Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

На зьняволенага Міхаіла Чыгіра, паводле афіцыйнай вэрсіі, падае падазрэньне ў крадзяжы зь «Белаграпрамбанку» 1 мільёна даляраў праз так званы «канадыйскі крэдыт». Але для доказу такой вэрсіі ўладам відавочна спатрэбяцца дакумэнты, якія б пацьвердзілі гэткае злачынства з боку цяперашняга кандыдата ў прэзыдэнты. нам пакуль не вядома — што на гэты конт ёсьць у праваахоўчых ворганаў, затое вядомыя дакумэнты, якія ўладам надта непажаданыя. Гэта перапіска — а дакладней яе частка — у справе «канадыйскага крэдыту».

Нагадаю: так званы «канадыйскі крэдыт», невяртаньне якога ўлады зьвязваюць з асобаю Міхаіла Чыгіра, насамрэч уяўляе сабою неажыцьцёўленую зьдзелку паміж двума суб'ектамі гаспадараньня. На пачатку 1994 году камэрцыйны банк «Белаграпрамбанк» з мэтай будаўніцтва ў Менску свайго новага офісу заключыў партнэрскую дамову з замежным прадпрыемствам з Канады. 24 сакавіка таго самага году на выкананьне будаўнічых апэрацыяў за подпісам Міхаіла Чыгіра быў пералічаны авансавы плацёж канадыйскай фірме памерам 1 мільён даляраў. Празь некалькі месяцаў падпісант будаўнічага кантракту пераходзіць на працу ва ўрад краіны, і ўсе банкаўскія справы перадае новаму кіраўніку «Белаграпрамбанку» Аляксандру Застаўнюку.

Далейшыя падзеі разгортваліся такім чынам, што за гэтую зьдзелку ў пошуку кампрамату на цяперашняга кандыдата ў прэзыдэнты зачапіліся кантралёры Аляксандра Лукашэнкі. У сваёй нядаўняй справаздачы кіраўніку дзяржавы яны напісалі, што ад сьнежня 1994 году Аляксандар Застаўнюк неаднаразова зьвяртаўся да кіраўніцтва канадыйскай фірмы з просьбай вярнуць авансавы плацёж назад у «Белаграпрамбанк», аднак, як сказана ў справаздачы, «адказы з Канады на запыты не паступаюць».

Цяпер можна сказаць, што гэта няпраўда. У Юліі Чыгір, жонкі зьняволенага банкіра, ёсьць копія ліста кіраўніка канадыйскай фірмы сп. Айзэка Майзэлса, напісанага ў лютым 1996 году і дасланага спадкаемцу Чыгіра ў «Белаграпрамбанку» старшыні праўленьня Застаўнюку. У гэтым лісьце сп. Майзэлс патлумачыў — чаму развалілася зьдзелка зь беларускім бокам. З тлумачэньня вынікае, што, перш чым пачаць будаўніцтва ў Беларусі, «Белаграпрамбанк» павінен быў падрыхтаваць для канадыйцаў будаўнічую пляцоўку з падведзенай электрычнасьцю і водазабесьпячэньнем, неабходным тэхнічным ды інжынэрным абсталяваньнем. Затым «Белаграпрамбанк» абяцаў замежнай фірме ажыцьцявіць перадаплату памерам 15% ад меркаванай вартасьці будаўніцтва, што складае 6,5 мільёнаў даляраў — для найму пэрсаналу, закупкі абсталяваньня, матэрыялаў і тэхналёгіяў, якіх няма ў Беларусі. «На жаль, - піша далей сп. Майзэлс, - ніводная з вышэйпералічаных умоваў і многія іншыя, якіх я ня згадваю, але якія ня менш важныя для выкананьня кантракту, не былі выкананыя Вамі належным чынам і своечасова, а многія не былі выкананыя зусім».

Што да просьбы беларускага боку вярнуць грошы, дык кіраўнік канадыйскай фірмы зазначыў у сваім лісьце, што «Белаграпрамбанк» з прычыны невыкананьня сваіх абавязаньняў нанёс замежнаму прадпрыемству прамыя і ўскосныя страты. Аднак, нягледзячы на гэта, сп. Майзэлс паведаміў, што гатовы працягнуць працу над праектам і выказаў спадзяваньне, што беларускі бок выканае дамоўленасьці паводле кантракту.

Такім чынам, напісаны тры гады таму дакумэнт дае досыць яснае ўяўленьне — што адбылося ў сапраўднасьці ў гэтай справе. Ва ўсялякім разе зь яго вынікае, што Міхаіл Чыгір ня мае аніякага дачыненьня да развалу зьдзелкі з канадыйцамі і тым болей да прыпісванага яму крадзяжу 1 мільёна даляраў з валютнага рахунку «Белаграпрамбанку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG