Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Старшыня міжведамаснай камісіі ў справе вяртаньня незаконна выдадзеных валютных крэдытаў Леанід Глухоўскі атрымаў яшчэ адну пасаду. Загадам міністра ўнутраных справаў ён адначасна прызначаны кіраўніком Сьледчага Камітэту МУС Беларусі. Такім чынам, кампанія супраць банкіраў і крэдытаатрымальнікаў выходзіць на новы ўзровень.

Леанід Глухоўскі стаў цэнтральнай фігурай кампаніі вяртаньня незаконна атрыманых крэдытаў у кастрычніку летась, калі прэзыдэнт Лукашэнка прызначыў яго старшынём адпаведнай міжведамаснай камісіі. Гэтая камісія ўжо тады атрымала шырокія ўладныя паўнамоцтвы і за некалькі месяцаў свайго існаваньня здолела з розных крыніцаў сабраць багатую інфармацыю пра тых, хто меў дачыненьне да выдачы і атрыманьня ня вернутых пазьней крэдытаў. У сабраных дакумэнтах фігуруюць дзясяткі прозьвішчаў былых і цяперашніх паплечнікаў Лукашэнкі — і тых, хто за чатыры гады перайшоў на бок апазыцыі, і тых, хто сёньня ў прэзыдэнцкай камандзе, але з розных прычынаў можа ўяўляць патэнцыяльную небясьпеку для трываласьці рэжыму.

Гэтая спэцыфычная місія, зьвязаная з многімі палітычнымі спакусамі, была давераная Глухоўскаму не адразу. Перад тым надзейнасьць яго як сьледчага была правераная ў справе Васіля Старавойтава. Менавіта Глухоўскаму, на той час — мала каму вядомаму начальніку сьледчай управы гомельскай міліцыі, у лістападзе 1997 году са згоды Лукашэнкі даручылі займацца гэтай паказальнай справай, якой загадзя была адведзеная асаблівая роля ў стасунках паміж Лукашэнкам і намэнклятурай.

Відавочна Глухоўскі тады з выпрабаваньнем справіўся, нягледзячы на тое, што ён ужо быў дэпутатам «палаты прадстаўнікоў» і нават старшынёй «камісіі па заканадаўству», ён не праявіў ніякіх палітычных амбіцыяў і нават не спрабаваў выкарыстаць выйгрышную сытуацыю каб стаць публічным палітыкам. Ягонае імя невядомае шырокай аўдыторыі і да сёньняшняга дня, хоць, па сутнасьці, «дэпутат» Глухоўскі займаецца тым самым, чым дэпутат Лукашэнка займаўся ў 1993 годзе, а дэпутат Антончык — у 1995-ым. І ў сёньняшніх умовах гэта зусім лягічна, бо ў цяперашняй Беларусі выкарыстоўваць антыкарупцыйныя лёзунгі ў палітычных мэтах мае магчымасьць толькі адна пэрсона.

У асяродзьдзі сьледчых падразьдзяленьняў трох сілавых ведамстваў — Міністэрства Ўнутраных Справаў, КГБ і Пракуратуры — пасьля новага прызначэньня Глухоўскага зноў загаварылі пра колішнія пляны Рады Бясьпекі стварыць гэтак званае «Міністэрства Сьледзтва». Паводле гэтага праекту, усе сьледчыя камітэты павінны быць аб'яднаныя і ўзначаленыя адной асобай. Такім чынам, улада значна спрасьціла б для сябе мэханізм кантролю над сьледчымі, які, зрэшты, і без таго дзейнічае безадмоўна. Гэтыя пляны былі распрацаваныя яшчэ летась, аднак з-за нэгатыўнага стаўленьня да іх з боку сілавых структураў, кожная зь якіх не жадала страціць кантроль над сваімі сьледчымі, яны часова былі адкладзеныя.

З прыходам Глухоўскага шмат хто зьвязвае засьцярогі, што гэтыя пляны зноў будуць запатрабаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG