Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Аляксандар Лукашэнка зноў абвясьціў інфармацыйную вайну супраць расейскіх тэлеканалаў — гэтым разам у сувязі з падзеямі ў Югаславіі. У часе свайго выступу на калегіі МЗС ён нават зрабіў асобнае даручэньне на гэты конт Беларускай Тэлерадыёкампаніі.

У прынцыпе інфармацыйная вайна між уладамі Беларусі і расейскімі СМІ цягнецца ўжо даўно. Часам яна дасягае асабліва высокага напалу, як гэта было ў гісторыі з дэпартацыяй карэспандэнта НТВ у Менску Ступнікава, або ў справе карэспандэнтаў ОРТ Шарамета і Завадзкага. Час ад часу аднак прэзыдэнт Лукашэнка бярэ ўдзел у рознага роду шоў ду праграмах на ўсіх галоўных маскоўскіх тэле- ды радыёканалах па чарзе. І ўвесь час улады Беларусі паўтараюць, што дзеля ўмацаваньня сваёй інфармацыйнай прасторы на адным з каналаў трансьляцыі расейскіх тэлекампаніяў у Беларусі неўзабаве пачне вяшчаньне 2-ая праграма нацыянальнай тэлевізіі.

Часьцей за ўсё ў якасьці кандыдата на пазбаўленьне ліцэнзіі называлася ОРТ. Цяпер аднак, калі пазыцыі аднаго з суўладальнікаў ОРТ Беразоўскага значна пахіснуліся, галоўным аб'ектам крытыкі прэзыдэнта Лукашэнкі зноў зрабілася НТВ — кампанія, якая ў адрозьненьне ад усіх іншых спраўна плоціць за тэлетрансьляцыі на Беларусь. Лукашэнка абвінаваціў гэтую тэлекампанію ў тым, што ў яе інфармацыйных выпусках, маўляў, апошнім часам больш гаворыцца пра гуманітарную катастрофу, у якой апынуліся косаўскія альбанцы, чымся пра авіяўдары НАТО.

Гэты папрок нечакана прагучаў у часе выступу Лукашэнкі на ўчорашняй калегіі МСЗ Беларусі, адразу пасьля ягоных словаў аб тым, што беларускія дыпляматы павінны весьці больш гнуткую палітыку ў дачыненьнях з Эўразьвязам ды Паўночнаатлянтычным альянсам. Прэзыдэнт заявіў, што на расейскіх тэлеканалах, сярод якіх ён вылучыў НТВ, адбываецца нібыта «перастаноўка акцэнтаў» у інфармацыі пра падзеі ў Югаславіі — з тым, каб паказаць, што ў канфлікце «вінаватае ня НАТО, а прэзыдэнт Мілошавіч». І адразу ж Лукашэнка даручыў беларускай тэлевізіі ня толькі ўважліва сачыць за зьменай акцэнтаў на расейскіх каналах — што ён і сам, паводле ягоных словаў, пастаянна робіць — але даваць, так сказаўшы, належны прапагаднысцкі адпор.

Трэба сказаць, што на беларускай тэлевізіі, найперш у АТН, і раней ведалі як падаваць інфармацыю з Бальканаў належным чынам. Гэта значыць, што паведамленьні аб генацыдзе альбанцаў у Косаве — нават калі былі дакумэнтальныя сьведчаньні — ніколі не траплялі і не трапляюць на экран. А вось дзеяньні НАТО і асабіста прэзыдэнта Клінтана ў камэнтарах нязьменна параўноўваюцца зь дзеяньнямі нямецкіх фашыстаў, а сэрбскія вайскоўцы ды паліцыянты падаюцца выключна як героі. Тое самае, праўда, робіцца і на многіх расейскіх тэлеканалах. НТВ і РТР, аднак, у апошніх аналітычных праграмах пачалі даволі рэзка выказвацца супраць шавіністычнай істэрыі, якая разьдзьмуваецца як расейскім генэралітэтам, гэтак — і ў першую чаргу — левай большасьцю ў Думе. Правыя ў Расеі пачалі ўсур'ёз засьцерагацца, што на гэтай квазіпатрыятычнай хвалі камуністы могуць зноў прыйсьці да ўлады.

Лукашэнка ж у гэтай сытуацыі адчуў магчымасьць падвысіць свае палітычныя акцыі. Ён пакуль не спыняе трансьляцыю непадкантрольнага яму маскоўскага тэлеканалу, бо яшчэ невядома — чым абернецца спроба абвесьціць імпічмэнт Ельцыну ў Думе. Але ён дае зразумець, што цалкам кантралюе інфармацыйную палітыку ў электронных СМІ саюзнай дзяржавы на сваёй тэрыторыі і ў кожны момант гатовы ўвязацца ў бойку за найвышэйшую ўладу на чужой. У тым ліку з дапамогай мас-мэдыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG