Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 13 красавіка 1999 г.


Наталля Грыб, Прага

Распачалася пасяўная кампанія ў трох з шасьці вобласьцяў краіны. На Берасьцейшчыне засеялі трэць збожжавых і нават пачалі садзіць бульбу.

Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка на сэлектарнай нарадзе на мінулым тыдні запатрабаваў сабраць 7 мільёнаў тонаў збожжа і ўвогуле адмовіцца ад імпарту збожжавых. Як паведамілі нам у Аграрнай Акадэміі Навук, менавіта 7 мільёнаў тонаў збожжа неабходна, каб задаволіць унутраныя патрэбы краіны.

Ці магчыма ўвогуле ва ўмовах клімату Беларусі вырасціць столькі збожжа? У лепшыя гады, распавялі нам сэлекцыянеры, збіралі нават і болей. Напрыклад, у 1987 годзе беларуская зямля «нарадзіла» 8 мільёнаў тонаў збожжа. У тым годзе было і надвор'е добрае, і тэхніка навейшая, і угнаеньняў досыць. Менавіта з гэтых умоваў і складваецца ўраджайнасьць.

Летась зь беларускіх палеткаў сабралі менш за 5 мільёнаў тонаў. Улічым, што два з трох камбайнаў ужо выпрацавалі свой рэсурс, а ўгнаеньняў было ўнесена 60% ад патрэбы.

Калі на бягучы год плянуецца павялічыць колькасьць угнаеньняў толькі на 5%, а замена тэхнікі — задача амаль што невырашальная, можна зразумець, чаго будзе каштаваць сялянам выкананьне прэзыдэнцкага загаду.

Сапраўдная праблема, невідавочная на першы погляд, — нерэнтабэльнасьць вытворчасьці мінэральных угнаеньняў. У любы момант, як запаволеная міна, яна можа выбухнуць: прадпрыемствы спыняць вытворчасьць, і сялянам давядзецца разьвітацца ня толькі зь вялікімі задумкамі прэзыдэнта, але нават з разьлікамі сабраць ураджай на ўзроўні мінулага году.

Вытворцы мінэральных угнаеньняў у Беларусі працуюць зь вялікімі стратамі. «Беларуськалій» да 80% прадукцыі адгружае за мяжу, мае сапраўдную валюту і адчувае сябе найбольш абароненым ад нечаканых скокаў інфляцыі. Гомельскі хімічны камбінат амаль увесь год забясьпечвае партэбы ўнутранага рынку ў фосфарных угнаеньнях і таму сёньня літаральна пастаўлены на мяжу банкруцтва.

Некалькі лічбаў. «Беларуськалій» меу непасрэдныя страты па выніках мінулага году - каля 11 мільярдау рублёў, «Азот» - у 13 разоў больш, а Гомельскі хімічны камбінат — у 15 разоў.

Працаваць на ўнутраным рынку для вытворцаў угнаеньняў стала нерэнтабэльна яшчэ некалькі год таму. Звычайная справа, калі канцэрн «Белнафтахім» зьвяртаўся ў Мінэканомікі і вышэй з прапановай узьняць цэны. Часцей за ўсё ўрад адказвае, што сельская гаспадарка датуецца зь бюджэту, таму ня варта значна ўзьнімаць цану.

Час ад часу ўрад выконвае просьбы вытворцаў. Але інфляцыя звычайна аказваецца больш руплівай. Напрыканцы мінулага году інфляцыя ў Беларусі дасягала 200-280% у месяц. Прадпрыемствы ня маюць абаротных сродкаў. Ва ўмовах галапуючай інфляцыі гэта увогуле немагчыма. Вытворцы ўвесь час працуюць на крэдытах.

Возьмем, напрыклад, Гомельскі хімічны камбінат. Асабістых абаротных сродкаў няма. Да таго ж, прадпрыемства вымушана закупаць апатыты і серу за мяжой. Каб выканаць заданьне па вытворчасьці ўгнаеньняў да ўжо распачатай пасяўной кампаніі — патрэбна 14 мільёнаў даляраў. Тая самая колькасьць угнаеньняў, калі яе закупляць у Расеі, будзе каштаваць удвая больш.

У Беларусі існуе заганная практыка сэзоннай закупкі ўгнаеньняў. Заводы амаль нічога не адгружаюць сельскай гаспадарцы зь ліпеня да сьнежня, але ў студзені-сакавіку ад людзей і ад абсталяваньня пара валіць ад перанапружаньня. Прычына — у сыстэме аплаты ўгнаеньняў: дзяржава і аблвыканкамы плацяць па 40%, калгасы і саўгасы — толькі пятую частку ад сапраўднай цаны. І тое, праўду кажучы, ня плацяць. Дзяржава таксама аплачвае то палову ад нормы за квартал, то ўвогуле нічога. У выніку Беларусь штогод купляе азотныя ўгнаеньні ў Расеі.

Спробы адміністратыўнымі мэтадамі прымусіць вытворцаў адгружаць прадукцыю ў крэдыт, без папярэдняй аплаты, паставілі вытворцаў на мяжу банкруцтва. Зьнешнія рынкі сёньня не ўратоўваюць «Азот», бо яшчэ год таму цэны на азотныя ўгнаеньні зваліліся ў тры разы. Звязана гэта з тым, што асноўны пакупнік угнаеньняў — Кітай — пабудаваў хімічныя прадпрыемствы і скончыў імпарт азоту.

Як стала вядома вашаму карэспандэнту, ва ўрадзе Беларусі быў падрыхтаваны праект пастановы з дазволам узьняць цану на мінэральныя ўгнаеньні да сабекошту. Паводле меркаваньняў вытворцаў, азотныя ўгнаеньні павінны прадавацца на 80% даражэй, фосфарныя — на 62%. Праект нават быў падмацаваны некалькімі подпісамі. Але ў апошнт момант у Дзяржкамітэце па цэнах раптоўна ўзгадалі пра «бедных сялянаў» і схавалі пастанову пад сукно. Трэба разумець — да заканчэньня пасяўной.

XS
SM
MD
LG