Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Заўтра прэзыдэнт Беларусі на запрашэньне Слабадана Мілошавіча зьбіраецца ехаць у Бялград.

Запрашэньне Мілошавіча наведаць Югаславію прэзыдэнт Лукашэнка атрымаў учора, падчас тэлефоннай размовы зь югаслаўскім амбасадарам у Расеі. А ўжо сёньня міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў абвясьціў, што 14 красавіка прэзыдэнт едзе ў Бялград.

Вылет прэзыдэнтавага самалёта прызначаны на 8.00 раніцы. Цяпер ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка візыту, у прыватнасьці вырашаецца пытаньне аб прадастаўленьні паветранага калідора самалёту Лукашэнкі. Папярэдне абвешчана, што візыт працягнецца два дні.

Яшчэ ўчора прэсавы сакратар прэзыдэнта Ўладзімер Скварцоў паведамляў, што перамовы Лукашэнкі зь Мілошавічам адбудуцца толькі пасьля беларуска-расейскай сустрэчы на вышэйшым узроўні. Але сёньня стала вядома, што 13 красавіка, напярэдадні візыту, адбудуцца толькі тэлефонныя размовы Лукашэнкі зь Ельцыным і Прымаковым. Відаць, беларускі лідэр мае намер адыгрываць больш-менш самастойную ролю, і амплуа паштовага голуба Ельцына яго ня вельмі задавальняе. Нагадаем, што пэўны час таму Лукашэнка казаў пра тое, што мае свой асабісты плян урэгуляваньня югаслаўскага крызысу.

Сярод тэмаў, якія будуць абмяркоўваць Лукашэнка і Мілошавіч, безумоўна будзе просьба Югаславіі аб уступленьні ў саюз Беларусі й Расеі. Варта адзначыць, што гэтая прапанова была сустрэтая выканаўчымі ўладамі Беларусі й Расеі без залішняга энтузіязму. Сёньня падчас паседжаньня выканкаму саюзу ў Менску першы віцэ-прэм'ер Расеі Вадзім Густаў заявіў, што Беларусь і Расея павінны разглядаць прапанову Бялграда супольна. «Мяркую, што Югаславію варта прыняць у саюз, — сказаў сп. Густаў, але дадаў: — Пакуль ідзе вайна, разглядаць гэтую прапанову тэрмінова — ня самы разумны падыход».

Думкі Вадзіма Густава падзяляе і ягоны беларускі калега, першы віцэ-прэм'ер ураду Беларусі Васіль Даўгалёў. «Пакуль там ідуць ваенныя дзеяньні, ніякіх экстраных рашэньняў быць ня можа», — сказаў ён. Сп. Даўгалёў лічыць, што Югаславію можна было б прыняць у саюз з выпрабавальным тэрмінам. «А то скончыцца вайна — яны назад папросяцца...», — патлумачыў першы віцэ-прэм'ер Беларусі.

Паводле міністра замежных справаў Урала Латыпава, галоўная ўвага падчас перамоваў Лукашэнкі ў Бялградзе будзе нададзеная ўсё ж такі пошуку шляхоў вырашэньня канфлікту. «Галоўнае — спыніць вайну, а потым вырашаць пытаньні аб саюзе», — заявіў міністар Латыпаў журналістам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG