Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 красавіка 1999 г.


Вiталь Цыганкоў, Прага

Найвышэйшы пракурор камісіі ААН па ваенных злачынствах Луіза Арбур заявіла, што цяпер зьбіраюцца новыя доказы, якія могуць прывесьці да выстаўленьня абвінавачаньня Слабадану Мілошавічу і ягоным палітычным і ваеным паплечнікам.

Мілошавіч і выканаўцы ягоных загадаў могуць паўстаць перад крымінальнымі абвінавачаньнямі, нават калі яны асабіста ня бралі ўдзел у забойствах і катаваньнях, але ведаючы пра іх, не пажадалі спыніць. Папярэджваючы югаслаўскае кіраўніцтва, міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Робін Кук заявіў: «Кожны, хто ажыцьцяўляе масавыя забойствы мірнага насельніцтва, кожны, хто дае загады на гэта, кожны, хто саўдзельнічае ў выдачы такіх загадаў, і кожны, хто не жадае прадухіліць такія загады — кожны за такія дзеяньні будзе абвінавачаны перад міжнародным трыбуналам па ваенных злачынствах».

Тым часам дэпартацыя альбанцаў з Косава набывае катастрафічныя маштабы. За 8 дзён з пачатку натаўскага бамбаваньня югаслаўскіх ваенных цэляў правінцыю пакінулі 156 тысячаў жыхароў, якія хлынулі з Косава ў суседнія краіны.

За апошні дзень тактыка выпаленай зямлі, якую прымяняюць сэрбы, вымусіла пакінуць свае дамы яшчэ каля 10 тысячаў альбанцаў, паводле дадзеных АБСЭ. Тым часам сэрбскія памежныя сілы ўзялі ў палон трох амэрыканскіх салдатаў, якія патрулявалі югаслаўска-македонскую мяжу.

Журналісты, якія вядуць рэпартажы зь югаслаўска-альбанскай мяжы, заўважаюць рэзкія адрозьненьні ў зьнешнім выглядзе ўцекачоў, якія адбыліся літаральна за апошнія два дні. У аўторак ўцекачы выглядалі агаломшанымі, іх твары былі застылыя. У сераду твары ўцекачоў былі скажоныя, многія адкрыта рыдалі — піша карэспандэнт New York Times. «Калі мы зьяжджалі ўздоўж вуліцы, усе крамы і дамы гарэлі з абодвух бакоў», - кажа стары мужчына, які прыехаў на аўтобусе з Дзякавіцы. «Абстрэл ідзе непарыўна з учорашняга дня, - кажа Дзердзь Мэртур, іншы ўцякач з гэтага рэгіёну. - Там сотні мёртвых. Паліцыя і спэцвойскі спальваюць дамы».

Іншая група ўцекачоў прыбыла на мяжу са сталіцы краю Прышціны. Яны паведамляюць, што горад у агні. Аднак пакуль немагчыма пацьвердзіць сьведчаньні ўцекачоў якімі-небудзь іншымі міжнароднымі крыніцамі.

Вялікая чарга згрудзілася на югаслаўска-альбанскай мяжы. Альбанскія ўлады вымушаныя ўводзіць новую сыстэму рэгістрацыі ўцекачоў, у якіх сэрбы на мяжы мэтадычна забіраюць пашпарты ды іншыя дакумэнты. Альбанскія памежнікі могуць прапускаць толькі каля 200 чалавек у гадзіну. Сэрбскія ўлады просяць альбанскіх памежнікаў паскорыць гэты працэс. Але ў сераду менавіта сэрбы спынілі гэты паток. Гэта ўжо стала звычкай для сэрбскіх памежнікаў пасьля рабаваньня ўцекачоў і адкручваньня іхніх аўтамабільных нумароў, зачыніць мяжу ў сярэдзіне дня на абед, вяртаючыся да працы толькі ў дзьве гадзіны.

Усяго з пачатку натаўскага бамбаваньня югаслаўскіх ваенных цэляў за гэтыя 8 дзён 156 тысячаў жыхароў правінцыі хлынулі з Косава ў суседнія краіны. Зь іх каля 100 тысячаў перасяклі альбанскую мяжу.

Тым часам увага амэрыканскіх СМІ сёньня пераважна сканцэнтраваная на лёсе трох амэрыканскіх пехацінцаў, захопленых ў палон сэрбскімі войскамі. Салдаты, якія ў складзе сілаў НАТО кантралявалі югаслаўска-македонскую мяжу, патрапілі пад аўтаматны агонь і былі адарваныя ад астатняй часткі патруля. «Яны сказалі па радыё, што абкружаныя, але нічога больш не было чуваць"», - паведаміў прадстаўнік Пэнтагону Кенэт Бэкан. Натаўскія сілы разам з македонскай паліцыяй неадкладна пачалі пошукі і ажыцьцявілі высадку верталётаў з адмысловымі сэнсарнымі датчыкамі. Але нягледзячы на тое, што пошукі працягваліся каля 12 гадзінаў, пехацінцаў не ўдалося знайсьці. Сёньня раніцай сэрбскае тэлебачаньне паказала кадры, якія паказваць знаходжаньне ў палоне гэтых трох амэрыканскіх вайскоўцаў. Вось што заявіў з гэтай нагоды прэсавы сакратар НАТО Дэймі Шэй: «Кіраўнік брытанскага МЗС Робін Кук падкрэсьліў, што адказнасьць за лёс і здароўе трох амэрыканскіх салдатаў ляжыць пэрсанальна на прэзыдэнце Югаславіі Слабадане Мілошавічы».

Кіраўнікі НАТО заяўляюць сёньня, што вайсковая апэрацыя супраць Югаславіі набірае сілу, уступаючы ў сваю наступную фазу. Учора падчас налётаў авіяцыі быў разбураны мост праз Дунай у горадзе Нові Сад на поўначы Сэрбіі. Таксама быў нанесены ўдар па штабу сэрбскіх спэцыяльных сілаў

Сёньня сэрбскае дзяржаўнае тэлебачаньне паказала кадры сустрэчы лідэра косаўскіх альбанцаў Ібрагіма Руговы з прэзыдэнтам Югаславіі Мілошавічам. У сюжэце сьцьвярджалася, што абодва лідэры пагадзіліся аб неабходнасьці палітычнага разьвязаньня косаўскага крызысу. На кадрах Мілошавіч і Ругова паціскаюць адзін аднаму рукі. Раней тэлебачаньне паказвала Ругову, які паведамляў, што знаходзіцца пад аховай сэрбскай паліцыі. Генэральны сакратар НАТО Хавіер Саляна выказаў сумнеў, ці Ругова дзейнічае з уласнае волі, і заявіў, што хацеў бы пачуць яго самога.

XS
SM
MD
LG