Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Учора ўвечары гомельская міліцыя ўчыніла ператрус у штаб-кватэры абласнога грамадзкага аб'яднаньня «Грамадзянскія Ініцыятывы». Узначальваў апэрацыю сам начальнік аддзелу прафіляктыкі правапарушэньняў абласной міліцэйскай управы Аляксандар Гаркоў, нядаўна падвышаны ў званьні да рангу палкоўніка.

Нагода для ператрусу была абраная без асаблівай фантазіі, але, мусіць, з улікам першакрасавіцкага Дня Сьмеху — маўляў, патэлефанаваў ананім і паведаміў, што ў нумары 712 гатэлю «Цырк» знаходзяцца наркотыкі і зброя. Менавіта гэты нумар арэндуе ў згаданым гатэлі аб'яднаньне «Грамадзянскія Ініцыятывы».

Нягледзячы аднак на званок аб наркотыках міліцыянты зьявіліся ў гатэль без спэцыяльна навучаных сабакаў — заявілі, што справяцца бязь іх. Яны агледзелі два невялічкія пакойчыкі і не знайшлі там анічога, што б давала хоць нейкую падставу скласьці пратакол. Хутчэй за ўсё міліцыянты шукалі ўлёткі з заявай кіраўнікоў Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў Беларусі аб сваім няўдзеле ў прызначаных на 4 красавіка выбарах у мясцовыя саветы. Такія ўлёткі ўжо зьявіліся ў паштовых скрынках гамельчукоў.

Думаць так аб сапраўднай мэце ператрусу вымушаюць і больш позьнія дзеяньні міліцыі. Учора ж, на палову восьмай гадзіны вечара, два маёры чыгуначнага РАУСу — Уладзімір Антончанка і Андрэй Саладоўнікаў — разам з участковым інспэктарам пад выглядам праверкі пашпартнага рэжыму патрапілі ў кватэру Алены Старыкавай, бабулі кіраўніка гомельскай маладзёвай суполкі «Грамадзянскі Форум» Алеся Карніенкі. Сам Алесь, дарэчы, і адчыніў дзьверы міліцыянтам. Але ня столькі пашпартны рэжым цікавіў вечаровых гасьцей, колькі ўлёткі з заявай Каардынацыйнай Радай Дэмакратычных Сілаў аб няўдзеле ў выбарчым фарсе. Маёры нават мала цікавіліся іншымі ўлёткамі, што знаходзіліся ў сп. Карніенкі. У прыватнасьці тымі, у якіх маладзёвая суполка «Грамадзянскі Форум» прапануе грамадзянам фарбаваць яйкі пад Вялікдзень на паперы — і вось чаму: дзякуючы, так сказаўшы, пасьпяховай палітыцы прэзыдэнта, сапраўдных яек у крамах днём з агнём знайсьці цяжка.

З бабулінай кватэры па тэлефоне маёры выклікалі панятых і падмогу яшчэ зь пяці міліцыянтаў. Сканфіскаваўшы знойдзеныя ўлёткі, яны забралі сп. Карніенку ў пастарунак. Там ён мусіў даваць тлумачэньні аб паходжаньні ўлётак з заявай Каардынацыйнай Рады. Хутчэй за ўсё міліцыянты хочуць выставіць гэтыя ўлёткі як заклік да байкоту выбараў. Нічога не дамогшыся станоўчага, але склаўшы адпаведны пратакол, маёры адпусьцілі Алеся Карніенку дамоў.

У кантэксьце ўзмацненьня ўціску апазыцыі перад выбарамі, мусіць, трэба разглядаць і яшчэ адзін факт. Участковыя камісіі па камандзе зьверху не дапускаюць на выбарчыя ўчасткі назіральнікаў ад Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, хоць датэрміновае галасаваньне распачатае ваўсю. На запыт кіраўніка гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімера Кацоры старшыня абласной камісіі па выбарах у мясцовыя саветы сп. Бордак заявіў: «Раз партыя ня ўдзельнічае ў выбарах, дык няма чаго пасылаць і назіральнікаў».

XS
SM
MD
LG