Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 красавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

КДБ пачаў разьбіральніцтва, якім чынам трапіў у друк дакумэнт аб процідзеяньні апазыцыйным сілам.

Нагадаю, што ў сярэдзіне сакавіка ў незалежным друку былі апублікаваныя цытаты з дакуманту аб супрацьдзеяньні асобам, якія зьбіраюцца правесьці ў травені прэзыдэнцкія выбары. Гэты цыркуляр ня меў а ні назвы, а ні подпісу, але ягоная мова і пералічаныя ў ім захады давалі падставу меркаваць, што выраблены ён быў у адной зь дзяржаўных установаў. Магчыма - у Радзе Бясьпекі. Днямі стала вядома, што КДБ вядзе расследваньне, зьвязанае менавіта з гэтымі публікацыямі. Узбуджаная крымінальная справа, аднак нікому са сьведкаў, якія выкліканыя на допыты, дакладна не паведамляецца, зь якой прычыны распачатае сьледства і хто падазраецца. З журналістаў, якіх выклікаюць на допыты, бярэцца падпіска аб неразгалошваньні таямніцы сьледства. Сёньня я задаў пытаньне на гэты конт сьледчаму па асабліва важных справах КДБ Генадзю Гнідзько, які вядзе сьледства. Але ён адмовіўся адказваць, ці сапраўды ўзбуджаная крымінальная справа, і які артыкул, на думку сьледства, парушаныя.

Па зьвестках, гэта можа быць альбо разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы, альбо паклёп на адну зь дзяржаўных установаў, якія фігуруюць у дакумэнце. узгадваліся ў ім КДБ, Рада Бясьпекі, пракуратура ды міністэрствы юстыцыі, замежных справаў, эканомікі і сувязі. Паводле дакументу, чэкістам разам з супрацоўнікамі пракуратуры нібыта даручана наладзіць прафілактычную працу з Віктарам Ганчаром і сябрамі Цэнтарвыбаркаму, а таксама скампраментаваць апазыцыйныя структуры. Міністэству юстыцыі, згодна з тым жа цыркулярам, належыць не дапусьціць перарэгістрацыі апазыцыйных структураў. міністэрствам эканомікі і сувязі быццам бы забараняецца даваць апазыцыйным структурам памяшканьні ў арэнду і выдаваць ім дадатковыя тэлефоны. А ўся кардынуючая роля ў супрацьдзеяньні, паводле сакрэтнага цыркуляру, належыць Радзе Бясьпекі.

Журналісты яшчэ да публікацыі дакумэнту зьвярнуліся па камэнтар ва ўзгаданыя ўстановы. прадстаўнікі ведамстваў у алзін голас заявілі, што ўпершыню чуюць пра такі цыркуляр. А намесьнік сакратара Рады Бясьпекі Анатоль Тозік нават назваў яго фальшыўкай.

І вось раптам высьвятляецца, што ўзбуджаная нейкая крымінальная справа з прычыны ўзьнікненьня гэтага дакумэнту ў друку. Гэтыя зьвесткі я папрасіў пракамэнтаваць вядомага юрыста Гары Паганяйлу.

(Паганяйла:) "Гэтая дзейнасьць, калі яна вядзецца, дык вядзецца ў таямніцы ад грамадзянаў, ад грамадзкасьці і журналістаў. апублікаваўшы зьвесткі пра такія дзеяньні, журналісты безумоўна зблыталі карты нашай ўладзе. Таму я не зьдзіўлюся, што нехта спрабуе адпомсьціць журналістам".

На думку адваката, КДБ, хутчэй за ўсё, шукае крыніцы, якія перадалі дакумэнт у друк і ціскам на журналістаў спрабуюць выявіць гэтыя крыніцы. Аднак наўрад ці КДБ прызнае публічна, што ўзбуджаная крымінальная справа па факце разгалошваньня сакрэтных дакумэнтаў. Бо гэта будзе азначаць, што ўлады публічна прызнаюць палітычны перасьлед грамадзянаў.

Другая магчымая прычына крымінальнай справы - паклёп на ведамствы - на думку адваката, таксама верагодная, але высьвятленьне абставінаў пацягне зв сабой шырокае разьбіральніцтва. У выніку хутка высьветліцца, што ўстановы рабілі дакладна тое, што і загадваў гэты дакумэнт. Улада сама сабе высьцегае, што ў яе пляны наўрад ці ўваходзіць.

Гары Паганяйла лічыць, што галоўная мэта гэбістаў - запалохаць грамадзкасьць, у тым ліку і журналістаў.
Усім журналістам, якіх яшчэ будуць выклікаць на допыты ў гэтай справе, адвакат раіць даваць паказаньні толькі ў прысутнасьці юрыдычнага дарадцы. "Ёсьць людзі, якія робяць чорную справу і хочуць, каб гэта заставалася ў сакрэце, - кажа адвакат. - Супраць іх трэба дзейнічаць паводле закона і не паддавацца на іхні ўціск".

XS
SM
MD
LG