Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў Беларусі адзначалі чарговую гадавіну расейска-беларускай дамовы.

Калі ўлічыць, што гэтымі днямі з вуснаў найвышэйшага беларускага кіраўніцтва гучаць словы аб неабходнасьці аб'яднаньня Беларусі й Расеі ў адну дзяржаву, у тым ліку і дзеля ўзмацненьня ваеннага патэнцыялу будучага ўтварэньня — Саюзу Сувэрэнных Рэспублік — дык няма нічога дзіўнага, што менавіта да гэтага дня была прымеркаваная акцыя, арганізаваная Асацыяцыяй Маладых Палітыкаў Беларусі, а менавіта — шэсьце і мітынг за бязьядзерную Беларусь.

Менскі гарвыканкам ня даў санкцыі на правядзеньне шэсьця супраць магчымага вяртаньня ў Беларусь ядзернай зброі. Цэлы дзень у Менску нарастала напружанасьць, усе двары дамоў вакол праспэкту Скарыны і суседніх вуліцаў былі запоўненыя машынамі і атрадамі АМОНу.

І вось вынік: затрыманыя 20 удзельнікаў сёньняшняй акцыі. Сярод затрыманых — арганізатар несанкцыянаванага шэсьця, лідэр Асацыяцыі Маладых Палітыкаў Анатоль Лябедзька. Падчас затрыманьня ўдзельнікаў акцыі жорстка зьбівалі.

Затрыманьні адбываліся ў розных раёнах гораду паводле адпрацаванага сцэнару. Людзей — пераважна моладзь — хапалі людзі ў цывільным, супрацоўнікі крымінальнага вышуку. На 21.40 каля 20 затрыманых — пераважна непаўнагадовыя — яшчэ знаходзіліся ў Савецкім РАУСе Менску, куды іх прымусова даставілі. Там утрымваецца і арганізатар сёньняшняй акцыі пратэсту, дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька. Ён быў затрыманы разам зь віцэ-прэзыдэнтам Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Аляксандрам Тамковічам — Тамковіч падвозіў Лябедзьку пасьля мітынгу.

Журналіста Тамковіча выпусьцілі з РАУСу. Нашаму радыё ён паведаміў:

(Тамковіч:) «У раёне рэмантаванага сёньня рэстарана «Рэчанька» нас абагнаў «жыгуль». Мы спыніліся. Да мяне як да кіроўцы падыйшлі супрацоўнікі ў цывільным і паказалі дакумэнты на імя «маёр Кабяк Сяргей Уладзіміравіч, крымінальны вышук». Папрасілі праехаць у Савецкі РАУС. Селі да нас у машыну двое, прыехалі мы ў Савецкі РАУС — цяпер там знаходзяцца каля 20 затрыманых».

Сярод затрыманых — непаўнагадовыя Цімох Дранчук, Сьвятлана Харкіна, Аляксандар Трафімаў, Зьміцер Зайцаў, Віталь Казак, Васіль Макееў, Алена Навічок, а таксама 16-гадовая Мара Куніна і яе маці Галіна Куніна, якую моцна зьбілі пры затрыманьні, і ў Савецкім РАУСе яна некалькі разоў страчвала прытомнасьць.

Мара Куніна, калі яе выводзілі з РАУСу, пасьпела паведаміць нашаму радыё:

(Куніна:) «Да нас падыйшлі проста і пачалі зацягваць у машыну людзі ў цывільным. Мяне зь сяброўкай зацягнулі ў адну машыну, маю маму пачалі зьбіваць, яна страціла прытомнасьць і апрытомнела ўжо ў машыне. Яе моцна зьбівалі, у яе шмат сінякоў на твары. І цяпер яна сядзіць — яна ўжо некалькі разоў страчвала прытомнасьць, ёй не даюць нічога — ні вады, нічога. Невядома што. Нічога ня кажуць...»

Хутчэй за ўсё непаўнагадовых затрыманых сёньня ўначы выпусьцяць дахаты, а астатнія накіруюцца ў сумнавядомы разьмеркавальнік на Акрэсьціна, дзе будуць чакаць суду да панядзелка. Верагодна, што затрыманых абвінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага сёньняшняга шэсьця.

Дарэчы, на заўтра заплянаваная сустрэча Анатоля Лябедзькі з намесьнікам старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Сэвэрынам, які знаходзіцца ў Беларусі з мэтай вывучэньня палітычнай сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG