Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 красавіка 1999 г.


Старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Станіслаў Багданкевіч не выключае свайго арышту.

(Багданкевіч:) «Ужо месяц на тэлебачаньні і радыё разгортваецца кампанія па дыскрэдытацыі ў вачах беларусаў маёй чалавечай, прафэсійнай і палітычнай годнасьці. У мяне няма магчымасьці зьвярнуцца да вас па нацыянальным тэлебачаньні і радыё. Я зьвяртаюся з Прагі, знаходзячыся на канфэрэнцыі, з дапамогаю радыёстанцыі «Свабода».

Усе абвінавачаньні супраць мяне — гэта паклёп і хлусьня. Яшчэ ў лютым 1996 году Лукашэнка — наша ў адной асобе і ўлада, і пракурор, і суд — абвясьціў мяне крымінальнікам, транжырай, жулікам. Усе ягоныя выказваньні сьведчаць аб поўным неразуменьні задач і сутнасьці дзейнасьці Нацыянальнага Банку. Успомніце — ён казаў, што я быццам бы ўзяў у Нью-Ёрку 7 мільярдаў даляраў ЗША, якія прадаў у краіны Балтыі, што я перавёў у Расею шмат народных сродкаў праз банк «Алімп», і яшчэ шмат іншых адыёзных абвінавачаньняў.

Пракуратура год вывучала ягоныя выказваньні і, нягледзячы на ўціск, адмовілася распачынаць супраць мяне справу, бо ўсе Лукашэнкавы заявы былі хлусьнёй і паклёпам.

Прайшло тры гады. Я ўсё яшчэ на свабодзе. За гэтыя гады Лукашэнка пасадзіў без суду шмат сваіх хаўрусьнікаў, сярод якіх найбольш вядомыя — Віньнікава і Лявонаў. Увесь гэты час ён зьневажаў, наганяў страх на сваіх палітычных апанэнтаў. Успомніце хоць бы такія словы нашага «народнага віціі» — «я хочу публично заявить для руководителей всех партий: как только эти деятели в виде разного рода шарецких, грибов, шушкевичей и прочих дойдут до определенного уровня, голова им будет свернута в течение суток. Это я предупреждаю всех. У нас хватит сил, чтобы справиться с этим отребьем. Сегодня наступают эти сутки...»

Беларусь стаіць на парозе выбару прэзыдэнта і парлямэнту. Ужо няма сярод нас Генадзя Карпенкі. Ужо пад вартай экс-прэм'ер Чыгір, які ў свой час падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць эканамічнай палітыкі і незаконнага рэфэрэндуму Лукашэнкі. Зараз ён абвясьціў, што выстаўляе сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах.

Ужо зноў ідзе дыскрэдытацыя Багданкевіча, скіраваная на тое, каб я спалохаўся, здрэйфіў, ад'ехаў у эміграцыю. А калі гэтага не зраблю, то буду ізаляваны без суду на год-два ў турму паводле абсурдных абвінавачаньняў як хабарнік і жулік.

З усіх бакоў я чуў, што буду гэтымі днямі арыштаваны. Я вырашыў, што не пайду ў эміграцыю. Карыстаючыся гэтай нагодай, хачу сказаць маім суайчыньнікам, што сумленьне маё чыстае, што ні я, ні мае сыны ніколі не парушалі законаў, а тым больш ня кралі народных грошай., ня бралі крэдытаў, што я змагаўся і буду змагацца з гэтым прагнілым, бессаромным, ілжывым рэжымам.

Я нядаўна зьвярнуўся ў адкрытым лісьце да генэральнага пракурора Беларусі з просьбай распачаць супраць Лукашэнкі крымінальную справу за паклёп і зьнявагу чалавечай годнасьці — ня толькі маёй, але й іншых добрасумленных прафэсіяналаў. Я таксама падаў заяву ў суд Першамайскага раёну гораду Менску аб прыцягненьні да адказнасьці Беларускага Тэлебачаньня і ягоных камэнтатараў Дзьмітрыева і Зімоўскага».

XS
SM
MD
LG