Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 1999 г.


Заходнія аглядальнікі адзначаюць той факт, што ў выніку ваеннай апэрацыі НАТО супраць Бялграду, насельніцтва Югаславіі згуртавалася вакол свайго прэзыдэнта і амаль аднадумна асуджае Захад. Грамадзтва выказвае свае настроі то ў вельмі дасьціпных словах, то непераборлівымі эпітэтамі.

У прыватнасьці пра натаўскіх пілётаў югаславы гавораць, што гэта забойцы, што яны выяўляюць неабгрунтаваную жорсткасьць, бязьлітаснасьць і ня дбаюць пра пакуты людзей.

Грамадзяне Югаславіі і афіцыйныя прадстаўнікі скардзяцца, што заходнія сродкі масавай інфармацыі прадстаўляюць іх у скажоным сьвятле. Югаслаўскае тэлебачаньне называе прэзыдэнта ЗША «Білам Гітлерам», «Адольфам Клінтанам» або проста «фюрэрам». Мілан Бозіч, намесьнік мэра Бялграду ў прыватнасьці адзначае, што ў сталіцы зьнізіўся ўзровень злачыннасьці. Сталіца мела заўсёды вялікую праблему з нападамі крымінальных бандаў на кватэры. Меркавалася, што колькасьць крадзяжоў з узломам павялічыцца ў часе налётаў, паколькі многія жыхары доўгі час праводзяць у бамбасховішчах. «Зараз, - кажа Мілан Бозіч, - колькасьць грабяжоў і забойстваў зьменшылася на 60%». На яго думку, гэта зьвязана з вайною і усьведамленьнем агульнай небясьпекі. Аднак намесьнік мэра Бялграду прызнаў, што магчыма гэта зьвязана з боязьзю перад больш строгімі прысудамі вайсковых судоў у ваенны час.

Сэрбы — дасьціпныя людзі, і ў часе вайны зьявіліся цікавыя сымбалі і плякаты. На сьценах можна ўбачыць графіці кшталту: «Калюмб — на чорта была твая цікаўнасьць». Намякаючы на зьбіцьцё зьнішчальніка F-117, нібыта невыкрывальнага для радараў, на адным з плякатаў у часе музычнага канцэрту можна было прачытаць: «Добры амэрыканец —нябачны амэрыканец». На паштоўках таксама зьмешчаная выява самалёту і подпіс: «Прывітаньне з Сэрбіі» ды словы: «Прабачце, мы ня ведалі, што ён нябачны». На адвароце паштоўкі ёсьць ня менш іранічны надпіс: «Калі ня дойдзе да адрасата — вярніце ў Белы Дом, ЗША».

Мілан Бозіч паведаміў, што ягоная 16-месячная дачка Душанка якраз гэтымі днямі пачала гаварыць. Ейнымі першымі словамі былі «сырэна» і «бомбы». «Што за шаленства», - гаварыў ён дрыготкім голасам. Віцэ-мэр Бялграду прызнаў, што ён уяўляе сабе пакуты этнічных альбанцаў у Косаве і што яны праходзяць яшчэ горшыя выпрабаваньні. Аднак калі чалавек апынуўся ў цэнтры вайны, сьвет робіцца для яго вельмі малы. «Чалавек думае пераважна пра сябе», - сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG