Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Сын Тамары Віньнікавай Вадзім, які жыве ў Лёндане, ня верыць, што ягоная маці ўцякла з-пад хатняга арышту, і схільны лічыць, што зь ёй адбылося нешта нядобрае.

Ужо амаль тыдзень застаецца невядомым лёс Тамары Віньнікавай, былой старшыні Нацыянальнага Банку, якая 8 красавіка нягледзячы на хатні арышт зьнікла з сваёй менскай кватэры на вуліцы Адзінцова. 13 красавіка з гэтай нагоды выказаўся сын Віньнікавай Вадзім, які жыве й вучыцца ў асьпірантуры ў Лёндане. Паводле ягоных словаў, вэрсія пра загадзя сплянаваныя ўцёкі выглядае вельмі малаверагоднай і непраўдападобнай. Вадзім Віньнікаў лічыць, што ў падобных абставінах ягоная маці, якая не адчувала за сабой ніякай віны, ня схільная была ўцякаць ці хавацца.

У апошніх тэлефонных размовах з сынам Віньнікава не выказвала ніякай трывогі ці непакою і ніякім чынам ня згадвала тое, што чакае нейкіх хуткіх зьменаў у сваім лёсе. Вадзім Віньнікаў ня верыць, што ягоная маці ўцякла з-пад хатняга арышту, і схільны лічыць, што зь ёю нешта адбылося. Гэтае прызнаньне паказальнае тым, што ў першыя дні пасьля зьнікненьня Віньнікавай прыхільнікі вэрсіі пра сплянаваныя ўцёкі прадказвалі, што ўцякачка ў хуткім часе можа аб'явіцца за мяжой. У гэтым кантэксьце лягічным чынам згадвалася менавіта імя ейнага сына Вадзіма, які ўжо доўгі час жыве ў Ангельшчыне.

Вадзім Віньнікаў таксама паведаміў, што мае непасрэднае дачыненьне да галоўнага на сёньняшні дзень пункту абвінавачаньня Віньнікавай, у якім фігуруе набор кухоннага посуду фірмы «Цэптэр». Сьледчыя сьцьвярджаюць, што банкірка скрала цэптэраўскія каструлі з банку і такім чынам нанесла дзяржаве шкоду ў асабліва буйных памерах. Вадзім Віньнікаў гаворыць, што за ўласныя грошы купіў гэты посуд і падараваў маці — цяпер ужо ня памятае ціто на дзень нараджэньня, ціто на 8 Сакавіка.

Вадзім Віньнікаў вучыцца ў асьпірантуры ў Лёндане па спэцыяльнасьці «бізнэс, кіраваньне і эканоміка», а ў вольны час, каб утрымліваць сям'ю, вымушаны зарабляць мыцьцём посуду ў бары. Ён марыць пра тое, што калі-небудзь усе абвінавачаньні зь ягонай маці будуць зьнятыя і што ён вернецца на Бацькаўшчыну, каб паднімаць зруйнаваную беларускую эканоміку.

XS
SM
MD
LG