Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 красавіка 1999 г.


Заробкі за мяжой

Ці надалей выязд на заробкі за мяжу з"яўляецца адказам-аксіёмай на пытаньне: як зарабіць і жыць багата і годна?
Ці эміграцыя, часовая ці сталая, - аўтаматычна гарантуе павышэньне маёмаснага стану?
Ці сёньня міграцыйныя патокі па-ранейшаму з"яўляюцца маторам прагрэсу і цывілізацыі?
Каб адказаць на гэтыя і іншыя пытаньні беларуская рэдакцыя радыё "Свабода" пачынае новую сталую серыю перадачаў "У сьвет на заробкі", якая будзе выходзіць у эфір кожную сераду.

(Голас:) "Патрабуюцца каменшчыкі для працы ў Празе. Забяспечваем жыльлём";
"Чэская фірма шукае ўкраінскіх рабочых рознай кваліфікацыі";
"У піццэрыю ў цэнтры Прагі патрабуецца афіцыянтка да 25 гадоў. Можна без практыкі";
"Рэстаран у Празе шукае дапаможных работнікаў на кухню";
"Патрабуецца кіраўнік інвестыцыйнага аддзелу са сваёй базай кліентаў, дасведчаньнямі ў прыцягваньні сродкаў".

Гэта ўсяго некалькі з прыпадкова абраных абвестак з апошняга нумара праскай штотыднёвай расейскамоўнай газеты "Пражская карусель". Але падобныя абвесткі можна сустрэць у газетах Польшчы, Вугоршчыны, Славаччыны, Нямеччыны, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады і шмат якіх іншых краінаў. Запатрабаваньне на сьвеце на танную працоўную сілу з Усходу даволі значнае. Але не толькі. Зусім нядаўна пецярбугская фірма "МІЦ" падпісала пагадненьне з адным з буйнейшых кадравых агенцтваў Японіі ў справе набору спецыялістаў камп"ютарнай справы ў краінах Садружнасьці Незалежных дзяржаваў. Нехта можа пасмяяцца, але незадаволены попыт Японіі на праграмістаў на сёньняшні дзень складае 29 тыс. чалавек. Іншымі словамі дзесяткі тысяч камп"ютаршчыкаў з тэрыторыі былога Савецкага Саюзу маглі б хоць заўтра накіравацца на працу ў самую багатую краіну Далёкага Усходу. Праўда, ёсць тут адзін вельмі істотны варунак - добрае веданьне ангельскай мовы. І калі вы яе ведаеце, можаце спакойна зарабляць ад 35 да 75 тыс. даляраў у год.

Беларусь ніколі не была багатай краінай, але не была яна і сярод вельмі бедных. Паводле дадзеных ААН, у 1997 годзе нацыянальны даход тут на душу насельніцтва складаў 4250 даляраў. Гэта прыблізна ў 7 - 8 разоў меней, чымся ў развітых краінах Захаду. Паводле падобнай лёгікі і заробкі беларусаў павінны былі б быць у падобнай прапорцыі. Іншымі словамі, калі ў Нямеччыне зарабляць прыблізна 3,5 тыс. даляраў на месяц, дык на Беларусі адпаведна заробак павінен быў бы быць недзе ў межах 400 - 450 даляраў на месяц. Ён жа ў сапраўднасьці змяншаецца з месяца ў месяц і сёньня не перавышае 35 даляраў. Куды ж падзеліся тыя яшчэ тыя сотні недаплочаных даляраў? На ўтрыманьне каго яны пайшлі? Пытаньне, здаецца, рытарычнае...

Галоўная прычына таго, што паводле вынікаў апытаньня грамадскай думкі кожны чацверты беларус хацеў бы выехаць на заробкі ў замежжа - надзвычайнае збядненьне народу. Станіслаў Багданкевіч, лідар грамадзянскай партыі Беларусі і былы старшыня нацыянальнага банку каментуе прычыну так вялізнай цягі беларусаў у эміграцыю наступным чынам:

(Багданкевіч:) "Сёньня заробкавая эміграцыя ва ўмовах неафіцыйнай вайны Лукашэнкі з прадпраймальніцтвам, чалнакамі, ва ўмовах галечы, абясцэньваньня рублёвых ашчаднасьцяў, зьява нармальная, хоця па сутнасьці прымусовая. У сваёй краіне беларус сёньня зарабляе 30 - 35 даляраў. Гэта ў два разы меньш, чымся год назад. За 10 год Беларусь звонку атрымала толькі 34 даляры інвестыцыяў на аднаго жыхара. Гэта апошняя месца ў Эўропе. Гэта ў 4 разы меньш, чымся ў Албаніі, у 10 разоў меней, чымся ў Літвы, Польшчы, Эстоніі. Яшчэ ў пачатку 1997 году насельніцтва мела грошаў ва ўсіх формах сберажэньняў на 889 млн. даляраў, сёньня толькі 530 млн. даляраў. Гэта абвал. За 1998 год цэны вырасьлі ў 2,8 разы. У студзені - 17%, у лютым - 14%. Для беларуса няма прасвету. Вядома, эміграцыя гэта дрэнна, але яе астаноўкі неабходная зьмена курсу, адказ ад самаізаляцыі і г.д. Патрэбна, каб не мы ехалі за мяжу працаваць, каб ехалі да нас з грашыма і давалі нам працу."

Сёньня на нашай планеце самыя багатыя краіны - гэта краіны эмігрантаў. Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Аргентына - краіны, якія сваім багацьцем удзячныя працы і прадпрыймальнасьці мільёнаў эмігрантаў, галоўным чынам з Эўропы. Не знаходзячы прымяненьня сваім здольнасьцям і энергіі на бацькаўшчыне, мільёны людзей на працягу амаль пяці стагоддзяў накіраваюцца за акіян за лепшай доляй. І знаходзяць яе, знаходзяць, дзякуючы сваёй цяжкай працы і самаахвярнасьці.

Гаворыць беларускі эмігрант у Польшчы Уладзімер Петрашкевіч.

(Петрашкевіч:) " Аб тым, што тэма працы за мяжой робіцца ўсё больш і больш актуальнай сьведчыць тое, што да мяне апошнім часам звяртаюцца людзі з Беларусі: звоняць і пішуць мае сябры, проста знаёмыя з просьбай дапамагчы знайсці працу. З іх словаў вынікае, што ў пошуках кожнай працы яны спачатку выязджаюць на Беласточчыну, але, калі там яе не атрымаюць, дык паедуць недзе далей шукаць працу. Відаць, што людзям набалела. Мне ўдалося знайсці працу хатняй гаспадыні для добрай знаёмай, якая працавала на Беларусі медыцынскай сястрой. Будзе зарабляць 4 - 4,5 злотых на гадзіну. Без рэкамендацыяў на такую працу не возьмуць. Прасьцей знайсьці працу будаўнікам, асабліва высокакваліфікаваным, якія тут зарабляюць 300 - 400 даляраў на месяц".

Гэта быў фрагмент размовы з Уладзімірам Петрашкевічам, які выехаў на заробкі ў Польшчу. Поўнасьцю размова з Уладзіммірам Петрашкевічам і ягоныя парады патэнцыяльным эмігрантам прагучаць у адной з наступных пердачаў гэтай серыі.

У нашых перадачах мы таксама раскажам пра магчымасьці легальнай эміграцыі ў краіны Эўропы, Амерыкі, Азіі, Аўстраліі і нават Афрыкі. Мы падрабязна паінфармуем вас: якія цяжкасьці і небяспека чакаюць тых беларусаў, хто вырашыць эміграваць ці выехаць на часовыя заробкі нелегальна.
Гаворыць кіраўнік дапартаменту рабочай сілы чэскага міністэрства працы Душан Повіч.

(Душан Повіч:) " Ніякая беларуская фірма не можа абяцаць, што забяспечыць працай у Чэхіі. Абяцаць гэта можа беларуская пасярэдніцкая арганізацыя, якая займаецца пасрэдніцтвам і якая падбірае спецыялістаў для працы ў канкрэтнага працадаўцы. Гэта фірмы, якія маюць дазвол адпаведнага чэскага міністэрства".

Гэта быў урывак з інтэв"ю з кіраўніком дэпартаменту рабочай сілы чэскага міністрства працы Душанам Повічам. У ім ён падрабязна прадставіў афіцыйны пункт гледжаньня ўраду Чэхіі ў справе работнікаў з замежжа. Таксама цалкам інтэрв"ю з ім прагучыць у адной з наступных перадачаў.

У перадачах новай серыі прагучыць таксама інфармацыі аб тым, якія заробкі чакаюць патэнцыяльных мігрантаў. Мы раскажам пра рынак працы ў замежжы для лекараў, інжынераў усіх спецыяльнасьцяў, юрыстаў, спарцменаў, летчыкаў, высокакваліфікаваных рабочых і тых, хто не мае ніякай спецыяльнасьці.

Вы зможаце таксама пачуць адказы на пытаньні пра адносіны да эмігрантаў у той, ці іншай краіне, даведацца пра працэдуру афармленьня дакументаў, каб паехаць на заробкі, атрымаць інфармацыю пра варункі жыцьця і працы эмігрантаў.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG