Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Koсава: сытуацыя апошніх дзён.

Пасля 10 дзён правядзеньня ваеннай аперацыі НАТА супроць Югаславіі сьвет апынуўся на мяжы новай гуманітарнай катастрофы. Паводле інфармацыі высокага камісара Арганізацыі Аб"яднаных Нацыяў колькасць уцекачоў з Косава перавысіла 374 тыс. чалавек, а іх колькасць расце з кожным днём, з кожнай гадзінай. Спраўджваецца найбольш чорны прагноз: калі не будуць ажыцьцёўленыя нейкія надзвычайныя сродкі, праз тыдзень - два ў Косава зусім не застанецца албанскага насельніцтва.

Здавалася б, што нягледзячы на цяжкія страты Югаславіі ад налётаў і ракетнага абстрэлу прэзідэнт Слабадан Мілошавіч дасягнуў сваіх мэтаў і ачысьціў Косава ад албанцаў. Але гэта далёка не так. Югаслаўскі прэзідэнт пралічыўся. Ягоная злачынная кампанія этнічных чыстак яшчэ больш аб"яднала краіны НАТА ў іх рашучасьці раз і назаўсёды вырашыць косаўскі крызіс і гарантаваць народам гэтага рэгіёну мірную, спакойную будучыню ў дэмакратычных грамадствах. Вайна ў Косаве далека не скончаная, і пачатковыя перамогі Мілошавіча над безабаронным мірным насельніцтвам могуць быць "піравымі". З аглядам падзеяў апошняга дня на Балканах

У адказ на беспрэцэдэнтную палітыку этнічных чыстак НАТА ўзмацняе бомбавыя і ракетныя ўдары супроць югаслаўскай ваеннай машыны. ЗША паведамілі аб накіраваньні ў раён канфлікту 24 цяжкіх верталётаў тыпу "Апач", а таксама каля 2000 жаўнераў у якасьці іх абслугі. На ваенныя базы НАТА ў Італіі накіроўваюцца таксама дадатковыя самалёты блізкага бою. Усё гэта гаворыць аб падрыхтоўкі НАТА да новага этапу ваеннай аперацыі ў Косава, калі натаўскія верталёты і авіяцыя блізкага бою будуць паляваць у Косаве за кожным паасобным танкам, за кожным грузавіком і нават за кожным малым атрадам жаўнераў. Вайсковыя НАТА таксама чакаюць на змену надвор"я, калі нізкая воблачнасць не будзе перашкаджаць у дакладным бомбаваньні. Камандор Дэвід Вільбі, які ў штаб-кватэры НАТА адказны за інфармацыю аб паветраных налётах, падсумаваў ваенныя дзеяньні апошняга дня наступным чынам:

(Вільбі:) "У сувязі з варункамі надвор"я нашыя ваенныя высілкі былі сканцэнтраваныя вакол Белграду. Мы атакавалі галоўныя ваенныя аб"екты і аб"екты службы бяспекі ў горадзе. Сярод іх быў штаб Першай югаслаўскай арміі. Мы таксама бамбавалі школу падрыхтоўкі афіцэраў вайскаў унутранай службы і важныя нафтасховішча. Гэта ўсё былі ваенныя і спалучаныя з ваеннымі аб"екты".

Косаўскі крызіс уцекачоў паволі пераўтвараецца з рэгіянальнага балканскага ў міжнародны. Албанія, Македонія і Чарнагорыя не ў стане ўтрымаць на сваёй тэрыторыі амаль 400 тысяч албанцаў-косаўцаў. Асабліва драматычная сітуацыя ў Македоніі, дзе адносіны паміж мясцовымі албанцамі-мусульманамі і праваслаўнай большасьцю краіны нагадвае міжнацыянальныя адносіны ў Югаславіі. Мясцовыя аглядальнікі сцвярджаюць, што дастаковы малой іскры, каб косаўскі канфлікт пашырыўся на Македонію. У пятніцу македонскія ўлады зачынілі мяжу з Югаславіяй для дзесяткаў тысячаў уцекачоў. Але пад націскам міжнароднага грамадства праз суткі адчынілі яе зноў. Галоўнакамандуючы міратворчымі войскамі НАТА ў Македоніі брытанскі генерал Міхаель Джэксон атрымаў ад Рады амбасадараў краінаў НАТА ў Бруселі надзвычайныя паўнамоцтвы ў аказаньні дапамогі ўцекачам. Жаўнеры НАТА пачалі будаваць палатачныя вёскі, наладжваць сталоўкі на тысячы чалавек, аказваць уцекачам медыцынскую дапамогу. На поўдні Македоніі з дапамогай мясцовага албанскага насельніцтва пачалі будувацца новыя лагеры ўцекачоў. Усё гэта ў нейкай ступені палагодзіла драматычную сітуацыю. Але галоўнае - краіны НАТА вырашылі прыняць у сябе частку ўцекачоў. Дзяржаўны сакратар ЗША Мэдэлін Олбрайт паведаміла, што Злучаныя Штаты могуць стаць прыбежышчам для амаль 20 тыс. уцекачоў. Удвая болей згадзілася прыняць у сябе Нямеччына. Турэччына, Грэцыя, Нарвегія і Канада таксама запрапанавалі сваю тэрыторыю дзеля стварэньня лагераў для ўцекачоў. Усяго плануецца накіраваць на захад да 100 тысячаў тых, хто перакрочыў у апошнія дні югаслаўскую мяжу.

Ці падобныя крокі сымбалізуюць сабой зьмену ў палітыцы НАТА ў дачыненьні да Югаславіі?
Адказваючы на гэтае пытаньне падчас прэсавай канферэнцыі ў Бруселі ў штаб-кватэры НАТА, прэсавы сакратар Паўночна-атлантычнага альянсу Джэмі Шыа заявіў наступнае:
.
(Шыа:) "Мэты НАТА не зьмяніліся. На сёньняшні дзень не было прынята ніводнай новай палітычнай пастановы. Мы прытрымліваемся нашых мэтаў: мы хочам дэмакратычнага, мірнага, шматнацыянальнага Косава; мы хочам, каб Югаславія раз і назаўсёды прыпыніла сваю палітыку рэпрэсіяў і высылкі косаўскіх албанцаў, мы хачам стварыць такую сітуацыю, калі ўсе уцекачы змогуць вярнуцца дамоў без страху новых пераследаў і рэпрэсіяў. Гэта маральны абавязак міжнароднага грамадства, каб тыя, каго выкінулі сілай з іх дамоў, маглі вярнуцца. І мы перакананыя, што бяспечнае вяртаньне ўцекачоў можна будзе забяспечыць толькі з дапамогай міжнароднай вайсковай прысутнасьці. Без гэтага ўцекачы не змогуць.., не захочуць.., вярнуцца. А ў мірным дагаворы ў Рамбуй"е як раз прадугледжваўся ўвод міжнародных сілаў пад камандваньнем НАТА. Мы хочам дасягнуць стабільнага і сталага палітычнага ўрэгуляваньня ў Косаве, заснаванага на паразуменьнях у Рамбуй"е".

Паветраныя налеты і ракетныя абстрэлы не ў стане затрымаць ваенізаваныя атрады, якія складаюцца пераважна з мясцовых косаўскіх сэрбаў, галоўную сілу ажыцьцяўленьня палітыкі этнічных чыстак. Ракета "Круіз" ці "Тамагаўк" не стане затрымаць чалавека-злачынцу з нажом і аўтаматам, тым больш, што за яго плячыма стаіць дзяржава, дзяржава, якую сёньня сымбалізуе адзін чалавек - Слабадан Мілошавіч. Для часткі сэрбскага грамадства ён сёньня нацыянальны герой, а для міжнароднай супольнасьці ваенны злачынца, які выкарыстоўвае дзяржаўную ваенную машыну дзеля генацыду мірнага цывільнага насельніцтва. І раней, ці пазней яго неабходна будзе пасадзіць на лаву падсудных.

Вось чаму сярод палітыкаў НАТА і перад усім у ЗША расьце перакананьне аб неабходнасьці накіраваць у Косава наземныя войскі. Сёньня нашую радыёстанцыю наведаў кіраўнік групы парляментарыяў дэмакратычнай партыі ў палаце прадстаўнікоў амерыканскага кангрэсу Рычард Гепхардт. У кароткім інтэрв"ю ён выказаў сваю думку ў справе перспектывы накіраваньня наземных войскаў:

Гепхардт: Гэтае пытаньне павінна быць адкрытым. Мяркую, будзе вельмі цяжка дасягнуць кансенсус у гэтым пытаньні. На маю думку паветраныя атакі найлепшае выйсце, мы павінны прытрымлівацца іх і пабачым, які будзе іх вынік. У нас быў добры вынік у Босніі пасля паветранай вайны, і я думаю, што і тут мы здолеем дасягнуць падобнага".

Карэспандэнт нашай радыёстанцыі Кіті Маккінзі знаходзіцца цяпер у адным з лагераў косаўскіх уцекачоў у раёне югаслава-македонскай мяжы. Яна правяла размовы з дзесяткамі косаварцаў, і ўсе яны ў адзін голас заяўляюць ёй, што ўцякаюць яны не ў сувязі з налётамі авіяцыі НАТА, а сувязі з пераследам з боку сэрбскіх паліцыянтаў, вайсковых і перад усім з боку мясцовага сэрбскага апалчэньня. Яны вымушаныя былі пакінуць уласныя дамы пад дуламі сэрбскіх аўтаматаў, пад пагрозай сьмерці...
Сярод уцекачоў Кіті Маккінзі сустрэла спецыяльнага пасланьніка ЗША ў справе ваенных злачынстваў Дэвіда Шэфера. Яна папрасіла яго расказаць для нашых радыёслухачоў пра вынікі ягонай працы. Вось, што ён адказаў:

(Шэфер:) "Калі мы прааналізуем сукупнасць усяго таго, што адбываецца ў Косаве, калі мы паглядзім на гісторыю канфлікту і на характар сэрбскага кіраўніцтва, на тое, што яны гавораць і на іх намеры сёньня і ўчора, можна прыйсці да высновы, што ў Косаве адбываецца генацыд.

Трэба мець яснае ўяўленьне: мая работа тут палягае ў даталёвым аналізаваньні ўсяго таго, што мне гавораць уцекачы. Расказы адных уцекачоў супадаюць з аповедамі іншых, якія зусім не ведаюць першых, і якіх я сустрэў у другім месцы ў прыблізна 300 метрах ад першых, на другім канцы лагеру. З усяго гэтага я маю агульную карціну ўсяго таго, што адбываецца, калі сэрбы атакуюць."

Акрамя непасрэдна баявых дзеяньняў, паміж НАТА і Югаславіяй ідзе прапагандысцкая вайна. На мінулым тыдні югаслаўскае телебачаньне паказала амаль сяброўскія перамовы ў Белградзе паміж прэзідэнтам Сэрбіі Слабаданам Мілошавічам і памяркоўным албанскім лідарам Ібрагімам Руговам. Падчас перамоваў яны паціснулі адзін аднаму рукі, дамовіліся аб супрацоўніцтве і нават падпісалі пагадненьне ў справе ўрэгуляваньня крызісу.
І вось цяпер высвятляецца, што па югаслаўскаму телебачаньню паказалі стужку, зьнятую некалькі гадоў таму. Высвятляецца таксма, што сам Ругова знаходзіцца пад хатнім арыштам у Прышціне, яго дзень і ноч пільнуюць сэрбскія паліцыянты, яго жыцьцё пад пагрозай. Больш таго, ужо пасля нібыта перамоваў з Мілошавічам у інтэрв"ю нямецкаму часопісу Ругова заявіў, што ён выступае за ўвод войскаў НАТА ў Косава ў якасьці гарантыі мірнага ўрэгуляваньня.

XS
SM
MD
LG