Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Пасьля 19 дзён налётаў і ракетнага абстрэлу югаслаўскіх ваенных аб'ектаў кіраўніцтва НАТО вырашыла значна ўзмоцніць сваю вайсковую групоўку, якая вядзе баявыя дзеяньні. ЗША накіроўваюць у раён канфлікту дадатковыя 82 баявыя самалёты, а Вялікабрытанія — авіяносьбіт «Інвізібл» з датаковымі самалётамі «Гарыер» на борце. Як заявіў брытанскі міністар замежных справаў Робін Кук, «з кожным днём войскі НАТО ў раёне канфлікту будуць мацнейшыя, а армія Слабадана Мілошавіча — слабейшая».

Сытуацыя сэрбскага прэзыдэнта Мілошавіча пагаршаецца з кожным днём. З кожным днём, калі міжнароднаму грамадзтву становяцца вядомымі новыя і новыя злачынствы сэрбскай арміі ў Косаве, паглыбляецца і ізаляцыя Югаславіі на міжнароднай арэне. Таму Мілошавіч вядзе супроць НАТО і прапагандысцкую бескампрамісную вайну. Югаслаўскія афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, напрыклад, інакш як фашыстамі не называюць лідэраў краінаў НАТО.

Шукае Мілошавіч і саюзьнікаў, дзе толькі можа. Лічыць ён, напэўна, што важным козырам у прапагандысцкай вайне стане і далучэньне Югаславіі да так званага «расейска-беларускага міждзяржаўнага саюзу». Сёньня раніцай абедзьве палаты Югаслаўскага парлямэнту згодна прагаласавалі за далучэньне да саюзу. Ні ў ніжэйшай, ні ў вышэйшай палаце ніхто не галасаваў супроць. Толькі пяцёра дэпутатаў устрымаліся ад голасу ў ніжэйшай і адзін у вышэйшай палаце.

Ці здолее гэты крок адчаю прэзыдэнта Мілошавіча неяк паўплываць на сытуацыю, ці можа ён неяк зьмяніць балянс сілаў? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да палітычнага камэнтатара нашага радыё, які ўжо больш за 15 гадоў піша на югаслаўскія тэмы, Патрыка Мора. Вось што ён мне адказаў:

(Мор:) «Слабадан Мілошавіч усьведамляе, што ён прайграе канфрантацыю з НАТО. У яго не засталося ніякіх сяброў. Ён разьлічвае на гэты саюз, каб выратаваць сябе, прыцягваючы Расею на свой бок. Думаю, што ў Маскве дастаткова людзей, якія ўсьведамляюць, у чым тут справа, якая тут гульня. Яны, магчыма, і гатовыя рабіць гучныя заявы наконт салідарнасьці перад агрэсіяй НАТО з прапагандысцкіх прычынаў, але, як заўсёды з расейскай палітыкай, яны будуць матываваць гэта практычнымі інтарэсамі. І яны добра ведаюць, што гэта дыктатар, які прайграе і які імкнецца пацягнуць за сабой Расею. Так што, на маю думку, нічога канкрэтнага з гэтага не атрымаецца. Людзі ў Сэрбіі баяцца, яны адчуваюць сябе пакінутымі, яны заклапочаныя. І іх прэзыдэнт хоча даць ім крыху прапаганды, каб дапамагчы. Але, паўтараю, канкрэтных вынікаў тут ня будзе. Хіба што яшчэ некалькі грузаў гуманітарнай дапамогі».

Апошнія дні бамбаваньняў югаслаўскіх ваенных аб'ектаў прайшлі ў часе сьвяткаваньня праваслаўных велікодных сьвятаў. У сувязі з гэтым да кіраўніцтва НАТО зьвярнуўся шэраг сусьветных лідэраў з просьбай прыпыніць на час сьвятаў налёты і ракетны абстрэл Сэрбіі. Прэзыдэнт Румыніі Эміль Канстантынэску (Румынія таксама праваслаўная краіна), які падтрымлівае ваенную акцыю НАТО супроць Югаславіі, нават накіраваў асабістае пасланьне ў гэтай справе генэральнаму сакратару НАТО Ксавьеру Саляне. І НАТО адгукнулася. Налёты ў велікодны ўікенд былі абмежаваныя і датычылі толькі выключна ваенных аб'ектаў. НАТО не было папросту ў стане прыпыніць ваенныя апэрацыі, таму што сэрбская армія ў Косаве працягвала свае этнічныя чысткі, павялічваючы такім чынам і так ужо вялізнае мора ўцекачоў-альбанцаў. Прэсавы сакратар НАТО Джэймі Шэй на штодзённай прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі наступным чынам пракамэнтаваў ваенныя падзеі мінулага ўікенду:

(Шэй) «Нашыя ўдары былі сканцэнтраваныя на аб'ектах унутры Косава. Асабліва на нафта- і бэнзасховішчах каля Прышціны. Некалькі ракетаў «Круз» трапілі ў антэны радыёстанцыяў. Я падкрэсліваю: мы, як заўсёды, атакавалі выключна ваенныя аб'екты. Вы, напэўна, заўважылі, што мінулая ноч была часам адноснага ўстрыманьня з боку НАТО, таму што мы са зразуменьнем падыходзім да сьвята праваслаўнага Вялікадня».

У сваёй прамове перад журналістамі ў штаб-кватэры НАТО Джэймі Шэй падрабязна затрымаўся на тым, якую шкоду робяць налёты НАТО югаслаўскай арміі:

(Шэй:) «Узброеныя сілы Югаславіі працягваюць выказваць адзнакі стомленасьці і вынішчэньня ў выніку нашых апэрацыяў. Вось адна справа, якую мы можам назіраць у дадзены момант — гэта як цяжка ідзе мабілізацыя ў Югаславіі, якія праблемы стаяць перад югаслаўскай арміяй у гэтым сэнсе».

Ваенны саюз НАТО быў створаны 50 год таму з адной галоўнай мэтай — прадухіліць трэцюю сусьветную вайну. І НАТО да сёньняшняга дня пасьпяхова выконвае гэтую місію. Больш таго, НАТО без адзінага стрэла перамагло ў халоднай вайне і дачакалася краху камунізму. Неаднойчы НАТО вымушанае было адмаўляцца ад ваеннай канфрантацыі ў Эўропе, калі Савецкі Саюз і ягоныя саюзьнікі па Варшаўскім пакце арганізавалі агрэсію супроць Чэхаславаччыны ў 1968 годзе, калі савецкія войскі крывава душылі вугорскае паўстаньне ў 1956 годзе. Ці надалей НАТО ў новых варунках зможа выконваць ролю гаранта міру і стабільнасьці ня толькі на Эўрапейскім кантынэнце, але і ва ўсім сьвеце?

Палітыка этнічных чыстак, прымусовае перасяленьне альбанскага народу нагадвае сталінскую практыку так званых «пакараных» народаў, якія поўнасьцю перасяляліся са сваёй гістарычнай бацькаўшчыны. І таму НАТО выконвае папросту свой абавязак — сілай намагаецца прыпыніць злачынствы.

«Ніхто ня ведае, ці ў рэшце рэшт прэзыдэнт Мілошавіч саступіць сіле, але сіла — гэта адзіная мова, якую ён разумее», — так ахарактарызаваў канфліктную сытуацыю паміж НАТО і Югаславіяй шматгадовы амбасадар ЗША ў Югаславіі Ўорэн Цымэрман.

Канфлікт паміж НАТО і Югаславіяй у Косаве не нарадзіў праблему ўцекачоў, ён толькі паглыбіў яе. У прэзыдэнта Мілошавіча даўно існавалі пляны этнічных чыстак, а налёты НАТО толькі паскорылі іх ажыцьцяўленьне. Паводле дадзеных Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, на сёньня сэрбскую мяжу з Македоніяй, Альбаніяй і Чарнагорыяй перайшлі 517 тысячаў чалавек. Але гэтыя людзі знаходзяцца цяпер у адноснай бясьпецы. Паводле ж інфармацыі Арміі Вызваленьня Косава, ня менш за 400 тысячаў альбанцаў сталі ўцекачамі ўнутры Косава. Яны хаваюцца ў гарах і лясах, частка зь іх — гэта тыя, каго сэрбскія ўлады вярнулі зь мяжы з Альбаніяй і змусілі вярнуцца ў спустошаныя дамы. Іх лёс трагічны, ёсьць інфармацыя, што югаслаўскія ўлады хочуць выкарыстоўваць іх у якасьці жывых шчытоў. ААН нават зьвярнулася да сэрбскага ўраду з просьбай зрабіць гуманітарны калідор для дапамогі гэтым людзям. Адказу сэрбскага боку на гэтае запытаньне не было.

Ваенныя ўдары НАТО супроць Югаславіі з кожным днём робяцца ўсё больш і больш інтэнсіўнымі і эфэктыўнымі. У Сэрбіі цяпер практычна не засталося ніводнага непашкоджанага нафтаачышчальнага камбінату. Значна зьнізіліся магчымасьці супроцьпаветранай абароны. Цяпер НАТО рыхтуе глебу для таго, каб над Косавам у паветры ўвесь час знаходзіліся самалёты НАТО, каб кожны рух югаслаўскіх войскаў быў пад іх кантролем. Дзеля гэтага ў хуткім часе на авіябазах у Італіі і на авіяносьбітах у Адрыятычным моры будзе каля 800 самалётаў. Маючы гэткі абсалютны кантроль у югаслаўскай паветранай прасторы, саюзьнікі НАТО такім чынам імкнуцца нанесьці канчатковую паразу прэзыдэнту Мілошавічу. Перавага НАТО над югаслаўскай арміяй у паветры была значная і ў пачатку канфлікту. Цяпер жа яна робіцца абсалютнай. На працягу ўсяго канфлікту саюзная авіяцыя страціла толькі адзін самалёт. Праўда, дагэтуль не было вядома, якім жа чынам югаслаўская супроцьпаветраная абарона зьбіла «нябачны» для радараў супэрсучасны самалёт F117 «Стэлт».

У Вашынгтоне ўчора скончыла сваю працу cпэцыяльная камісія Міністэрства Абароны ЗША, якая расьсьледавала абставіны страты гэтага самалёта. Не пацьвердзілася пачатковая вэрсія, што самалёт пацяпеў аварыю. Ён быў зьбіты супроцьпаветранай ракетай савецкай вытворчасьці СА-3. Праўдопадобна, югаслаўскія радары здолелі запэленгаваць яго ў той момант, калі адчыніўся бомбавы люк і адна з бомбаў стала бачная на экране радара. Пілёт даўжэй за дапушчальны тэрмін трымаў адчыненым бомбавы люк, і гэта прывяло да катастрофы. У справаздачы камісіі таксама гаворыцца, што F117 быў зьбіты тады, калі ён скінуў адну з сваіх бомбаў, а другую не пасьпеў. І вось гэтая першая бомба магла быць запаленгаваная радарамі.

Апошнім часам кіраўніцтва НАТО неаднойчы наракала на дрэннае надвор'е. Нізкія хмары перашкаджалі самалётам НАТО рабіць дакладнае бамбаваньне, і многія зь іх вымушаныя былі вяртацца на базы зь нявыкарыстанымі бомбамі. Цяпер, аднак, авіяцыя НАТО пачала выкарыстоўваць новую тактыку, якая дазваляе бамбаваць нават пры мінімальнай бачнасьці. І гэта яшчэ адзін крок да паразы югаслаўскай ваеннай машыны ў канфлікце з НАТО.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG