Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

4 красавіка хрысьціяне дзьвюх асноўных канфэсіяў Беларусі адзначаюць вялікія сьвяты. Каталікі сьвяткуюць Вялікдзень, а ў праваслаўных — Вербная нядзеля. А ўлады прызначылі людзям у гэты дзень сваё сьвята пад назовам «выбары ў мясцовыя саветы».

Дата правядзеньня гэтых выбараў была абвешчаная больш за два месяцы таму і адразу ж выклікала нэгатыўную рэакцыю ў колах каталіцкага духавенства і вернікаў. Праўда, ніякіх афіцыйных заяваў з гэтай нагоды кіраўніцтва Каталіцкай царквы ў Беларусі не рабіла, але некаторыя ксяндзы ўсё ж такі выказаліся, што прызначэньне выбараў на Вялікдзень зьяўляецца абразай рэлігійных пачуцьцяў многіх беларускіх грамадзянаў. На думку сьвятароў, у гэты дзень людзі павінны ісьці спачатку ў храм, а потым сьвяткаваць Уваскрэсеньне Хрыстовае ў сямейным коле, а не рабіць адказны палітычны выбар.

Адмоўная рэакцыя на выбары з боку каталікоў хутка дайшла да вушэй чыноўнікаў адміністрацыі Лукашэнкі. Літаральна празь некалькі дзён старшыня прэзыдэнтавага ЦэнтарВыбарКаму Лідзія Ярмошына была вымушаная апраўдвацца. Паводле яе словаў, улады ня мелі ніякага злога намеру сарваць каталікам сьвята. Ярмошына таксама паабяцала, што сьвяточны настрой у гэты дзень у іх не сапсуецца, паколькі на выбарчых участках, як у старыя часы, будзе граць музыка і працаваць буфэты.

Гэткія правакацыі ў дачыненьні да вернікаў улады робяць не ўпершыню. Нагадаю, што якраз напярэдадні леташняга Вялікадня прэзыдэнт выдаў указ, якім скасаваў статус непрацоўнага дня — Велікоднага панядзелка і сьвята восеньскіх Дзядоў. І вось цяпер — чарговая абраза рэлігійных пачуцьцяў многіх людзей.

Каталіцкія і праваслаўныя вернікі, зь якімі мне давялося паразмаўляць, дзеяньнямі ўладаў, вядома, абураныя. Старэйшыя людзі прыгадалі, што раней так ставіліся да вернікаў толькі савецкія камуністы. Прызначаць выбары, суботнікі ды іншыя прапагандысцкія мерапрыемствы на хрысьціянскія сьвяты было адным з элемэнтаў тактыкі атэістычнага выхаваньня народу савецкай уладай. Як бачым, недалёка адыйшоў ад ваяўнічых камсамольскіх і партыйных бязбожнікаў мінулых часоў і «праваслаўны атэіст» Лукашэнка. Але калі актыўныя вернікі дзеяньнямі прэзыдэнта абураныя і заяўляюць, што на такія выбары ня пойдуць, дык астатняя частка — прынамсі жыхароў Менску — ставіцца да прызначанага на Вялікдзень і Вербніцу галасаваньня больш спакойна. Праўда, стаўленьне насельніцтва да правядзеньня выбараў 4 красавіка можа быць іншае ў правінцыі, асабліва ў заходніх рэгіёнах краіны, дзе каталіцкая і праваслаўная традыцыі даволі моцныя.

А вось прадстаўнікі духавенства па-рознаму ацэньваюць рашэньне ўладаў правесьці выбары ў сьвяты. Гаворыць пробашч Менскага касьцёла на Залатой Горцы ксёндз Міхал Сапель:

(кс. Сапель:) «Кожны грамадзянін мае свае грамадзянскія абавязкі, і выбары — гэта грамадзянскі абавязак. Але і кожны вернік мае свае абавязкі — перад Богам, перад сваім сумленьнем — і таксама мусіць іх выконваць. Але тут яшчэ трэба сказаць, што і дзяржава мае свае абавязкі — ушанаваньне рэлігійных пачуцьцяў усіх сваіх грамадзянаў».

Ксёндз Міхал Сапель таксама лічыць, што многія сталічныя каталікі ў выбарах удзелу ня возьмуць, бо...

(кс. Сапель:) «...вялікая частка людзей у Менску маюць сваіх бацькоў, продкаў, свае карані ў вёсках, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Зразумела, што ў гэты дзень, і нават за некалькі дзён — зь пятніцы — яны стараюцца выехаць да сваіх бацькоў».

А клірык Менскага Сьвятадухава Кафэдральнага Сабору протаярэй Сяргей Гардун лічыць, што галасаваньне прызначылі на сьвята проста празь недагляд чыноўнікаў. На ягоную думку, гэта не зусім добра, паколькі ў Вербную нядзелю многія людзі будуць знаходзіцца на багаслужбах. Але разам з тым закон прадугледжвае і датэрміновае галасаваньне, і сам айцец Сяргей мае намер выканаць свой грамадзянскі абавязак у іншы дзень.

XS
SM
MD
LG