Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Пытаньне аб аб'яднаньні з Расеяй падзяляе беларускае грамадзтва амаль напалам. Большасьць беларусаў асуджае ваенныя апэрацыі заходніх краінаў у Іраку і Югаславіі, але, зноў-ткі, большасьць беларускіх грамадзянаў жадае, каб жыцьцё ў нашай краіне было падобнае на жыцьцё ў Нямеччыне ды Амэрыцы. Такія вынікі агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, якое было праведзенае ў сакавіку незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

2 красавіка абвешчанае ў Беларусі афіцыйным сьвятам — днём яднаньня беларускага й расейскага народаў. Магчыма, празь некалькі месяцаў, у Беларусі й Расеі пройдзе рэфэрэндум аб стварэньні адзінай дзяржавы. Але ці сапраўды гэтае яднаньне — сьвята для ўсіх беларусаў? Ці сапраўды да зьліцьця ў адзіную дзяржаву імкнецца пераважная большасьць насельніцтва?

Пэўны адказ на гэта даюць дадзеныя апытаньня, якое было праведзенае ў сакавіку незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Падчас апытаньня было зададзенае пытаньне: «Калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум аб аб'яднаньні Беларусі й Расеі, Вы прагаласавалі б за аб'яднаньне або супраць?» Станоўча выказаліся 42% апытаных, адмоўна — 40%, 15% паведамілі, што наогул не бралі б удзелу ў галасаваньні. Такім чынам, за ўтварэньне адзінай дзяржавы выступае хоць і істотная, але ўсё ж такі меншасьць.

Пры адказах на пытаньні аб розных варыянтах дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі колькасьць прыхільнікаў аб'яднаньня яшчэ меншая. 43% апытаных лічаць, што дастаткова добрасуседзкіх дачыненьняў незалежных Беларусі й Расеі, 30% выступаюць за саюз незалежных дзяржаваў і толькі чвэрць апытаных выказваюцца за адзіную беларуска-расейскую дзяржаву.

Адзін з чыньнікаў такога стаўленьня — леташні расейскі эканамічны крызыс. Улады складаюць адказнасьць за эканамічныя цяжкасьці ў Беларусі на Расею. Насельніцтва ў значнай ступені з гэтым згоднае. У адказах на пытаньне аб прычынах беларускага крызысу палова апытаных вінаваціць расейскі крызыс, 30% — айчынныя ўлады, кожны дзясяты — міжнародны крызыс, і толькі 4% — падкопы беларускай апазыцыі.

Але атрымваецца супярэчнасьць — Расея вінаватая ў крызысе ў Беларусі, і з Расеяй беларусаў заклікаюць аб'яднацца. У выніку гэтай супярэчнасьці атрымліваецца, што амаль траціна з тых, хто выказваецца за ўтварэньне адзінай дзяржавы, няздольныя адказаць — якіх такіх дабротаў яны ад гэтага чакаюць.

Стаўленьне насельніцтва да заходніх краінаў ня менш складанае. Напрыклад, прэзыдэнт Лукашэнка заяўляе, што беларускі народ аднадушна асуджае, як ён кажа, «амэрыканскую агрэсію ў Югаславіі». Апытаньне незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў праводзілася пасьля амэрыкана-брытанскіх удараў па Іраку і скончылася за некалькі дзён да пачатку натаўскай апэрацыі ў Югаславіі. Але стаўленьне да апэрацыі ў Іраку і плянаваных апэрацыяў у Югаславіі было амаль аднолькавае: палова апытаных іх асудзіла, 7% — вітала, гэтулькі ж заявіла, што наогул нічога пра гэта ня ведаюць, 5% паставіліся абыякава, астатнія ад адказу ўстрымаліся. Большасьць сапраўды супраць. Але пра аднадушнасьць гаварыць не выпадае.

Чаму там атрымваецца? Праясьняюць сытуацыю адказы на пытаньне: «Падобным на жыцьцё ў якой краіне Вы б хацелі бачыць жыцьцё ў Беларусі?» Чвэрць апытаных у якасьці ўзору абралі Злучаныя Штаты, 37% — Нямеччыну, кожны дзясяты — Польшчу. Затое, каб жыцьцё ў Беларусі было падобнае на кітайскае, выказаліся 3%, на расейскае — 1%, столькі ж — за падабенства на жыцьцё ў СССР.

Вось так і жывем — аб'ядноўваемся з Расеяй, а думаем пра Амэрыку ды Нямеччыну. Менавіта тамтэйшае жыцьцё — ідэал для беларуса. І таму антызаходніцкая ксэнафобія, якую насаджае афіцыйная прапаганда, ня мае глыбокіх каранёў. Свой ідэал нельга шчыра ненавідзець.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG