Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

У той час, як Цэнтральная Выбарчая Камісія ў справе выбараў прэзыдэнта фармуе ўчастковыя камісіі, афіцыйныя ўлады ўзмацняюць ціск на рэгіянальных сяброў выбарчых камісіяў. Акрамя гэтага ўлады імкнуцца інкрымінаваць старшыні Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктару Ганчару новы артыкул крымінальнага кодэксу — «Захоп улады пры дапамозе змовы». У сувязі з гэтым сябры выбарчых камісіяў выклікаюцца на допыты.

Выклікі сяброў тэрытарыяльных камісіяў на допыт у КГБ і пракуратуру носяць па ўсёй Беларусі масавы характар. Пра гэта нашаму радыё заявіў прэсавы сакратар ЦВК Аляксандар Коктыш. Апошнімі днямі на допыт выклікаліся: старшыня камісіі гораду Хоцімску Іван Верабей — яму вынесенае папярэджаньне, сябра камісіі з Крычава Жарабінава — яна атрымала штраф у 500 тысячаў рублёў, у Бабруйску на допыты выклікалася гарадзкая камісія ў поўным складзе. У Менску позву зьявіцца на допыт атрымаў сёньня сябра Ленінскай раённай выбарчай камісіі Мікалай Галаўнёў.

Сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр лічыць, што ўлады сканцэнтравалі рэпрэсіўныя захады супраць сяброў выбарчых камісіяў менавіта ў беларускай правінцыі. Барыс Гюнтэр зьвязаў масавыя факты выклікаў на допыт сябраў выбарчай камісіі з тым, што афіцыйныя ўлады імкнуцца перакваліфікаваць абвінавачаньне супраць старшыні ЦВК Ганчара з 190-га артыкула крымінальнага кодэксу («Прысваеньне слжбовых паўнамоцтваў») на артыкул 161 («Захоп улады пры дапамозе змовы»), бо абвінавачаньне ў прысваеньні службовых паўнамоцтваў пакуль рассыпаецца.

Сакратар Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Гюнтэр заявіў:

(Гюнтэр:) «Сёньня ўлады шукаюць факт змовы сярод сяброў камісіяў, якія нібыта хочуць гвалтоўна зьнішчыць цяперашнюю ўладу шляхам змовы. Справа ў тым, што гэта не атрымаецца ў сувязі з тым, што ЦВК працуе адкрыта, не хаваючыся, не хаваючы сваіх сяброў, не хаваючы сяброў рэгіянальных камісіяў. Самае цікавае, што ў прынцыпе, наколькі я ведаю, ніводзін сябра камісіі пакуль не зламаўся. Ніводзін сябра камісіі не напісаў адмовы ад удзелу ў камісіі. Яны працягваюць працаваць у тым кірунку, як загадана Вярхоўным Саветам ХІІІ скілканьня».

Паводле сп. Гюнтэра, цяпер актыўна йдзе фармаваньне ўчастковых камісіяў, якое, як плянуецца, будзе завершанае напрыканцы красавіка.

XS
SM
MD
LG