Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня адбыўся візыт прэзыдэнта Беларусі ў Югаславію. У Бялградзе прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Слабаданам Мілошавічам.

Прэзыдэнт Беларусі спрабуе самастойна разыграць «югаслаўскую карту». Ад самага пачатку ваенных апэрацыяў НАТО на Балканах Лукашэнка, калі не зважаць на рыторыку, паводзіў сябе адносна стрымана. Летась увосень ён абяцаў дапамагчы Бялграду ўзбраеньнем як толькі НАТО пачне бамбіць, а калі бамбіць сапраўды пачалі, беларускі кіраўнік стаў паўтараць, як заклінаньне: «Будзем раіцца з Расеяй, зробім як Расея». Ціто Масква загадала саюзьніку не пагаршаць небясьпечнымі заявамі і без таго небясьпечную сытуацыю, ці новы міністар замежных справаў Урал Латыпаў пераканаў прэзыдэнта, што чужая вайна — не найлепшы час для бразганьня зброяй.

Некалькі тыдняў Лукашэнка спрабаваў выкарыстаць магчымасьці, прадастаўленыя вайной на Балканах, для прасоўваньня сваіх інтарэсаў у Расеі. Югаслаўскі канфлікт паглыбіў міжнародную ізаляцыю Расеі, узмацніў левыя шавіністычныя сілы ў гэтай краіне. А гэта — ідэальныя ўмовы для зьдзяйсьненьня інтэграцыйных пражэктаў.

На мінулым тыдні рэдактар уплывовай расейскай «Независимой Газеты» Віталь Трацьцякоў запрапанаваў шэраг захадаў, якія павінна зрабіць Расея ў адказ на падзеі ў Югаславіі. Адзін з галоўных зь іх — тэрміновае аб'яднаньне зь Беларусьсю. А ўчора сьпікер Дзяржаўнай Думы Расеі Генадзь Селязьнёў паведаміў, што да канца бягучага году аб'яднаньне Беларусі й Расеі ўсё ж такі павінна адбыцца.

Але нават у гэтых спрыяльных умовах Лукашэнка ня здолеў дасягнуць таго, чаго хацеў. 2 красавіка, выступаючы ў агенцтве ІТАР-ТАСС пасьля заканчэньня саміту СНД, беларускі кіраўнік паскардзіўся, што прапанаваў расейскаму боку плян сапраўднага аб'яднаньня, але атрымаў ветлівую адмову. Расейцы запрапанавалі падпісаць нейкую чарговую заяву аб намерах.

Як перадаюць дасьведчаныя крыніцы, праект, які прапаноўваў Лукашэнка, прадугледжваў стварэньне пасады прэзыдэнта аб'яднанай дзяржавы з дастаткова шырокімі паўнамоцтвамі. Не дамогшыся посьпеху, Лукашэнка вырашыў пашырыць поле дзеяньняў, і тут вельмі дарэчы прыйшоўся Слабадан Мілошавіч з сваёй ініцыятывай аб далучэньні Югаславіі да саюзу Беларусі й Расеі. На першы погляд, вялікай карысьці для Лукашэнкі ў гэтай прапанове няма. Тут Менск і Масква высьветліць дачыненьні ня могуць. Далучэньне ж да гэтых гульняў Бялграду цалкам заблытае інтэграцыйны працэс. Што тады будзе з плянамі аб'яднаньня Беларусі й Расеі ў адзіную дзяржаву? Якую ролю будзе адыгрываць у гэтым Югаславія, якія ў гэтых умовах пэрспэктывы ўсталяваньня пасады саюзнага прэзыдэнта? На ўсе гэтыя пытаньні адказаў няма.

Ну й апошняе, а дакладней — першае. Югаславія вядзе вайну. Уступленьне яе ў саюз накладае на новасьпечаных саюзьнікаў пэўныя абавязкі, у тым ліку і ў галіне супольнай бясьпекі і абароны. Гэтая гульня можа прывесьці да ўцягваньня ў вайну і Беларусі ды Расеі. Але прэзыдэнт Беларусі пайшоў на яе. Яшчэ на мінулым тыдні кіраўнік ягонай адміністрацыі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь згодная прыняць Югаславію ў саюз — толькі вось Расея пакуль ня вызначылася.

А 13 красавіка, напярэдадні візыту Лукашэнкі ў Бялград, ён атрымаў ліст ад Мілошавіча, у якім той выказвае падзяку за пазыцыю прэзыдэнта Беларусі ў справе магчымасьці далучэньня Югаславіі да саюзу. Ну і сам факт паездкі Лукашэнкі ў Югаславію — таксама частка самастойнай гульні. Але хутчэй за ўсё яе мэта — не Югаславія, а тая самая Расея.

Сам прэзыдэнт ад непасрэднага адказу на пытаньне аб далучэньні ўцягнутай у вайну краіны да саюзу ўхіліўся нават у Бялградзе. Але даволі высокапастаўленыя ягоныя падначаленыя — намесьнік старшыні «палаты прадстаўнікоў» Канаплёў і першы віцэ-прэм'ер Даўгалёў — гэтымі днямі выказваліся наконт таго, што сьпяшацца з далучэньнем ня трэба. Асабістых думак, адрозных ад меркаваньняў прэзыдэнта, у беларускага чынавенства ня можа быць паводле вызначэньня.

Не маглі быць мэтаю візыту і нейкія міратворчыя пляны. Па-першае, ня варта перабольшваць значэньне Лукашэнкі ў вачах Мілошавіча. Па-другое, сам беларускі прэзыдэнт, прыляцеўшы ў Бялград, выказаў разуменьне, што НАТО ня прыме ягоных пасярэдніцкіх прапановаў, якія б добрыя яны ні былі. НАТО адмовілася нават гарантаваць бясьпеку самалёту беларускага прэзыдэнта, хоць падчас візыту Прымакова такія гарантыі даваліся.

Але якая карцінка для расейскага электарату! Расейскія ўлады толькі бясьсільна пагражаюць, а бясстрашны Лукашэнка з сэрбскімі братамі ў ахопленым полымем Бялградзе супрацьстаіць натаўскай агрэсіі. Як супрацьстаіць? А ніяк. Але ж вобраз які! Вайна скончыцца — вобраз застанецца. А раптам і Мілошавіч пагодзіцца на ўсталяваньне пасады прэзыдэнта саюзу? Тады ёсьць шанц націснуць на Маскву. За такі прыз і Беларусь аддаць не шкада.

XS
SM
MD
LG