Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 1999 г.


Сёньня па дарозе на працу быў затрыманы наш калега Алег Грузьдзіловіч. Неўзабаве ён быў выпушчаны і мы распыталіся ў яго пра абставіны гэтага затрыманьня.

(Ціхановіч:) Скажы, Алег, як гэта адбывалася?

(Грузьдзіловіч:) «Мяне чакалі побач з домам — чакаў «рафік» і службовая «волга» з чырвоным нумарам — усяго было 7-8 супрацоўнікаў КГБ. Адзін зь іх назваўся, паказаў чырвоную кніжку і прад'явіў мне пастанову аб прымусовым прыцягненьні мяне да сьледчага на допыт».

(Ціхановіч:) Якія пытаньні табе ставіліся на допыце?

(Грузьдзіловіч:) «Допыту як гэткага не адбылося. Рэч у тым, што якраз сьледзтва зацікаўленае пачуць мяне ў якасьці сьведкі ў нейкай пакуль мне не вядомай справе, але я адмаўляюся ад удзелу ў гэтых дзеяньнях без дапамогі юрыдычнага касультанта. Я спасылаюся на 62 артыкул Канстытуцыі, дзе сказана, што любы грамадзянін Беларусі мае права ў любы момант на юрыдычную дапамогу ў сваіх дачыненьнях з службовымі асобамі ў розных дзяржаўных установах».

(Ціхановіч:) Дык перамовы адбываліся ў машыне, ці ўсё ж ты быў дастаўлены ў нейкую ўстанову?

(Грузьдзіловіч:) «Вядома ж, я быў дастаўлены — у КГБ на праспэкце Скарыны».

(Ціхановіч:) Ці была спроба табе проста афіцыйна, нармальна ўрычыць позву?

(Грузьдзіловіч:) «Так, такая спроба была, у панядзелак. Мяне першы раз выклікалі ў якасьці сьведкі ў нейкай невядомай справе ў КГБ. Я прыйшоў туды, але разам з адвакатам Гары Паганяйлам, і таксама спаслаўся на артыкул 62, у якім гарантаваная юрыдычная дапамога. Але ў той момант сьледчы адмовіўся даць магчымасьць весьці гутарку разам з адвакатам.

І вось сёньня раніцай мяне ўжо прымусова даставілі ў КГБ. Мы вярталіся зноў і зноў да той самай размовы — я адмаўляюся даваць паказаньні без удзелу кансультанта, а яны настойвалі, што я павінен іх даць...»

(Ціхановіч:) Яшчэ раз удакладнім: абставінаў справы, у якой ты выклікаесься, ты ня ведаеш? Гутарка закранала толькі працэсуальныя моманты?

(Грузьдзіловіч:) «Я магу здагадвацца, у чым гэтая справа. Я мяркую, што хутчэй за ўсё гэта справа па факце апублікаваньня ў газэце «Навіны» дакумэнту аб пляне дзеяньняў супраць апазыцыі, у тым ліку і дзеяньняў, якія яўна супярэчаць Канстытуцыі. Я мяркую, што сьледзтва спрабуе зараз разабрацца — чаму адбылася «ўцечка» гэтага дакумэнту. Галоўнае гэта тая праблема, што сьледзтва ў любым выпадку спрабуе не дапусьціць разгалошаньня інфармацыі аб нейкай крымінальнай справе. Я падазраю, што калі яны прызнаюць, што ёсьць такая крымінальная справа — дык фактычна яны прызнаюць, што існуе той дакумэнт, які быў працытаваны ў газэце «Навіны». А гэта дакумэнт, які супярэчыць Канстытуцыі. Фактычна сьледзтва павінна было б займацца ня тымі людзьмі, хто дапусьціў «уцечку» гэтага дакумэнту, а ягонымі аўтарамі, тымі, хто яго склаў, хто яго рэалізуе. Вось гэта галоўная праблема, але сьледзтва ад гэтай праблемы адыходзіць».

XS
SM
MD
LG