Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У сваім штогадовым пасланьні «нацыянальнаму сходу» прэзыдэнт Лукашэнка абвінаваціў Расею ў нежаданьні ісьці на сур'ёзнае аб'яднаньне зь Беларусьсю, а прэзыдэнта Ельцына — у няздольнасьці пераканаць прэзыдэнтаў СНД падпісаць заяву супраць ваенных апэрацыяў НАТО ў Югаславіі.

У прэзыдэнцкай прамове дасталося ўсім — і беларускім чыноўнікам, і апазыцыі, і Захаду, і Расеі. Аляксандар Лукашэнка крытыкаваў кіраўнікоў Расеі як сваіх падначаленых. Ён нагадаў, што на апошнім саміце СНД лідэры садружнасьці адмовіліся падпісаць заяву з асуджэньнем ваенных апэрацыяў НАТО ў Югаславіі. Праект быў падрыхтаваны беларускім бокам. Паводле прэзыдэнта, дакумэнт ня быў падпісаны таму, што Барыс Ельцын адыйшоў ад папярэдне ўзгодненай пазыцыі. Як мог Ельцын прымусіць прэзыдэнтаў падпісаць тэкст з асуджэньнем — невядома. Сам жа Лукашэнка прыгадаў, што некаторыя краіны СНД гатовыя ўзяць удзел у ваенным канфлікце ў Югаславіі на баку НАТО.

Але скаргі Лукашэнкі зразумець можна. Масква ў чарговы раз выкарыстала яго ў якасьці антынатаўскага пудзіла, прычын перад сваімі ж прэзыдэнтамі СНД, якія падобныя гульні ведаюць яшчэ з КПССаўскіх часоў.

Але, як высьветлілася, і ў двухбаковых дачыненьнях стан справаў прэзыдэнта не задавальняе. А віна паводле звычкі складаецца на Расею. Паводле ягоных словаў, найвышэйшыя палітычныя колы Расеі працуюць над плянамі аб'яднаньня ня так актыўна, як заяўляюць у дэклярацыях. Зьяўляюцца, паводле прэзыдэнта, і аргумэнты супраць аб'яднаньня — маўляў, яно разбурыць Расейскую Фэдэрацыю, ускладніць дачыненьні з краінамі СНД. Прэзыдэнт параіў расейскім кіраўнікам знаходзіць аргумэнты, каб пераканаць тамтэйшую эліту і насельніцтва ў тым, што гэтых пагрозаў не існуе, што аб'яднаньне толькі ўзмоцніць Расеі й Беларусь.

На гэтыя скаргі варта зьвярнуць пільную ўвагу. Як і раней, цяпер Лукашэнка згадвае «цёмныя сілы» ў Расеі, якія нібыта адыйшлі на задні плян, але захоўваюць рычагі моцнага ўплыву на ўладу і зацята перашкаджаюць інтэграцыі. Гэта й раней гучала ня вельмі пераканаўча — ані Чубайс, ані Гайдар і раней не былі галоўнымі асобамі ў Расеі. Але ж цяпер рашэньні прымае Ельцын ды сябра-інтэгратар і настаўнік Прымакоў. Прэзыдэнт Беларусі ня хоча або баіцца сказаць, што ягоныя прапановы прыходзяцца недаспадобы менавіта гэтым людзям.

Далучыць Беларусь у якасьці аўтаномнай рэспублікі і пажадана без Лукашэнкі Расея, як кажуць, яшчэ ўчора была гатовая. Але так, як хоча беларускі кіраўнік — сапраўды не гатовая і гатовая ня будзе, незалежна ад таго, хто будзе пры ўладзе — Гайдар, Прымакоў ці нават Зюганаў.

У сваім штогадовым пасланьні прэзыдэнт паведаміў, што праца над новай саюзнай дамовай ідзе поўным ходам. Наддзяржаўным ворганам плянуецца перадаць паўнамоцтвы ў стварэньні адзінай эканамічнай, мытнай, вайсковай ды іншых прастораў. «Але і тут праблема: мы прапанавалі свой варыянт дамовы — расейскі бок прапануе пратакол аб намерах, - паведаміў прэзыдэнт і дадаў. - Хопіць ужо імкнуцца. калі ствараць адзіную дзяржаву, дык ствараць, калі не — дык трэба так і сказаць, што гэтага рабіць ня будзем».

У эканамічных стасунках, як высьвятляецца, справа йдзе таксама не як мае быць. Дамова аб роўных умовах гаспадараньня, паводле прэзыдэнта, выконваецца толькі напалову. Газпрам у залік запазычанасьці перад ім беларускія тавары браць ня хоча. Адзіная радасьць — на мясцовых выбарах ва Ўдмурціі пацярпелі паразу прыхільнікі Гайдара ды Яўлінскага. Але, як бачым, і на самым высокім узроўні прыход да ўлады ў Расеі інтэгратараў мала што мяняе. Задавальняць амбіцыі беларускага лідэра за кошт Расеі ня хоча ніхто.

XS
SM
MD
LG