Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Койданава

Учора на юрыдычны адрас управы Жаночага Руху «Адраджэньне Айчыны» ў Койданаве да жыхаркі гэтага гораду і лідэра згаданага руху Тацяны Ванінай прыйшло пісьмовае папярэджаньне ад начальніка Ўправы грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства Юстыцыі Міхаіла Сухініна. Папярэджаньне вынесенае за ўдзел жаночай арганізацыі ў падрыхтоўцы прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году.

Сёньня раніцай я сустрэўся зь лідэрам Беларускага Жаночага Руху «Адраджэньне Айчыны» Тацянай Ванінай у ейнай кватэры ў Садовым завулку ў Койданаве — гэтая кватэра, дарэчы, і ёсьць юрыдычным адрасам руху — і меў магчымасьць прачытаць мін'юстаўскае пісьмовае папярэджаньне. Яго аўтар, начальнік Управы грамадзкіх аб'яднаньняў Міхаіл Сухінін, у прыватнасьці, дзеяньні свайго міністэрства абгрунтаваў гэткім чынам: «Кіраўніцтвам аб'яднаньня накіроўваюцца дакумэнты ў розныя выканкамы аб вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у камісіі. Такім чынам, яно прымала ўдзел у правядзеньні мерапрыемстваў у выглядзе так званых прэзыдэнцкіх выбараў, якія прызначаныя на 16 траўня 1999 году. Падрыхтоўка гэтай акцыі носіць незаконны характар, груба супярэчыць статуту і зьяўляецца парушэньнем парадку правядзеньня выбараў, усталяванага Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і заканадаўствам».

Сп. Сухінін у канцы свайго ліста растлумачвае Тацяне Ванінай, што калі ўдзельнікі руху на працягу году будуць заўважаныя паўторна ў падобных парушэньнях, то МінЮст паставіць пытаньне аб ліквідацыі гэтай грамадзкай арганізацыі ва ўстаноўленым парадку.

Як жа ўспрымае афіцыйнае папярэджаньне сама Тацяна Ваніна, якая ёсьць да ўсяго каардынатарам перадвыбарчых справаў у Менскай вобласьці ад штабу Міхаіла Чыгіра? Гаворыць Тацяна Ваніна:

(Ваніна:) «Я хачу яшчэ раз пацьвердзіць, што БЖР вылучыў 124 сяброўкі арганзіацыі ў камісіі розных узроўняў па ўсёй Беларусі. Дзейнічалі мы згодна з пастановай Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня і згодна з Канстытуцыяй, якая канстатуе, што прэзыдэнт абіраецца на 5 гадоў. Прэзыдэнтавы «заканадаўцы» ўжо раз зьдзівілі сьвет сваёй творчасьцю, калі адзін артыкул іхнай «канстытуцыі» пярэчыць наступнаму. І калі тэрмін прэзыдэнцтва такімі «законьнікамі» будзе працягвацца пасьля кожнай папраўкі, унесенай у Канстытуцыю, — я хачу спытацца: пры чым жа тут людзі, якія ўсё ж такі хочуць, каб выбары адбываліся ў свой тэрмін? Яны маюць права на гэты выбар. Згодна з законам аб выбарах, арганізацыя, якая мае рэспубліканскі статус, мае права вылучаць сваіх сяброў у камісіі розных узроўняў — ва ўсе камісіі па адным чалавеку. Таму мы дзейнічалі згодна з законам аб выбарах».

Як сказала Тацяна Ваніна, на яе погляд, галоўным парушальнікам тут зьяўляецца прэзыдэнтава «палата прадстаўнікоў», якая ня выканала навата прынятую ёю самою новую рэдакцыю Асноўнага Закону — не прызначыла ў свой тэрмін перавыбары кіраўніка дзяржавы. Вось чаму мая суразмоўніца пісьмовае папярэджаньне МінЮсту лічыць спробай палітычнай расправы з Жаночым Рухам «Адраджэньне Айчыны», які будзе дзейнічаць і жыць, заявіла Тацяна Ваніна, нават у тым разе, калі яго ўлады загоняць у падпольле.

Нагадаем нашым слухачам, што цяпер, падчас перарэгістрацыі грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, МінЮст патрабуе ад іх унясеньня ў статут адмысловага артыкулу пра безумоўнае прызнаньне канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году, з чым, дарэчы, ня згодная Тацяна Ваніна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG