Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Прэсавы цэнтар Цэнтральнай Камісіі па выбарах прэзыдэнта Беларусі распаўсюдзіў інфармацыю пра факты грубага — у тым ліку фізычнага — ціску на прадстаўнікоў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Афіцыйныя СМІ з свайго боку, правягваюць безупынныя спробы дыскрэдытацыі сяброў выбаркамаў.

Пра некаторыя факты, пра якія паведамлялася раней, якія ўтрымваюцца ў прэс-рэлізе за 7 красавіка, варта нагадаць яшчэ раз.

Прадстаўніцу Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лідзію Сазанавец на працягу 10 гадзінаў дапытвалі ў Лідзкім райаддзеле ўнутраных справаў у сувязі з крымінальнай справай, распачатай супраць старшыні ЦэнтарВыбарКаму Віктара Ганчара. У выніку Сазанавец была вымушаная паклікаць хуткую дапамогу — дактары канстатавалі гіпэртанічны крыз. Участковы доктар зафіксаваў па выніках кардыяграмы «пачатак заганы сэрца і сардэчнай астмы».

У Наваполацку сябра выбарчай камісіі Хленскі быў пакліканы ў гарадзкую пракуратуру. Напярэдадні допыту сп. Хленскі трапіў у рэанімацыю тутэйшай лякарні з дыягназам «абшырны інфаркт».

Старшыня полацкай камісіі па выбарах прэзыдэнта Мікалай Шарах атрымаў афіцыйнае папярэджаньне ў сувязі зь «незаконным стварэньнем камісіі».

У Чэрыкаўскім раёне Магілеўскай вобласьці работніка ДРВУ-215 Данілава, які ўваходзіць у раённую камісію па выбарах прэзыдэнта, папярэдзілі аб ягонай пазачарговай атэстацыі, а ягонаму калегу машыністу-экскаватаршчыку Раўкову пагражалі звальненьнем.

У Магілеве адбыўся ператрус у кватэрах сяброў абласной выбарчай камісіі. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры гэтым спаслаліся на тэлефанаваньне аб тым, што нібыта ў гэтых кватэрах схаваная зброя ды наркотыкі. У выніку вобыскаў рэквізаваныя дакумэнты і матэрыялы тэрытарыяльных камісіяў ды ініцыятыўных групаў у зборы подпісаў.

Тым часам з экрану тэлевізіі і з старонак дзяржаўных выданьняў, напрыклад, у сёньняшняй «Народной Газете», штодня выдаецца інфармацыя — часьцей за ўсё з спасылкай на карныя ворганы — аб тым, што ў выбарчыя камісіі мясцовыя філіі апазыцыйных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў нібыта вылучалі людзей бязь іхнага ведама або прымусам. Пры гэтым робяцца спасылкі на асобаў, замест імёнаў якіх падаюцца толькі ініцыялы.

Я папрасіў кіраўніка прэсавага цэнтру Аляксандра Коктыша пракамэнтаваць падобныя публікацыі.

(Коктыш:) «Гэтага паведамленьня можна было чакаць і раней — Вы самі разумееце, чым гэта абумоўлена — кампанія дыскрэдытацыі выбарчай кампаніі. І тут два варыянты. Першы варыянт — гэта адкрытая фальсыфікацыя. Другі варыянт — тады, калі запалохваюцца самі сябры камісіяў, асабліва на пэрыфэрыі, і потым яны выступаюць з «шчырымі» пакаяньнямі і прызнаньнямі ў тым, што іх туды затаўклі пад прымусам і выпадкова».

Паводле Коктыша, пакуль ніхто не зьвяртаўся ні ў Цэнтральную, ні ў абласныя камісіі з фактамі, якія б пацьвердзілі згаданую вышэй інфармацыю афіцыйных СМІ.

(Коктыш:) «Мяне гэтае пытаньне таксама вельмі зацікавіла. Калі я такі факт адшукаю або адшукаюць іншыя сябры ЦэнтарВыбарКаму ці сакратарыят ці якая іншая структура — я абавязкова пастараюся праінфармаваць сродкі масавай інфармацыі».

На заканчэньне яшчэ адна інфармацыя з прэсавага цэнтру. Старшыні ЦэнтарВыбарКаму Віктару Ганчару прысуджаная міжнародная прэмія імя Піліпа Орліка за 1999 год. У лік заснавальнікаў гэтай прэміі, якая носіць імя дзяржаўнага і грамадзкага дзеяча XVIII стагодзьдзя, змагара за незалежнасьць Украіны, уваходзіць вядомы ўкраінскі пісьменьнік Уладзімер Яварыўскі. Ляўрэатамі прэміі былі прэм'ер-міністар Гішпаніі Гансалес, прэзыдэнт Літвы Бразаўскас, сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Шушкевіч, праваабаронца з Расеі Навадворская.

ЦэнтарВыбарКам працягвае сваю працу.

XS
SM
MD
LG