Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

6 красавіка прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў назіраньні за выбарамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, сабраліся ў Менск на сваё выніковае паседжаньне.

Шчыра кажучы, пасьля так званага «лістападаўскага рэфэрэндуму» 1996 году здавалася, што зьдзівіць нейкімі парушэньнямі выбараў у Беларусі ўжо немагчыма. Аднак тое, пра што распавялі назіральнікі Ўсебеларускага Клюбу Выбаршчыкаў, фонду імя Льва Сапегі, грамадзкай арганізацыі «Беларуская Ініцыятыва» ды іншых, выклікала проста надзвычайнае пачуцьцё.

Назіральнік Хрыстафор Жалябаў зь Віцебскай вобласьці паведаміў: у Гарадоцкім раёне ў дзень выбараў адзін з выбарчых участкаў увогуле не адчынялі для галасаваньня. Тут арганізатары так званых «выбараў» проста ўзялі скрынку для бюлетэняў і паехалі зь ёй па хатах.

Сп. Варонежцаў з Гомля распавёў: у адной акрузе было шэсьць участкаў. На трох працавалі назіральнікі і яшчэ на трох іх не было. І якія ж вынікі? На ўсіх трох участках, дзе вёўся грамадзкі кантроль, яўка выбаршчыкаў была каля 40%, а на тых трох, дзе кантролю не было — больш за 60%.

Паводле назіральніка Алега Волчака зь Менску, кіраўнік раённай вэртыкалі з сваімі памочнікамі аб'ехалі ўсе харчовыя крамы раёну. Прадаўцам быў дадзены загад, каб яны накіроўвалі пакупнікоў на выбарчыя ўчасткі, бо толькі там 4 красавіка можна было купіць масла ды яйкі.

Далей, мабыць, ужо няма патрэбы пералічваць падобныя парушэньні.

Паседжаньне назіральнікаў праходзіла пад патранажам Кансультацыйна-Назіральнай Групы АБСЭ ў Менску. І хоць афіцыйны прадстаўнік гэтай групы Мішэль Рэвалье падкрэсьліў, што АБСЭ не прысылала афіцыйных назіральнікаў на выбары ў мясцовыя саветы, ён папрасіў усіх прысутных выкласьці ўсё тое, пра што яны распавялі, у пісьмовай форме. Гэтыя сьведчаньні будуць прааналізаваныя ў АБСЭ.

І напрыканцы не магу ўтрымацца, каб не прывесьці яшчэ адзін надзвычайны факт: у Берасьці ў выбарчай акрузе №11, участкі №№ 32 і 33, два кандыдаты ў дэпутаты гарадзкога савету ўвесь дзень 4 красавіка знаходзіліся побач з урнамі для галасаваньня і падказвалі выбаршчыкам — за каго тыя павінны галасаваць. Пры гэтым выбарчыя камісіі на гэтыя дзіўныя рэчы ніяк не рэагавалі.

XS
SM
MD
LG