Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 красавіка 1999 г.


Сёньня Беларусь разьвітвалася з Генадзем Карпенкам. З раніцы людзі бясконцым патокам ішлі ў будынак Прэзыдыюму Акадэміі навук, дзе адбывалася грамадзянская паніхіда. Людзі несьлі кветкі і вянкі, луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі БНФ і АГП з чорнымі стужкамі. Ішлі палітыкі і навукоўцы, спартсмэны і журналісты. Аддаць даніну памяці прыйшлі прадстаўнікі амаль усіх амбасадаў. Але ў большасьці на разьвітаньне з Карпенкам ішлі простыя людзі, простыя беларусы зь Менску, Маладэчна, іншых гарадоў краіны.

Праўду кажуць - сьмерцьь забірае лепшых. Міхась Ткачоў, Анатоль Майсеня, зараз вось - Генадзь Дзьмітрыевіч. Сыйшоў ня проста адзін зь вядучых палітыкаў краіны - а сапраўды нацыянальны лідар. Карпенку давялося быць лідарам у час паразы, у час, калі на Беларусь насунулася цемра, а гэта - вельмі нялёгкі цяжар. Папрокі ў яго ляцелі ня толькі ад ворагаў, але і ад сваіх. Генадзь Дзьмітрыевіч, як ніхто, адчуваў адказнасьць за паразу, за тое, што не ўратаваў Беларусь і, як мог, набліжаў Вызваленьне. Але не дачакаўся яго, атрымаўшы тую свабоду, якую ўжо ніхто не адбярэ.

Неяк Юрась Хадыка казаў, што пад час Грунвальдскай бітвы беларускія коньнікі ішлі ў наступ праз ваўчыныя ямы, і войскі прайшлі толькі тады, калі ямы напоўніліся целамі загінуўшых войнаў. Гэта - пра Карпенку, які таксама загінуў у "ваўчынай яме" ілжы і гвалту, загінуў, каб іншыя пайшлі наперад.

Напрыканцы паніхіды над труной гучалі словы разьвітаньня Ніла Гілевіча і Сямёна Домаша. Аб палітычным запавеце Карпенкі казаў адзін зь кіраўнікоў БНФ Іван Саверчанка.

(Саверчанка:) "Генадзь Дзьмітрыевіч хацеў палітычнай кансалідацыі нашага грамадзтва, і ён гэтае рабіў спакойна, крок за крокам. І многае яму ўдалося. Генадзь Дзьмітрыевіч марыў пра тое, каб вывесьці нашую краіну з ізаляцыі, у якой яна апынулася, і ён рабіў практычныя штодзённыя крокі дзеля гэтага. Ён апошнім часам жыў у вялікім інтэлектуальным напружаньні. Ён думаў, перажываў, сустракаўся, раіўся. Дарагі Генадзь Дзьмітрыевіч, дарагі дружа, сёньня, разьвітваючыся з табой, мы абяцаем, што ўсё тое, што мы планавалі, будзем зьдзяйсьняць".

Пра тое, як успрыняла сьмерць свайго былога мэра Маладэчна, гаварыў Рыгор Сарока.

(Сарока:) "У час, калі Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка працаваў і кіраваў у горадзе Маладэчна, усё, да чаго дакранаўся гэты нэардынарны , таленавіты чалавек, было цудоўным і вельмі аптымістычным. Вы памятаеце, што ў той час пра горад Маладэчна гаварылі, што гэта - "горад сонца". Потым, можа, нехта гаваыў пра гэта іранічна, але я, як чалавек, які даўно працуе ў гэтым горадзе, які з'яўляўся сябрам Генадзя Дзьмітрыевіча, скажу, што калі б такія людзі працавалі і жылі і кіравалі на Беларусі, то і нашую няшчасную Беларусь часьцей бы наведвала гэтае сонца. Два дні таму на адным з мерапрыемстваў у нашым горадзе, у канцэртнай залі вучэльні музычнай, дзе было паўтысячы людзей, калі стала вядома аб гэтай трагедыі, людзі ў адным парыве стоячы рыдалі. Мы там зразумелі, як любілі Генадзя Дзьмітрыевіча. І сёньня, на пахаваньні, мы бачым, як любілі яго ў нашай сталіцы, як любілі яго ў нашай Беларусі".

Потым слова ўзяў старшыня Таварыства Беларускай Мовы паэт Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін:)

Зноў сэрца нам сьціскае вырак горкі,
Нібы на выпрабоўвае знарок.
На родным небе патухаюць зоркі,
І над Радзімаю гусьцее змрок.

Не адпускае нас бяда сьляпая,
Вось-вось надзею выпаліць датла.
Як доўга нам трагічна не хапае
Зямнога і нябеснага сьвятла.

І вось ужо на дальнім даляглядзе
Над забыцьця пажухлаю травой
Узносіцца самотны цень Генадзя,
Яшчэ адной вяршыняй верставой.

Няўжо і ў праўду будзе шлях бясконцы,
І мы так і ня зладзім для дзяцей
Наш край сьвятла, наш вольны Горад Сонца,
Як з намі марыў ён, як ён хацеў?

Калі труну выносілі з будынку Прэзыдыюму акадэміі, людзкі натоўп запоўніў усю пляцоўку перад будынкам. Потым пад сьцягамі жалобная працэсія ў некалькі тысячаў чалавек пайшла па прашпэкце Скарыны на Маскоўскія (Усходнія) могілкі, праводзячы выбітнага сына Беларусі ў апошні шлях, у вечны спакой і вечную свабоду, пад жалобныя гудкі машынаў і гукі ваеннага аркестру.

Юры Дракахруст, Менск.

Мы яшчэ раз выказваем словы спачуваньня блізкім Генадзя Карпенкі і словы падтрымкі ягоным паплечнікам. Нашыя карэспандэнты адзначаюць, што разьвітацца з Генадзем Карпенкам, вядомым беларускім палітыкам, надзеяй Беларусі, прыйшлі каля 5 000 чалавек. Працэсія была сапраўды масавай і амаль гэткай жа масавай была прысутнасьць міліцыі і АМОНу, якія ўвесь час кантралявалі жалобную працэсію.

XS
SM
MD
LG