Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Учора Радыё Свабода паведамляла пра тое, што супрацьстаяньне адміністрацыі берасьцейскага заводу «Цьветатрон» і суполкі свабоднага прафсаюзу мэталістаў, што дзейнічае на гэтым прадпрыемстве, дасягнула сваёй крытычнай адзнакі. Старшыні суполкі СПМ Сяргею Вакуленку не дазволілі прыняць удзел у канфэрэнцыі працоўнага калектыву, на якой абмяркоўваўся праект новага калектыўнага пагадненьня паміж наймальнікам і прафсаюзамі. І вось цяпер прыйшло паведамленьне пра тое, што сёньня, 2 красавіка Сяргей Вакуленка распачаў сухую галадоўку ў якасьці пратэсту супраць парушэньня правоў чалавека.

У сваёй заяве, накіраванай старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Ўладзімеру Заламаю, а таксама ў Савет Міністраў, свабодны прафсаюз мэталістаў, рэдакцыі некаторых газэтаў і Беларускі Гельсынскі Камітэт, сп. Вакуленка адзначае, што ад сьнежня 1998 году да гэтае пары з боку дырэктара заводу «Цьветатрон» Віктара Падольскага адбываецца перасьлед за прафсаюзную дзейнасьць, чым парушаецца артыкул 4 Усеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека, а таксама артыку 41 уведзенай Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Лідэр заводзкай суполкі свабоднага прафсаюзу мэталістаў лічыць, што сухая галадоўка — адзінае выйсьце, каб прымусіць адміністрацыю заводу «Цьветатрон» прытрымвацца заканадаўства краіны і ў прыватнасьці законаў аб прафэсійных саюзах і працоўных пагадненьнях.

Далей у сваёй заяве Сяргей Вакуленка зазначыў: «Я вымушаны пайсьці на гэтую крайнюю меру пратэсту каб прыцягнуць увагу ворганаў улады і грамадзкасьці да перасьледу паводле прыналежнасьці да прафсаюзаў мяне асабіста і сяброў свабоднага прафсаюзу, якія даручылі мне абараняць іхныя правы».

Сярод умоваў, якія б спрыялі спыненьню галадоўкі, сп. Вакуленка вылучае наступныя: спыніць маральны ціск з боку адміністрацыі заводу, кіраўнікі якога патрабуюць ад сяброў свабоднага прафсаюзу мэталістаў выйсьці з гэтай арганізацыі. У іншым выпадку ім пагражаюць не забясьпечваць працай, ліквідаваць працоўныя месцы, адмовіць у пераходзе на сыстэму кантрактаў і пэрсанальных акладаў. Таксама маюцца канкрэтныя выпадкі звальненьня з працы актывістаў прафсаюзу ня толькі на ўласнае жаданьне, але і зь ініцыятывы адміністрацыі заводу. Акрамя таго Сяргей Вакуленка патрабуе спыніць ігнараваньне заводзкай суполкі СПМ у пытаньнях разгляду выкананьня калектыўнай дамовы за 1998-9 гады, у якой свабодны прафсаюз мэталістаў зьяўляецца адным з бакоў, што падпісаў гэты дакумэнт.

Акцыю пратэсту сп. Вакуленка распачаў раніцай 2 красавіка на сваім працоўным месцы і з дапамогай сяброў прафсаюзу распаўсюдзіў тэкст згаданай вышэй заявы.

Паводле апошняй інфармацыі, ніякай рэакцыі з боку адміністрацыі заводу «Цьветатрон» на галадоўку аднаго з рабочых прадпрыемства пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG