Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сілы НАТО перайшлі да чарговай фазы апэрацыі супраць Югаславіі — пашырэньня сьпісу атакаваных аб'ектаў. У міжчасе праваабарончае ведамства ААН апублікавала справаздачу пра злачынствы абодвух варагуючых у Косаве бакоў, а прэзыдэнт ЗША Клінтан усклаў адказнасьць за пакуты альбанскага насельніцтва ў Косаве на прэзыдэнта Мілошавіча і рашуча падтрымаў сілавую акцыю НАТО супраць Бялграду.

Новая фаза апэрацыі была ўхваленая прадстаўнікамі НАТО ў аўторак. Яна больш складаная з прычыны дрэннага надвор'я і небясьпечная для авіяцыі. Дзеля гэтага саюзныя сілы павялічылі колькасьць самалётаў уцягнутых у апэрацыю. У дадатак да 11 зьнішчальнікаў F-117 «Стэлт» на базу Авіяна ў Італію прыбылі яшчэ 13 гэтых машын. Дагэтуль авіяцыя ЗША правяла пераважную большасьць налётаў, паколькі валодае самалётамі нябачнымі для радараў. Яшчэ 75 дсамалётаў прыбудуць на борце авіяносца «Рузвэлт», які ў выхадныя павінен прыбыць у Адрыятычнае мора.

Як заявіў прэзыдэнт ЗША Клінтан, «наша мэта — даць магчымасьць косаўцам вярнуцца ў свае дамы і аднавіць аўтаномію. Бамбовыя удары, — гэта менавіта тая высокая цана, якую Мілошавіч плаціць за сваю палітыку рэпрэсіяў і этнічных чыстак, яны разьлічаныя на пазбаўленьне яго магчымасьці працягваць гэты курс».

Паводле галоўнакамандуючага сіламі НАТО ў Эўропе генэрала Кларка, сілы НАТО пачалі атакаваць розныя, у тым ліку цывільныя аб'екты уключна з дарогамі, якія маюць стратэгічнае значэньне. Учора саюзныя зьнішчальнікі разбурылі адзін з двух мастоў праз раку Дунай у горадзе Нові Сад. Кларк адзначыў, што НАТО будзе атакаваць усё, што мае дачыненьне да ваеннага патэнцыялу Сэрбіі. Ён заявіў, што ранейшыя ўдары ўжо спрычынілі сэрбскім сілам у Косаве значныя шкоды. «Танкі і вайсковая тэхніка пачынаюць адчуваць недахоп паліва. Зьмяншаюцца запасы боепрыпасаў і харчоў, а таксама разбураныя многія вайсковыя склады», - заявіў старшыня сэнацкага камітэту ўзброеных сілаў Джон Ўорнэр.

З другога боку, прадстаўнікі Пэнтагону адзначаюць, што сілы Мілошэавіча ў Косаве дасягнулі сваёй асноўнай мэты. Яны амаль дашчэнту разьбілі альбанскіх баевікоў і выціснулі дзясяткі тысячаў альбанцаў па-за межы правінцыі. У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне: ці згаданае вышэй папаўненьне паступае не запозна.

«Я думаю, што гэта была б вялікая трагедыя і ганьба для Захаду, калі б дазволіць сэрбам праводзіць генацыд альбанцаў», - заявіў прадстаўнік Кангрэсу ЗША Томас Бляйлі. Між тым, на ахвяры канфлікту ў Косаве зьвярнула ўвагу камісія ААН у правох чалавека. У часе ўчорашняй гадавой сустрэчы старшыня камісіі Іржы Дынстбір адзначыў, што абодва бакі канфлікту: і сэрбы і альбанцы ўчыняюць захоп людзей, забойствы і беспадстаўныя арышты. Ён згадаў выпадак выяўленьня ў лесе каля Дрэніцы 14 зьнявечаных целаў альбанскіх жанчын, дзяцей і старых.

У адказ на закіды ў адрас Бялграду прадстаўнік югаслаўскага ўраду Бранкавіч падаў, як гэта было названа, «інфарамацыю пра тэрарыстычную дзейнасьць і правакацыі альбанскіх сэпаратыстаў». У дакумэнце гаворыцца, што толькі з паловы кастрычніка мінулага году да паловы лютага сёлета, альбанцы каля трохсот разоў атакавалі цывільнае насельніцтва і каля 530 разоў — узброеныя сілы. У выніку забіта 99 чалавек, у тым ліку 80 цывільных асобаў. У справаздачы ААН таксама гаворыцца, што альбанскія баевікі адказныя за выкраданьне і расстрэлы без суду сэрбскіх паліцыянтаў. У двух месцах Клека і Глоджанэ зной- дзена целы 40 Сэрбаў, на думку Бялграду — цывільных асобаў.

Камісар ААН у справах уцекачоў Мэры Робінсан паведаміла, што на наступным тыдні спэцыяльная сьледчая група пачне таксама расьсьледаваньне праводжаных сэрбскімі сіламі этнічных чыстак. Дзеля гэтага ўжо пачаты збор інфармацыі ад альбанскіх уцекачоў.ё

Між тым, учора немалы шок і абурэньне ў ЗША выклікаў захоп югаслаўскімі сіламі трох вайскоўцаў ЗША зь міратворчага кантынгенту ў Македоніі. Зьбітых амэрыканцаў, захопленых нібыта на тэрыторыі Югаславіі, паказала бялградзкае тэлебачаньне. Яшчэ сёньня мае адбыцца суд над імі. Выступаючы ўчора на вайсковай базе ў Норфалку, штат Вірджынія, прэзыдэнт Клінтан заявіў: «Не было ніякіх падставаў для іх захопу, ніякіх падставаў для іхнага пратрымоўваньня. Несумненна, няма таксама ніякіх падставаў для суду над імі. Усе амэрыканцы занепакоеныя іхным лёсам. Хай Мілошавіч ня мае ніякіх ілюзіяў: Амэрыка ня дасьць сябе пакрыўдзіць».

Прэзыдэнта падтрымаў старшыня рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Трэнт Лотт. «Мілошавіч будзе асабіста адказны за лёс амэрыканскіх вайскоўцаў і іхнае бясьпечнае вяртаньне дамоў. Гэта не пустая пагроза са спасылкай на міжнароднае права, а прысяга амэрыканскага народу», - сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG