Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Сьледам за некаторымі палітыкамі прэса ў Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі ўсё настойлівей выказваецца за ўвядзеньне ў Косава наземных войскаў НАТО.

У трох запар артыкулах у часапісе Economist у адзін голас заяўляецца, што ў сувязі з сытуацыяй, якая склалася ў Косаве, узьнікае пытаньне разьмяшчэньня ў правінцыі наземных войскаў.

«Памылка Захаду палягае ў тым, што ён бачыў мэту, але не прадбачыў сродкаў яе дасягненьня. Зараз трэба скарыстаць адпаведныя сродкі. Правал апэрацыі ня толькі падштурхне да працягу жорсткасьці ў Косаве, але і дыктатары зразумеюць, што НАТО нельга ўспрымаць усур'ёз», - піша Economist.

У іншым артыкуле гаворыцца, што «калі апэрацыя НАТО ў Косаве закончыцца пасьпяхова, яна з часам будзе лічыцца законнай». Паводле артыкулу, ня трэба зважаць на тое, што цяпер НАТО дзейнічае гэтаксама па-за законам, як і Мілошавіч.

У трэцім артыкуле у часапісе Economist уздымаецца пытаньне магчымых праблемаў з уводам войскаў з тэрыторыі Македоніі. У горны, цяжкадаступны раён трэба будзе праўдападобна накіраваць каля 190 тысячаў вайскоўцаў. Магчыма, піша газэта, з дапамогай бомбаў удасца нэўтралізаваць сілы Мілошавіча, але наўрад ці акцыя пройдзе без супраціву з боку Бялграду.

Мабыць улічваючы розныя цяжкасьці, камандзір паветраных сілаў Вялікабрытаніі ў часе апэрацыі супраць Іраку Патрык Гайн лічыць, што паветраных удараў супраць Бялграду дастаткова. «Я выказваюся за працяг гэтай апэрацыі, паколькі ў цяперашніх аб- ставінах няма лепшага ваеннага мэтаду», - напісаў ён у газэце Daily Telegraph.

Прафэсар Унівэрсытэту штату Aгаё Джулі Мэртус піша ў газэце Chicago Tribune, што «міжнародная супольнасьць будзе мець дачыненьне з генацыдам, калі не накіруе ў Косава наземныя войскі і пры тым неадкладна. Няважнае адкуль яны прыбудуць, але яны мусяць прыбыць. На думку прафэсара, «што праўда, сэрбскае грамадзтва зьвярнулася супраць НАТО і ЗША, але ж большасьць сэрбаў і супраць вайны ў Косаве. Тысячы людзей у Сэрбіі хацелі б ўцячы за мяжу, або недзе схавацца. Міжнародная супольнасьць абараняе ня толькі альбанцаў, але і тых сэрбаў, якія не падтрымоўваюць вайну. Калі мы ня будзем дзейнічаць, мы будзем адказныя за генацыд. Кроў будзе на нашых руках», - піша Джулі Мэртус у газэце Chicago Tribune.

Робэрт Далек і Стывэн Соларз пішуць у газэце Washington Post, што «не зважаючы на значныя шкоды, спрычыненыя сэрбскім сілам у выніку авіяўдараў з боку НАТО, яны не спыняць сэрбскіх сілаў ад расправы над пераважна безабароннымі альбанцамі ў Косаве. Каб выратаваць жыцьцё многіх нявінных людзей, неабходна разьмясьціць у правінцыі наземныя войскі», - канстатуюць аўтары артыкулу. На іх думку, цяпер у руках НАТО ня толькі лёс двух мільёнаў альбанцаў, але і ўласны прэстыж. У выніку няўдачы ў Косаве, піша газэта Washington Post, быў бы падарваны і аўтарытэт Злучаных Штатаў у сьвеце.

Дацкая газэта Information зьвяртае ўвагу на тое, што бамбовыя удары заміж утаймаваць сэрбаў, прывялі да яшчэ горшага варварства. Такая лёгіка вайны, лічыць газэта, і няма сэнсу крывадушна замоўчваць гэты факт. Як гэта ні парадаксальна, але ў дадзеным выпадку толькі сіла можа прымусіць Мілошавіча паважаць правы чалавека. У кожным разе праблема уцекачоў — гэта бомба з гадзіньнікавым мэханізмам, падкладзеная пад легітымнасьць, на якоую абапіраецца НАТО.

Амэрыканская газэта New York Times лічыць, што ня трэба зьнеахвочвацца захопам у палон трох амэрыканцаў. На думку газэты, ня трэба разьлічваць на хуткую перамогу, але неабходна выявіць цярплівасьць і рашучасьць. Каб спыніць кашмар, які адбываецца ў Косаве, прэзыдэнт Клінтан павінен адмовіцца ад сваіх ранейшых словаў і заявіць, што калі ня будзе іншага выйсьця, трэба паслаць у Косава наземныя войскі і ясна заявіць аб гэтай неабходнасьці амэрыканскаму народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG