Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У сувязі з вайсковай апэрацыяй НАТО ў Югаславіі Беларусь прыпыняе ўсе свае кантакты з Паўночнаатлянтычным альянсам. Пра гэта ўчора паведаміў прэсавы сакратар беларускага МЗС Мікалай Барысевіч.

Паводле сп. Барысевіча, беларускае кіраўніцтва вырашыла прыпыніць дзейнасьць пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры НАТО. Вырашана таксама прыпыніць кантакты ў межах натаўскай праграмы «Партнэрства дзеля міру» і адклікаць у распараджэньне беларускай амбасады Ў Бэльгіі маёра Дзьмітрыя Кажарскага, афіцэра з групы каардынацыі гэтай праграмы. Адначасна прыпыненыя ваенныя кантакты з Злучанымі Штатамі ды іншымі краінамі, якія ўваходзяць у Паўночнаатлянтычны альянс.

Адразу пасьля пачатку ваеннай апэрацыі ў Югаславіі Расея прыпыніла свае кантакты з альянсам. Пасьля тыдня развагаў, тыя самыя захады ўжыла і Беларусь — стратэгічны саюзьнік Расеі. Варта адзначыць, што акрамя Беларусі й Расеі ніводная краіна СНД не пайшла на такія жорсткія крокі, а Азэрбайджан нават выказаў жаданьне накіраваць сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў натаўскіх апэрацыях у Югаславіі.

Прапанова беларускага прэзыдэнта прыняць на сёньняшнім саміце СНД агульную заяву з асуджэньнем НАТО толькі абвастрыла супярэчнасьці ў Садружнасьці. Некаторыя краіны адмовіліся асудзіць ЗША ды іхных саюзьнікаў.

Прыпыненьне кантактаў Беларусі з НАТО наўрад ці будзе мець той эфэкт, на які разьлічваюць беларускія ўлады. Рэч у тым, што сур'ёзных стасункаў і дагэтуль не было. Удзел Беларусі ў праграме «Партнэрства дзеля міру» быў мінімальны. У адрозьненьне ад краінаў Усходняй Эўропы, Украіны, Расеі — Беларусь не правяла ніводнага супольнага вучэньня з войскамі НАТО. Індывідуальная праграма ўдзелу Беларусі ў «Партнэрстве дзеля міру» была выпрацаваная толькі летась — тады, калі астатнія краіны свае індывідуальныя праграмы ўжо выканалі і перайшлі на новы ўзровень супрацоўніцтва.

Летась, калі было прынятае канчатковае рашэньне аб уваходжаньні ў альянс новых сяброў, НАТО падпісала з Расеяй і Ўкраінай асобныя дамовы, у якіх вырашаліся пытаньні бясьпекі і супрацоўніцтва. Беларуская дыпляматыя ня здолела дамагчыся, каб адпаведная дамова была ззаключаная і зь Беларусьсю. Зьнешняя і ўнутраная палітыка Беларусі не выклікала вялікай прагі да кантакту і з супрацьлеглага боку. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году ЗША прыпынілі выдзяленьне Беларусі крэдытаў на ліквідацыю пускавых установак, якія засталіся пасьля вываду расейскай ядзернай зброі.

Пасьля леташняга канфлікту вакол Драздоў ЗША і краіны Эўразьвязу забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю 131 службовай асобе Беларусі, у тым ліку і кіраўнікам ваеннага ведамства. Толькі на пачатку гэтага году забарона была адмененая. А сёньня беларускія ўлады самі адмаўляюцца ад кантактаў. Нават калі лічыць, што блёк НАТО — дрэнны, агрэсіўны і г.д., кантакты варта было б падтрымваць, хоць бы дзеля таго, каб ведаць пра пляны гэтага, паводле вызначэньня Лукашэнкі, «монстра». А цяпер атрымваецца як у старым анэкдоце — падмануў кандуктара: набыў квіток і пайшоў пешшу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG