядзе падрыхтоўку да новага этапу ваеннай кампаніі супроць Югаславіі, у Брусэлі галоўнакамандуючы войскамі НАТО ў Эўропе амэрыканскі генэрал Ўэслі Кларк на спэцыяльна скліканай прэсавай канфэрэнцыі падсумаваў вынікі першых трох тыдняў баёў.

На самым пачатку яе ён падкрэсьліў, што дагэтуль Югаславія адчула на сабе толькі малую частку ваеннай моцы НАТО. Ад пачатку кампаніі было ажыцьцёўлена каля 1700 баявых налётаў, падчас якіх былі пашкоджанае і часткова зьнішчанае шырокае кола стратэгічных аб'ектаў: ваенных лётнішчаў, складаў боепрыпасаў, цэнтраў кіраваньня супрацьпаветранай абаронай, штабоў вайсковых і паліцыйных частак, мастоў, тунэляў, нафтасховішчаў, ваенных заводаў і пад. Ніводзін з гэтых аб'ектаў, прызнаў Кларк, ня быў зьнішчаны цалкам.

На пытаньне, ці вайну супроць Югаславіі можна выйграць толькі ўдарамі з паветра, Кларк адказаў вельмі ўхіліста. Ён заявіў, што тэарэтычна югаслаўская армія не гаратаваная ад паразы, усё залежыць толькі ад таго, які ваенны ўдар яна атрымае.

Паводле словаў генэрала Кларка, югаслаўскае камандаваньне ўвесь час узмацняе свой вайсковы кантынгент у Косаве. Цяпер ён дасягнуў амаль 40 тыс. жаўнераў. Гэтыя войскі праводзяць палітыку этнічных чыстак, забіваюць мірных жыхароў, выкарыстоўваюць тактыку спаленай зямлі.

Падсумоўваючы сваё выступленьне, генэрал Ўэслі Кларк заявіў, што НАТО зьнішчае югаслаўскую ваенную машыну і стратэгічныя запасы Югаславіі значна хутчэй, чымся прэзыдэнт Слабадан Мілошавіч здольны яе аднаўляць.

Пракуроры Міжнароднага трыбуналу ў Гаазе, створанага ААН у 1993 годзе спэцыяльна дзеля расьсьледаваньня злачынстваў падчас вайны на тэрыторыі былой Югаславіі, паведамляюць, што цяпер у іх дастаткова матэрыялаў, каб распачаць справу супроць прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча.

Віцэ-старшыня трыбуналу Грэхэм Блевіт сьцьвярджае, што ўжо цяпер ёсьць шмат доказаў віны Мілошавіча. Колькасць тэрарыстычных актаў югаслаўскага войска супроць альбанскага насельніцтва расьце з кожным днём. Расстрэлы, гвалтаваньні жанчын і нават малых дзяўчат, паленьне вёсак зь мірным насельніцтвам — усё гэта на парадку дня. Трыбуналу цяпер застаецца толькі высьветліць, хто аддаваў загады рабіць гэта і якім чынам яны выконваліся.

Прыгадаем, што Міжнародны трыбунал у Гаазе рыхтаваў справу супроць Слабадана Мілошавіча яшчэ падчас грамадзянскай вайны ў Харватыі і Босьніі-Герцагавіне, калі ягоная палітыка выразна заахвочвала харвацкіх і басьнійскіх сэрбаў рабіць злачынствы. Але тады зь юрыдычнага пункту гледжаньня (ён быў кіраўніком іншай дзяржавы) высунуць супроць яго абвінавачаньне было цяжка. Цяпер жа ён — галоўнакамандуючы югаслаўскай арміяй, кіраўнік усіх сілавых структураў. Ён аддае загады, ён правярае іх выкананьне.

Пракуроры Міжнароднага трыбуналу ў Гаазе зьвярнуліся да краінаў НАТО з просьбай перадаць у распараджэньне трыбуналу ўсе магчымыя сьведчаньні віны Слабадана Мілошавіча.

Адным з важных фактараў, які спрыяе упэўненасьці Слабадана Мілошавіча ў сваіх сілах і ягонай цьвёрдасьці ў перамовах зь міжнароднай супольнасьцю зьяўляецца адзінства сэрбскага народу. Пасля пачатку налётаў НАТО на Югаславію практычна ўсе палітычныя партыі краіны — і левыя і правыя — заявілі аб сваёй падтрымцы Мілошавіча. І вось цяпер пасьля трох тыдняў налётаў высьвятляецца, што адзінства гэтае не такое ўжо і непарушнае. Віцэ-прэм'ер краіны Вук Драшкавіч выступіў па тэлебачаньню ў незалежнай перадачы «Студыя Б-2» з рэзкай крытыкай прапановы ўступленьня Югаславіі ў беларуска-расейскі саюз. На ягоную думку, гэты саюз можа быць пабудаваны не на славянскім аддзінстве, а на нэакамуністычнай ідэі. Ён прыгадаў, што пракамуністычныя схільнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі добра вядомыя.

Вук Драшкавіч — лідэр партыі сэрбскага аднаўленьня. Да апошняга часу гэта была галоўная апазыцыйная сіла краіны. У 1996-1997 гг. ён быў на чале антымілошавіцкіх дэманстрацыяў. Неаднойчы быў зьбіты паліцыяй і арыштаваны. Летась ён увайшоў у склад югаслаўскага ўраду. Гэты крок многія зь ягоных прыхільнікаў расцанілі як здраду.

Голас Драшкавіча быў таксама бадай што адзіны ў Сэрбіі, які асудзіў забойства незалежнага публіцыста і праціўніка палітыкі Слабадана Мілошавіча Слаўка Гурувія. «Мне вельмі хацелася б, — заявіў Драшкавіч, — каб сьмерць Гурувія была першай і апошняй ахвярай у вар'яцкай сьпіралі раскручваньня вэндэты».

Драшкавіч прыгадаў, што цяпер некаторыя сілы намагаюцца выкарыстаць сэрбскі патрыятызм дзеля таго, каб умацаваць уласныя партыйныя пазыцыі. Перш за ўсё ён меў на ўвазе нэакамуністычную левую партыю, на чале якой стаіць жонка Слабадана Мілошавіча Мар'яна Маркавіч. «У нашай краіне ёсць палітычныя сілы, — заявіў Драшкавіч, — якія лічаць, што мы можам увайсьці ў ХХІ стагодзьдзе на руінах зьнішчанай дзяржавы. Яны думаюць, што трэба зноў узяць у рукі рыдлёўкі і з тымі самымі песьнямі, з тымі самымі лёзунгамі, што і 50 гадоў таму, пачаць зноў будаваць камунізм. Гэта не павінна паўтарыцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG