Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 1999 г.


21 дзень працягваецца апэрацыя сілаў НАТО ў Югаславіі... Чарговая спроба разьвязаць канфлікт была зробленая ўчора генэральным сакратаром ААН Кофі Ананам, які накіраваў прэзыдэнту Югаславіі Слабадану Мілошавічу ліст з сваімі прапановамі.

Сярод гэтых прапановаў: заклікі «неадкладна спыніць кампанію запалохваньня і перасьледу мірнага насельніцтва», а таксама «спыніць баёвыя дзеяньні як ваенных, так і напаўваенных аддзелаў у Косаве і вывесьці адтуль усё войска». Апрача гэтага Кофі Анан запатрабаваў «безь якіх бы там ні было папярэдніх умоваў даць магчымасьць усім косаўскім уцекачам і перамешчаным асобам вярнуцца дадому», «пагадзіцца на дысьлякацыю міжнароднага ваеннага кантынгенту, які мог бы забясьпечыць умовы для вяртаньня ўцекачоў і бесьперашкоднай дастаўкі гуманітарнай дапамогі» і «дазволіць міжнароднай супольнасьці кантраляваць выкананьне гэтых крокаў».

Сёньня ў Осла Дзяржаўны Сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт і міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў правялі перамовы ў справе Косава, пасьля чаго далі супольную прэсавую канфэрэнцыю. Абодва бакі пагадзіліся, што ў рэгіён трэба накіраваць міжнародныя міратворчыя сілы і працягнуць супольныя дыпляматычныя намаганьні дзеля разьвязаньня крызысу. Тым часам мінулай ноччу авіяцыя НАТО тройчы атакавала сталіцу Югаславіі Бялград.

Аб'ектамі атакаў сталіся казармы «Васа Чарапіч», ваенна-паветраная база Батайніца і сталічныя прымесьці Раковіца і Тапчыдэр. У цэнтры Новага Бялграду, паміж жыльлёвымі кварталамі і аўтамагстраляй Ніш—Заграб, упала і ня выбухнула бомба.

Ад папярэдніх удараў працягвае гарэць нафтаперапрацоўчы завод у Панчаве. Гэткі самы завод быў збамбаваны і ў адміністратыўным цэнтры Ваяводзіны — горадзе Нові-Сад. Апрача гэтага пад удары натаўскай авіяцыі трапілі аб'екты ў Самборы, Сьмедзярэве, Прышціне і Чачаку.

Тым часам у Косаве, у раёне памежных заставаў Морына і Кошарэ, што на югаслаўска-альбанскай мяжы, працягваліся збройныя сутычкі Косаўскага Вызвольнага Войска з сэрбскімі сіламі.

Вось як ацэньвае эфэктыўнасьць дзеяньняў НАТО начальнік Генэральнага штабу Вялікай Брытаніі Чарлз Гатры:

(Гатры:) «Нашыя атакі маюць заўважны эфэкт, парушаюць баявыя парадкі і ўсё больш і больш ізалююць сэрбскія вайсковыя адзінкі, што дэмаралізуе войска. Мы працягваем наносіць вялікую шкоду рэсурсам Мілошавіча. Разбурэньне ключавых штабоў запавольвае іхныя баявыя дзеяньні. Недахоп паліва і зьнішчэньне ключавых дарог для дастаўкі рэсурсаў і зьнішчэньне складоў маюць такі самы эфэкт. Мабільныя вайсковая тэхніка і зброя, якую ўжывае сэрбскае войска ў Косаве, зьнішчаюцца натаўскімі атакамі. Мы зацягваем сталёвае кола вакол Мілошавіча».

На сёньня ўзброеныя сілы НАТО ў апэрацыі супраць Югаславіі ўжываюць больш за 500 самалётаў, да якіх цягам двух наступных дзён дададуцца яшчэ каля васьмі дзясяткаў самалётаў ЗША і 24 гэлікоптары «Апач», прызначаныя для ўдараў па вайсковых частках і тэхніцы ў Косаве. Вялікая Брытанія, якая мае на тэрыторыі Македоніі і Нямеччыны каля 9 000 вайскоўцаў, прызначаных для ўдзелу ў міратворчай місіі ў Косаве пасьля адводу адтуль сэрбскага войска, плянуе накіраваць туды дадатковыя сілы. Паводле прадстаўніка адміністрацыі ЗША Браяна Этвуда, сэрбскія вайскоўцы ў якасьці жывых шчытоў ад магчымых паветраных удараў НАТО па калёнах бронетэхнікі ўжываюць косаўскіх уцекачоў. З другога боку, сэрбскае войска працягвае палітыку этнічных чыстак і, як сказаў той самы Этвуд, сёньня ёсьць фотаздымкі амаль сотні новых пахаваньняў у ваколіцах аднаго з косаўскіх мястэчак.

Апрача гэтага не спыняецца гвалтоўнае выгнаньне альбанцаў з тэрыторыі правінцыі. Сэрбскіяя вайскоўцы сыстэматычна зганяюць жыхароў асобных населеных пунктаў — асабліва ў ваколіцах Прышціны — і гвалтам перамяшчаюць іх да мяжы. Паводле ведамства ААН у справах уцекачоў, 4.800 косаўскіх альбанцаў знайшлі сёньня прытулак у паўночных раёнах Альбаніі. Сярод іх 300 жыхароў вёскі з-пад Арахаўца, якіх сэрбская паліцыя на мінулым тыдні вярнула ад мяжы ў правінцыю. Паводле прадстаўніка ААН Крыса Яноўскага, гэтых людзей трымалі ў разбураных вёсках пад прыцэлам сэрбскіх снайпэраў, а ўчора адабралі грошы і дакумэнты ды прымусілі ісьці да мяжы. Паводле агэнства Ройтар, сотні косаўскіх уцекачоў зьявіліся сёньня ў прымежным македонскім месьце Блацэ. Гэта найбольшая група перамешчаных асобаў, якая здолела перайсьці мяжу з Македоніяй, пасьля таго, як яе на мінулым тыдні перакрылі сэрбскія ўлады.

Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Робін Кук, са спасылкай на ўцекачоў, паведаміў пра згвалтаваньні сэрбамі альбанскіх жанчын у ваенным лягеры Дзяковіцы — на мяжы з Альбаніяй.

Тым часам сэрбскае тэлебачаньне паказвае ахвяры натаўскага бамбаваньня, начныя пажары і грузавікі з гуманітарнай дапамогай, якую ад Беларусі і Расеі прывёз сэрбам старшыня камісіі ў справе разьмеркаваньня гуманітарнае дапамогі, дэпутат прэзыдэнтавага «парлямэнту» Беларусі Віктар Кучынскі, які з задавальненьнем пазіруе перад тэлекамэрамі і раздае інтэрвію, у якіх гаворыць пра сваю ўпэўненасьць у сіле сэрбскага войска і ягонай будучай перамозе над амэрыканцамі.

Як вядома, заўтра прэзыдэнт Лукашэнка і міністар замежных справаў Беларусі Латыпаў наведаюць Бялград з нагоды ідэі стварэньня беларуска-расейска-югаслаўскага саюзу. Вось як сусьветны друк рэагуе на гэтую ідэю:

Boston Globe:

«Спікер расейскай дзяржаўнай думы Генадзь Селязнёў заявіў на мінулым тыдні, што славянскі саюз паслужыць у якасьці процівагі атакам НАТА, таму што саюз пад кіраўніцтвам Амерыкі "ніколі не дазволіць сябе бамбаваць нашых саюзнікаў".

Але, каб такое здарылася, і іншы бок павінен разумець гэта падобным чынам. Міністры ж замежных справаў краінаў НАТА, якія правялі нараду ў Бруселі, аднак, амаль не зьвярнулі ўвагу на працэс стварэньня славянскага саюзу.

«Было б цудоўна, каб Амэрыка паверыла ў пашырэньне Мінска-маскоўскага саюзу на Захад, - іранічна пракаметавала падзею расейскае тэлебачаньне, - гэта адразу б скончыла з вайной».

Славянскі саюз - занадта складаная задачка, каб яе могло раскусіць сусветнае грамадства. Заклікі да славянскага аддзінства не ўлічваюць той факт, што такія славянскія краіны як Польшча, Славаччына і Чэхія падтрымліваюць НАТА.

Каментатары задаюць пытаньне: якім жа чынам будзе працаваць канфедэрацыя, калі Югаславія не мае супольнай мяжы ні з Беларусьсю, ні з Расеяй. Югаславія таксама ніколі не была часткай Савецкага Саюзу. Пашырэньне расейска-беларускага саюзу можа прынесьці выразную карысць аўтакратычнаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які актыўна на ўнутранай расейскай палітычнай арэне заклікае да аднаўленьня Савецкага Саюзу. У панядзелак Лукашэнка прыняў прапанову прэзідэнта Мілошавіча ў хуткім часе наведаць Белград».

International Herald Tribune:

«Саюз Беларусі і Расеі, заключаны ў 1997 годзе пасьля працяглага гандлю, застаецца збольшага толькі на паперы, часткова з прычыны вялікай розьніцы паміж асобамі Сп. Ельцына і ПРэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Сп. Ельцьн ставіцца з засьцярогай да спробаў Сп. Лукашэнкі аднавіць колішні Савецкі Саюз і стварыць шырэйшую прастору для сваізх уласных палітычных амбіцыяў. Далучэньне Югаславіі да саюзу толькі б дадало ўскладненьняў . Югаслаўскія кіраўнікі былі вельмі расчараваныя сьціпласьцю тае падтрымкі, якую яны атрымалі з Масквы ў справе супрацьдзеяньня НАТО».

Financial Times:

«Прапанова славянскага саюзу ёсьць збольшага сымбалічнай

Прапанова Расеі і Беларусі ўключыць Югаславію ў троясны славянсі саюз мае вялізнае сымбалічнае значэньне, але мала практычнага ўплыву, зголна палітычных лідэраў у Маскве і Менску.

Гэты крок падрэсьліў глыбіню сэнтымэнтаў ў Расеі і Беларусі дапамагчы сваім сэрбскім братам — але разам з тым ілюструе абмежаванасьць наяўных опцыяў.

Акрамя таго, абедзьве краіны ня ў стане накіраваць Югаславіі матэрыяльную дапамогу, з прыцыны свайго жахлівага эканамічнага становішча».

XS
SM
MD
LG