Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Улады Югаславіі робяць чарговыя захады з мэтай далучыцца да саюзу Беларусі й Расеі. Сёньня абедзьве палаты югаслаўскага парлямэнту амаль аднагалосна прагаласавлі за далучэньне сваёй краіны да саюзу. А напярэдадні Слабадан Мілошавіа накіраваў Барысу Ельцыну прыватны ліст з адпаведнай просьбай. Між тым да ініцыятывы Мілошавіча скептычна ставяцца нават некаторыя прасэрбскія палітыкі.

Прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына з прыватным лістом, у якім пацьвердзіў сваю ранейшую просьбу аб далучэньні Югаславіі да саюзу Беларусі й Расеі. Гэты ліст пасол Югаславіі ў Расеі Барыслаў Мілошавіч перадаў першаму намесьніку міністра замежных справаў Расеі Аляксандру Аўдзееву.

Пасол Югаславіі паведаміў пра гэта кіраўніку расейскага парлямэнту Генадзю Селязьнёву падчас іх сёньняшняе сустрэчы. Праўда, прэс-служба Міністэрства Замежных Справаў Расеі пакуль афіцыйна не пацьвердзіла гэтую інфармацыю.

Але сёньня пазыцыю расейскага МЗС агучыў міністар замежных справаў Ігар Іваноў. «У Расеі, — заявіў ён на прэсавай канфэрэнцыі, — станоўча ставяцца да ідэі ўдзелу Югаславіі ў саюзе Беларусі і Расеі». Іваноў паведаміў, што на даручэньне прэзыдэнта і прэм'ер-міністра Расеі Міністэрства Замежных Справаў цяпер падрабязна разглядае гэтае пытаньне.

Але відавочна, што кіраўніцтва Расеі ня будзе сьпяшацца прымаць нейкія захады з мэтай далучэньня Югаславіі да саюзу.

Паводле віцэ-прэм'ера Расеі Вадзіма Густав, заўтра на паседжаньні выканаўчага камітэту саюзу, якое адбудзецца ў Менску, магчымае далучэньне Югаславіі абмяркоўвацца ня будзе. «Гэта чыста палітычнае рашэньне, — заявіў Вадзім Густаў. — Яно, відаць, будзе прынятае пазьней. А заўтра мы будзем абмяркоўваць праблемы эканамічнага супрацоўніцтва».

Між тым, палітычная ініцыятыва югаслаўскага боку не знаходзіць поўнае падтрымкі нават у тых расейскіх палітыкаў, якія займаюць прасэрбскія пазыцыі. Старшыня камітэту Дзяржаўнае Думы па геапалітыцы, адзін зь лідэраў ЛДПР Аляксей Мітрафанаў падзяліўся з карэспандэнтам Радыё Свабода сваімі думкамі. «Ініцыятыва, зь якой выступіў Мілошавіч, — сказаў Мітрафанаў, — уздымае шмат пытаньняў. Перш за ўсё — што прадугледжвае гэтае дэкляраванае аб'яднаньне? Ці значыць гэта, што мы будзем аказваць вайсковую дапамогу Югаславіі, ці будзем мы ўдзельнічаць у вайне? Мы ня ведаем, — працягваў Аляксей Мітрафанаў, — ці ёсьць у расейскага ўраду нейкая палітыка ў гэтым пытаньні. Калі й ёсьць, то яна хаваецца ў сакрэце. Як і ўсё ва ўрадзе Прымакова».

На думку Мітрафанава, цяпер пытаньне далучэньня Югаславіі абмяркоўваецца выключна на ўзроўні эмоцыяў.

Нагадаю, што гэта думка аднаго зь лідэраў Лібэрал-Дэмакратычнае Партыі Расеі, якая заўсёды выступала за шчыльны саюз зь Югаславіяй. Менавіта ЛДПР яшчэ паўгода таму першая вылучыла ідэю далучэньня Югаславіі да саюзу Беларусі й Расеі. І таму скептычнае стаўленьне лібэрал-дэмакратаў да сёньняшняе ініцыятывы Мілошавіча можа быць паказальным.

XS
SM
MD
LG