Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 1999 г.


Марыя Усьціновіч, Магілеў

За апошні тыдзень сума затрыманай заробнай платы на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганзіацыях Магілеўскай вобласьці павялічылася ўдвая і згодна з апэратыўнымі зьвесткамі на пачатку тыдня перайшла мяжу 400 мільярдаў рублёў.

Самая вялікая запазычанасьць па заробках у бюджэтнай сфэры — 260 мільярдаў рублёў. Аднак, відаць, адпрацаваныя, але так і не атрыманыя людзьмі грошы ўлада лічыць дробязьзю і зусім не перашкодай для ажыцьцяўленьня ўласных плянаў і загадаў згары. У вобласьці на бліжэйшыя два тыдні прызначана адразу некалькі суботнікаў.

Абласная арганізацыя Беларускага Партыятычнага Саюзу Моладзі вырашыла змагацца за чысьціню гарадоў і вёсак у працоўны дзень 17 красавіка, а магілеўская вэртыкаль вырашыла, што 24 красавіка — у выхадную суботу — 8 гадзін бясплатна адпрацуюць усе жыхары абласнога цэнтру: большасьць на сваіх працоўных месцах і частка на добраўпарадкаваньні гарадзкіх тэрыторыяў. Пярэчаньняў з нагоды правядзеньня суботнікаў не было. Бліскучая савецкая ідэя добраахвотна-прымусовых мерапрыемстваў іх і не прадугледжвае.

Мэрыя Магілева запрапанавала ўсім прадпрыемствам пералічыць грошы за суботнік на разьліковы рахунак для рамонту шматпакутных дарогаў абласнога цэнтру. Але на гэты конт ёсьць і іншыя меркаваньні. Цяпер у Магілеўскай вобласьці, дзе з геаграфічных прычынаў існуе шмат грамадзкіх аб'яднаньняў і ўладных структураў па яднаньні славянскіх народаў, вельмі папулярная тэма падтрымкі югаслаўскага народу. Кожны, хто не гультай, здаецца, імкнецца зарабіць аўтарытэт на вайне робячы яскравыя заявы. Напрыклад, прарэктар Магілеўскага Ўнівэрсытэту і адначасна намесьнік кіраўніка абласной асацыяцыі малалетніх вязьняў фашысцкай няволі Іван Мартынаў даслаў у сваёй асабістай заяве да югаслаўскага народу праклён натаўцам і іхным нашчадкам аж да 16-га калена і заклікаў усіх беларусаў унесьці свой аднадзённы заробак у фонд дапамогі народу Югаславіі.

Але так ці йнакш, а дзяржава ўсё ж прымусіць — і бюджэтнікаў у тым ліку, якім сама вінаватая грошы — працаваць на суботніках бясплатна. Ці на карысьць вэртыкалі, ці дзеля падтрымкі югаславаў і Мілошавіча.

Трэба таскама адзначыць, што тэндэнцыяй гэтага тыдня стала памяншэньне запазычанасьці па заробнай плаце ў сельскай гаспадарцы Магілеўшчыны. Магыма, гэта часткова зьвязана зь неабходнасьцю пачынаць веснавыя работы, а хутчэй за ўсё залежыць ад тэрміну візыту Аляксандра Лукашэнкі ў вобласьць. Мяркуецца, што ў бліжэйшы чацьвер прэзыдэнт наведае Бялыніцкі і Магілеўскі раёны — далёка ня самыя горшыя ў пляне падрыхтоўкі пасяўной кампаніі.

Праўда, гэтым разам вялікага чыноўніцкага ажыятажу вакол прыезду Лукашэнкі няма. Большасьць магчымых кадравых перастановак ужо адбылася, а хваля арыштаў захапіла Мсьціслаўскі раён і, здаецца, пакуль суціхла, хоць усе ведаюць, што пры асабістых зносінах з прэзыдэнтам трэба быць гатовым да любых нечаканасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG