Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 1999 г.


Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, прадстаўнікі адміністрацыі ЗША і НАТО заяўляюць аб сваіх плянах усімі магчымымі сродкамі не дапусьціць расправы над мірнымі жыхарамі Косава. Адначасова краіны НАТО прыступаюць да буйнамаштабнай акцыі гуманітарнай дапамогі тысячам альбанскіх уцекачоў.

Камэнтуючы двухтыднёвую апэрацыю паветраных удараў НАТО, прэзыдэнт Клінтан заявіў, што гэта найлепшы варыянт адказу на сэрбскую агрэсію. Атакі, сказаў ён, разьлічаныя на аслабленьне «рэпрэсіўнага патэнцыялу» Бялграду.

(Клінтан:):«Калі Мілошавіч ня зробіць таго, што неабходнае, НАТО будзе працягваць паветраныя ўдары. Яны ня зьменшацца, будуць безупынныя і бязьлітасныя. Яны спрычыняць такія шкоды, у выніку якіх або Мілошавіч адмовіцца ад сваіх плянаў, або яны сур'ёзна аслабяць ягоную ўладу і кантроль над Косавам. Мы гатовыя дзейнічаць гэткім чынам працяглы час. Мы маем намер працягваць апэрацыю да поўнай перамогі».

Пэнтагон запрапанаваў ужыць у Косаве баявыя верталёты «Апачы» з ракетамі супраць артылерыі і танкаў. ЗША плянуюць разьмясьціць ля межаў Косава 50 верталётаў і 2600 чалавек пэрсаналу, што дарэчы яшчэ будзе патрабаваць згоды альбанскіх уладаў і амбасадараў краінаў НАТО. Акрамя таго, учора на воды Адрыятычнага мора прыбылі дадатковыя падводныя лодкі з ракетмі «Круз» і авіяносьбіт «Рузвэлт» зь дзясяткамі баявых самалётаў.

Адначасова прэзыдэнт Клінтан заявіў, што Злучаныя Штаты прадпрымаюць буйнамаштабную акцыю гуманітарнай дапамогі косаўскім уцекачом. Ён паведаміў, што ЗША накіроўваюць у Альбанію і Македонію больш за мільён дзённых харчовых рацыёнаў. Акрамя таго, ЗША маюць у рэгіёне 36 тысяч кубамэтраў харчоў, якімі можна пракарміць чвэрць мільёна чалавек на працягу трох месяцаў. Акрамя таго, ЗША выдзялілі 150 мільёнаў даляраў гуманітарнай дапамогі і паабяцалі даць тымчасовы прытулак уцекачом.

(Клінтан:) «Сёньня, я магу сказаць, што мы гатовыя прыняць каля 20 000 уцекачоў. Гэткім чынам мы хочам дапамагчы краінам, якія ўжо прымаюць уцекачоў. Але я хачу выразна заявіць: этнічныя чысткі ў Косаве ня могуць працягвацца бясконца».

Разам з тым Біл Клнтан заклікаў прыватных асобаў і агенцтвы падключыцца да акцыі нясеньня дапамогі ахвярам, як ён сказаў, адной з найбольшых гуманітарных катастрофаў ад часу Другой сусьветнай вайны.

Джоў Локгард, прадстаўнік Белага Дому, удакладніў пазыцыю адміністрацыі ЗША:

(Локгард:) «Мілошавіч павінен добра зразумець накіроўваны яму сыгнал. Саюз НАТО аднадумна, рашуча і цярпліва гатовы працягваць такія самыя інтэнсіўныя ўдары па цэлях, якія адказныя або маюць нешта супольнага з рэпрэсіямі ў Косаве. Ня будзе ніякага сховішча для ягоных рэпрэсіўных сілаў. У руках Мілошавіча — ключ да спыненьня пакутаў уцекачоў, да спыненьня ваеннай апэрацыі НАТО і нестабільнасьці, якая пагражае усім Бальканам. Мы далі яму ясна зразумець, што ён мусіць дазволіь усім уцекачом вярнуцца ў свае дамы, што ён мусіць спыніць рэпрэсіі, згадзіцца на аўтаномнае, шматэтнічнае, дэмакратычнае Косава, а таксама на разьмяшчэньне там сілаў дзеля гарантаваньня міру».

Міністар абароны ЗША Коўэн заявіў, што:

(Коўэн:) «Наша краіна ня можа стаяць збоку і спакойна прыглядацца, як Мілошаіч губіць сотні і тысячы людзей, асуджаных ім на зьнішчэньне, якіх ён выганяе ў горы на галодную і халодную сьмерць. У іншым выпадку пацярпеў бы наш прэстыж як маральнага лідэра ў сьвеце і несумненна — як лідэра ў НАТО».

Дарэчы, гэтую самую думку выказаў таксама былы сэнатар і кандыдат у прэзыдэнты ЗША Робэрт Доўл. На ягоную думку, «калі апэрацыя НАТО ў Косаве закончыцца правалам і ня спыніць сэрбскай агрэсіі, урачыстасьць 50-годзьдзя альянсу можа ператварыцца ў яго паховіны».

Між тым прадстаўнік НАТО Шэй паведаміў пра бліжэйшыя пляны альянсу адносна косаўскіх уцекачоў. Паводле ягоных слоў, блёк НАТО гатовы падтрымаць прапанову ААНаўскага ведамства ў справах уцекачоў аб стварэньні для косаўскіх уцекачоў зонаў бясьпекі. Яны былі б усталяваныя на тэрыторыі Балгарыі, Румыніі Вугоршчыны. Сёньня намесьнік генэральнага сакратара НАТО Балянзіно накіраваўся ў чатыры краіны рэгіёну дзеля азнаямленьня з сытуацыяй на месцы. Джэмі Шэй заявіў, што агулам колькасьць выселеных косаўцаў дасягнула 830 000 чалавек, сытуацыя дэпартаваных людзей трагічная, і НАТО безь непатрэбнай бюракратычнай валакіты хацела б дзейнічаць як «добры Самаранін». Большасьць з агульнай колькасьці 360 000 этнічных альбанцаў прыбылі ў Альбанію і Македонію. Толькі за адзін учорашні дзень іх колькасьць павялічылася на 44 000 чалавек. НАТО плянуе стварыць у гэтых краінах транзытны цэнтар, які зьмясьціў бы 80-100 000 чалавек. Авіяцыя НАТО безупынна пастаўляе ім ежу і палаткі і вяртаецца з уцекачамі на борце. Альянс у прыватнасьці мае намер абсталяваць два лётнішчы ў Македоніі для паставак гуманітарнай дапамогі. ЗША, Нямеччына, Турцыя і Нарвэгія запрапанавалі стварыць дадаткова ў гэтых дзьвюх суседніх з Косавам краінах тысячы часовых палатак.

Адміністрацыя ЗША заяўляе, што гэта не разьвяжа праблему, але дапаможа яе зьмякчыць.

XS
SM
MD
LG